Персональная выставка Алексея Ганчука

Персональная выставка Алексея Ганчука

Сорак гадоў з фотаапаратам

Наведвальнікі нядаўна адчыненага раённага гісторыка-краязнаўчага музея ў Малых Сяхновічах знаёмяцца не толькі з яго экспанатамі, а і з персанальнай фотавыставай жабінкаўца Аляксея Ганчука. Аматары фатаграфіі папрасілі расказаць пра яго захапленне. Наш карэспандэнт сустрэўся з аўтарам.
— Фотавыстава ў правінцыі — з’ява даволі рэдкая. Даўно ведаю, Аляксей, пра твае сур’ёзныя адносіны да фатаграфіі. Але ж ты яшчэ пішаш вершы, у пачатку года выдаў паэтычны зборнік. Што ў гэтых відах творчасці першае, што другое?
— Жыву імі, бадай, аднолькава. Аднак лірычныя радкі прыходзяць у залежнасці ад настрою, стану душы. А ў фатаграфіі ёсць пастаянная патрэбнасць, ёсць жаданне “злавіць” нешта незвычайнае або прыгожае. Праўда, катастрафічна не стае часу. Дый на веласіпедзе далёка не заедзеш. Асноўная праца ў дзіцячай школе мастацтваў ды супрацоўніцтва з абласной газетай “Народная трыбуна”, па сутнасці, забіраюць амаль усе выхадныя. Для фатаграфіі застаюцца асобныя ранкі і вечары.
— На выставе бачым толькі пейзажы. Аднак жа працуеш ты і ў іншых жанрах.
— Найбольш у пейзажы. У асяродку фотааматараў гэты жанр лічыцца самым простым і даступным. На самай справе зусім не так. Каб перадаць стан прыроды, таксама трэба валодаць усімі сакрэтамі, паводле якіх будуецца здымак. Працуючы над студыйным партрэтам, аўтар сам рэгулюе святло і яго напрамак, а ў пейзажы мусіш чакаць таго ці іншага часу сутак, іншы раз нават імгнення дзеля задуманага сюжэта.
— Здымкі пераважна “вясковыя”, у іх так і адчуваеш водар вёскі, дзяцінства…
— Чалавека, што нарадзіўся і жыў пэўны час у вёсцы, гэты куточак зямлі заўжды прываблівае. Бацькоўскі край дае і натхненне, хай сабе — праз боль пра незваротную мінуўшчыну, перажыванні за будучыню вёскі.
Я і пачынаў займацца фатаграфіяй на так званай малой радзіме, хоць яна — вялікая, для душы неабдымная. Ішоў 1970-ы год. Пасля заканчэння дзевяці класаў уладкаваўся з малодшым братам на працу: у якасці падсобнікаў развозілі ганчарныя трубкі на меліярацыйных аб’ектах. З 47-ю рублямі, заробленымі ўпершыню ў жыцці, з бацькам паехалі ў Кобрын, дзе я, не ведаючы чаму, купіў фотаапарат “Змена”, які на той час каштаваў 11 рублёў 50 капеек. З яго ўсё і пачалося. Не маючы ніякіх дапаможнікаў для асвойвання фотасправы, самастойна, спробамі вучыўся праяўляць плёнку, рабіць пад чырвонымі ліхтарамі адбіткі. Дарэчы, фотавыстава прымеркавана да 40-годдзя майго захаплення.
— Як ты лічыш: цалкам сябе рэалізоўваеш як фатограф-прафесіянал?
— Раней так і было, калі працаваў фотажурналістам. Аддаў журналістыцы амаль чвэрць веку, восем гадоў — “Сельскай праўдзе”. Абставіны складваліся не на маю карысць, але фотасправы не кідаў. Узяў дзяржаўную пазыку, купіў больш-менш прафесійную тэхніку, працягваю творчую работу.
— Цяпер фотааматараў многа як ніколі. Набыў “мыльніцу”, няхай і лічбавую, націснуў на кнопку — і здымак у камп’ютары. А то і мабільным тэлефонам зняў, зноў жа кінуў у камп’ютар. Гэта добра ці дрэнна?
— Добра, бо мала затрат і вялікая эканомія часу. Дрэнна, бо калі няма ведаў — няма магчымасці займацца творчасцю. Згадваю вучобу на кінафотафакультэце Маскоўскага завочнага ўніверсітэта мастацтваў. Адзін з вопытных фотамайстроў казаў: як бы ні ўдасканальвалася тэхніка, яна ніколі не ператворыць аматара, у якога няма ўласнага бачання свету праз акуляр фотаапарата, у прафесіянала. Таму, чытаючы аб’яўкі накшталт “Прафесійныя фотаздымкі!” — мне робіцца смешна. З сучасных фатографаў мала хто ведае, напрыклад, прызначэнне дыяфрагмы, нават і не чуў пра “лініі залатога сячэння”. Ужо не кажу пра пабудову кадра, яго раўнавагу, глыбіню, рух, тым болей пра значэнне колераў. З тэхнічнай якасцю пагаджаюся, але ў плоскіх партрэтах прафесіяналізму няма. І яшчэ. Стварэнне “карцінак”, што скрозь бачыш у новым стагоддзі, стала сферай салонаў і рэкламы, але не мастацтва. Я ж працую з прасторай, з рэальнасцю. Прытрымліваюся старых, выпрабаваных часам жанраў.
— Ці думаеш ужо пра новую выставу?
— На бліжэйшую перспектыву планую прапанаваць гледачу тэматычную фотавыставу, дзе галоўны герой — жанчына. Новыя работы змогуць паглядзець усе аматары фота, акрамя дзяцей… Хутчэй за ўсё выстава будзе платная, каб збольшага акупіць выдаткі. Зрэшты, яшчэ рана гаварыць — задуму здзейсніць трэба.

Гутарыў А.КАСКО.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top