Отчеты и выборы в сельхозорганизациях

Отчеты и выборы в сельхозорганизациях

У Падлескім сельскім Доме культуры на справаздачным сходзе не было вольных месцаў, і некаторым работнікам СВК “Падлессе-АГРА” нават давялося стаяць. Мяркуючы па тым, як уважліва слухалі даклады выступоўцаў, людзям не абыякавы справы гаспадаркі.
— Асноўны абагульняючы паказчык, які характарызуе работу сельгаспрадпрыемства — вытворчасць валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах, — гаварыў старшыня Васіль Паўлавіч Гулько. — За мінулы год яна склала 5,8 млрд. руб., у тым ліку жывёлагадоўчай — 3,3 млрд. руб., раслінаводчай — 2,5 млрд. руб. Рост яе да ўзроўню папярэдняга года склаў 12,6%. Прагнозны паказчык росту валавой прадукцыі выкананы на 102,4%.
Галоўнае багацце кааператыву, вядома, зямля. У СВК “Падлессе-АГРА” налічваецца 3113 гектараў сельгасугоддзяў, з якіх 2226 — пашы. Аднак, тут паміж паняццем “колькасць” нельга паставіць знак роўнасці, бо бал пашы зусім нізкі — усяго 30,2. Эканамісты падлічылі, што натуральная ўрадлівасць падлескіх земляў дазваляе атрымліваць з кожнага гектара 15 цэнтнераў збожжа, а ўраджайнасці ў 32,1 цэнтнера з гектара дабіліся дзякуючы ўнесеным ўгнаенням. Парадаваў летась піваварны ячмень — сабрана 38 цэнтнераў на круг. Клопату з ім многа, аднак тона ў два разы даражэйшая, чым фуражнага: адсюль і выручка ад продажу — 187 мільёнаў рублёў пры рэнтабельнасці 54,5%.
Выгадны з пункту гледжання кошту і рапс. Аднак летась ён сябе не апраўдаў. Намалацілі ўсяго 7,8 цэнтнера з гектара, і “прынёс” не прыбыткі, а 49 мільёнаў рублёў страт. Рэалізавана толькі 95 тон яго пры плане 200. Гаспадарка недаатрымала 66 мільёнаў рублёў, а жывёла — багаты бялком жмых. Галоўны аграном гаспадаркі Анатоль Мікалаевіч Касцюковіч у сваім выступленні не стаў усё “спісваць” на ўмовы падвор’я, таму што замест засеяных 180 гектараў давялося ўбіраць толькі 133, прызнаў упушчэнні ў рабоце агранамічнай службы: сяўба была зрэджаная, норму высеву не павялічылі. Адсюль і вынікі.
Не парадавалі летась і цукровыя буракі. Ураджайнасць іх склала 337 цэнтнераў з гектара (ніжэй сярэднераённага паказчыка) і накапана 2732 тоны пры плане 3400. Зноў такі недаатрымана 50 мільёнаў рублёў. На бягучы год пастаўлена задача накапаць 5800 тон салодкіх карэнняў. Можа, ёсць сэнс больш увагі надаць, скажам, той жа бульбе? Летась яна аддзячыла за клопат неблагім ураджаем — 276 цэнтнераў з гектара (сярэднераённы паказчык — 180 ц/га).
Няблага летась была пастаўлена работа з нарыхтоўкай кармоў. На адну ўмоўную галаву было назапашана 26,9 цк.адз. травяністых кармоў. У жывёлагадоўчай галіне, як і ў раслінаводчай, у апошнія гады таксама, хаця і марудней, павялічваюцца аб’ёмы вытворчасці. Не выключэнне і мінулы год. Ад рэалізацыі малака атрымалі выручкі 1,9 мільярда рублёў, пры рэнтабельнасці 28,3% і ад мяса 1,1 мільярда рублёў.
— Надоена ад каровы летась 5944 кг (у раёне 5216), што на 175 кг больш, чым у папярэднім — расказвала на сходзе галоўны заатэхнік Тамара Уладзіміраўна Кузьміч. — Дзяржаве прадалі 2805 тон малака, што на 294 тоны больш, чым у 2008 годзе. На ферме “Дзяменічы” павялічылася вытворчасць малака на 253 тоны, або на 30,2%, а на ферме “Падлессе” — на 97 тон, або 5,1%. Здавалася б, трэба радавацца. Аднак, дасягнутыя вынікі маглі б быць значна вышэйшымі, а страты — ніжэйшымі. Так, напрыклад, летам не хапала пастухоў на ферме “Падлессе”, таму выпасалася жывёла з перабоямі, а патрабуемы франтальны выпас увогуле не быў арганізаваны. На пашах, бедных бабовымі, “вялікага” малака не атрымаеш, дый здадзена яго ўсяго 32,5% вышэйшым гатункам. Адкуль такая лічба? Адтуль, з поля, калі летам падчас дойкі малако доўга стаіць у флягах і не своечасова ахалоджваецца. Страты ад рэалізацыі малака нізкім гатункам склалі 119 мільёнаў рублёў, а гэта больш чым месячная зарплата работнікаў! Занадта многа ідзе малака на выпойванне цялятам — ажно 10% ад надоенага (398 кг пры норме 350). Розніцца быццам і не вялікая, аднак у касу гаспадаркі не паступіла дадаткова 24 мільёны рублёў.
Не ўсё гладка з вырошчваннем ялавічыны. План рэалізацыі мяса выкананы на 106,9%, аднак пры сярэднесутачных прыбаўленнях у вазе на дарошчванні і адкорме ў 641 грам сабекошт аднаго кілаграму павагаў застаецца дастаткова дарагім — 4949 рублёў. Прычыну нізкіх прыбаўленняў жывёлы ў вазе Т.В.Кузьміч бачыць у рацыёне кармлення (мала бялку і зусім няма бялкова-вітамінных дабавак у “меню” цялят) і ўмовах утрымання жывёлы (вялікая скучанасць маладняку, асабліва зімой, нясвоечасова выдаляецца гной). “Каб усе жывёлаводы падыходзілі да працы з адказнасцю, як гэта робяць цялятніцы Ніна Фёдараўна Міцкевіч і Ірына Іванаўна Сянькевіч, дык скаціна папраўлялася б значна лепш, і такога паморку (фактычна кожнае чацвёртае цялятка загінула або нарадзілася мёртвым, гаспадарка не ведала б)”, — зазначыла галоўны заатэхнік. Выхад з гэтай сітуацыі яна бачыць адзін — неабходна будаваць дадатковыя памяшканні, арганізоўваць дыферэнцыраванае кармленне для кароў і рамонтнага статку.
Старшыня прафсаюзнага камітэта Мікалай Уладзіміравіч Зельман пазнаёміў з актам праверкі выканання калектыўнага дагавору паміж праўленнем сельгаскааператыву і прафкамам гаспадаркі (ён ўтрымлівае 16 раздзелаў), а таксама са змяненнямі і дапаўненнямі, якія сёлета ўнесены ў яго.
На сходзе шмат і цёпла гаварылі пра лепшых людзей, сапраўдных майстроў сваёй справы, перадавікоў вытворчасці. У і ліку даяркі Я.В.Мухіна, Ж.І.Дзенісевіч, М.С.Пузік, Л.К.Славінская, С.У.Кірылюк, Л.Ф.Кавальчук, А.С.Шастачук, Н.М.Конюх, Т.А.Конюх, вадзіцелі А.А.Пясецкі, А.М.Марыніч, механізатары І.Ф.Дзянішчыч, А.А.Бобрык, Д.С.Калыбскі, даглядчыкі маладняку Т.Г.Кацэвіч, С.Ф.Амельянюк, Л.М.Крывалевіч, І.М.Конюх, В.У.Лісоўскі. Віншаванні і грашовыя прэміі атрымалі таксама і маладыя спецыялісты А.Ю.Пулік, І.М.Кушчанкова, Т.І.Кузнец, Н.Ф.Ляшко.
Задачы на бягучы год В.П.Гулько акрэсліў так: павялічыць вытворчасць валавой прадукцыі на 12-14%, надаіць ад кожнай каровы 6200 кг, прадаць мяса дзяржаве 330 тон, пабудаваць малочнатаварную ферму на 450 галоў, сабраць 5000 тон збожжа пры ўраджайнасці 36 ц/га і 400 тон рапсу, павялічыць заробак работнікам да 280 долараў. Планы рэальныя, бо рэзервы яшчэ не ўсе вычарпаныя. У рабоце справаздачнага сходу прыняў удзел і падвёў вынікі яго старшыня райвыканкама М.В.Токар.
С.КІСЛАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top