Детский сад №5 «Светлячок»

Детский сад №5 «Светлячок»

У “Светлячку” сапраўды светла ўсім

Усё пачынаецца з усмешкі і майстэрства педагога, лічыць загадчыца ясляў-сада №5 г.Жабінка Святлана Цімафееўна Лава. З ёю згодныя бацькі выхаванцаў.
Садзік пад нумарам пяць месціцца ў горадзе на вуліцы Свабоды і працуе з кастрычніка 1974 года. За гэты час калектыў падрыхтаваў да школы больш чым паўтары тысячы дзяцей, некаторыя былыя выхаванцы цяпер ужо мамы і таты, бабулі і дзядулі, прыводзяць сюды сваіх нашчадкаў. У садзіку па-хатняму ўтульна. У многім гэта заслуга загадчыцы С.Т.Лавы, пад чыім кіраўніцтвам калектыў працуе ужо 21 год. Паступова мяняецца інтэр’ер пакояў, якія набываюць больш сучасны дызайн, камфортнасць: пастаўлены новыя шклопакеты, дзверы, зроблены капітальны рамонт пральні, завяршаецца абнаўленне музычна-фізкультурнай залы, сістэмы ацяплення.
—Канечне, хацелася б абнавіць фасад будынка, асфальтавае пакрыццё, абсталяванне гульнёвых участкаў,—расказвае загадчыца садзіка С.Лава. —Сумесна з аддзелам адукацыі палепшана матэрыяльна-тэхнічная база. Так, летась набыта тэхналагічнае  абсталяванне для харчблоку, абноўлены асобныя пакоі, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі бавяць свой вольны час. На бягучы рамонт было патрачана каля 112 млн.200 тысяч рублёў.
За час работы дашкольнай установы змянілася не адно пакаленне дзяцей, прыйшлі новыя педагогі, але юныя жабінкаўцы і іх здароўе заўсёды заставаліся ў цэнтры ўвагі. Калектыў сада стараецца захаваць лепшыя традыцыі і творча развівацца далей. У “Светлячку”, сапраўды, рады бачыць дзяцей і іх бацькоў.
— Калектыў у нас дружны і творчы, выпадковых працаўніц няма, — адзначыла намеснік загадчыка ў асноўнай дзейнасці Святлана Раманчук. — Многія працуюць у садзіку не адзін дзясятак гадоў. Нават пры выхадзе на пенсію не спяшаюцца расставацца з калектывам. Напрыклад, Надзея Фёдараўна Грыцук працавала выхавальніцай групы ранняга ўзросту, пяць гадоў назад перайшла ў пральню. Аксана Віктараўна Барысюк працуе выхавальніцай, а калісьці сама была выхаванкай “Светлячка”. Каля трох дзясяткаў гадоў выхоўвала маленькіх жабінкаўцаў Ларыса Рыгораўна Вайтовіч. Сюды хадзілі яе дачка Света і ўнук Косцік. Пазней Святлана Паўлаўна, як і матуля, набыла прафесію выхавальніцы і вось ужо звыш двух дзясяткаў гадоў працуе тут. Яна ўдзельніца фіналу раённага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог года 2011”, пераможца ў намінацыі “Сэрца аддаю дзецям”.
Ёсць яшчэ адна цікавая працоўная дынастыя:Надзея Пятроўна Волк 20 гадоў працавала памочнікам выхавальніцы, яе дачка Таццяна Міхайлаўна Давідзюк — выхавальніца групы ранняга ўзросту, дочкі Таццяны Людміла і Марына— таксама тут працуюць.
— У большасці педагогаў вышэйшая адукацыя, — тлумачыць загадчыца Святлана Цімафееўна. — Адукацыйны працэс ажыццяўляюць 14 педагогаў, якія ўмеюць знайсці падыход да кожнага дзіцяці, усе мерапрыемствы, праводзімыя у нас, ператвараюцца ў чароўнае свята для малых. Моладзі таксама ёсць у каго павучыцца і з каго браць прыклад.
Сапраўды так. 25 гадоў музычны кіраўнік Іна Мікалаеўна Лагота далучае малых выхаванцаў да музыкі, яна сапраўдны творца, піша цікавыя сцэнарыі святаў і забаўляльных мерапрыемстваў, з’яўляецца кіраўніком тэатральна-музычнага гуртка “Праменьчык”.
Педагогі сада актыўна выкарыстоўваюць інавацыйныя методыкі, у прыватнасці, элементы тэхналогіі ТРЫЗ, якія накіраваны на развіццё творчасці, мыслення і мовы дзяцей; ранняга навучання пісьменнасці паводле Н.Зайцава; мадэліравання ў розных відах дзіцячай дзейнасці. Цікавыя зместам праводзяць заняткі Алена Паўлаўна Самасюк, Святлана Паўлаўна Іванюк, Наталля Васільеўна Мартынчук, Святлана Сцяпанаўна Сасноўская, Святлана Уладзіміраўна Дарафеева і іншыя. Можна назваць такія формы, як клубы, заняткі, гутаркі “Аматары прыроды” і “Каралеўства гукаў”. На базе груп “Званочак” і “Вітамінка” рэалізуецца інавацыйны праект выхавання гуманнай і маральна здаровай асобы. Абагульнены перадавы вопыт работы з хлопчыкамі і дзяўчынкамі выхавальніцы А.П.Самасюк у тэме “Знаёмства з родным горадам” як сродак патрыятычнага выхавання. Трэба сказаць, ва ўсіх групах імкнуцца да спрыяльнага псіхалагічнага мікраклімату. На дапамогу ім прыходзяць музыка- і казкатэрапія, рэлаксацыйныя гульні, псіхалагічная гімнастыка. Эмацыянальная разрадка дасягаецца з дапамогай мімічных практыкаванняў, калі малыя прыкідваюцца снегавіком, які растае, ці злосным коцікам. Дома навучаюць бацькоў расслабляцца пасля працоўнага дня. Аказваюць у садзіку і дадатковыя адукацыйныя паслугі. Сёлета тут працуюць на платнай аснове гурткі падрыхтоўкі малых да школы “Пазнайка”, тэатральна-музычны “Праменьчык”, ранняга навучання пісьменнасці “Чытайка”, да чытання “Букварык”, рытмічнага танца “Непаседы”. Словам, гуртковай справай ахоплена 48,3 працэнта ўсіх дзяцей.
Вялікая ўвага надаецца экалагічнаму выхаванню дашкольнікаў, азнаямленню іх з прыродай, асэнсаванню правільных адносін да яе. У групах ёсць куткі прыроды, дзе жывуць хвалевы папугай, папугай Карэла, хамячкі, белыя пацучкі, дэкаратыўныя трусы, чарапахі, рыбы. Веды пры зносінах дзіцяці з прыродай дапамагаюць яму зразумець паводзіны жывёл, стан раслін, правільна іх ацаніць. Адбываецца ўсё гэта на занятках, экскурсіях, мэтавых прагулках у паўсядзённым жыцці (у працы, вопытах, назіраннях, гульнях на ўчастку і ў кутку прыроды). — Бацькі — нашы партнёры, — працягвае С.С.Раманчук. — Яны заўсёды гатовыя дапамагчы, з задавальненнем удзельнічаюць у розных мерапрыемствах, з імі лёгка працаваць. Рэгулярна праводзяцца бацькоўскія сходы, дзе абмяркоўваюцца па найбольш актуальныя тэмы выхавання і навучання, асноўныя праблемы пры падрыхтоўцы да школы. Гэтага дабіваемся дзякуючы дзелавым гульням, тэстам, трэнінгам, гутаркам, спартландыям, пазнаваўча-інтэлектуальным гульням, праблемным семінарам, сумесным сустрэчам педагогаў, дзяцей і бацькоў.
— Так, з бацькамі мы стараемся падтрымліваць сяброўскія і давяральныя адносіны, — пагаджаецца загадчыца. — Словам, з імі ў нас дзелавое супрацоўніцтва. Але многае залежыць ад выхавальніка. Калі ён чалавек зацікаўлены, дык гэта перадаецца і бацькам. Цікавыя метады прымяняюцца ў рабоце, розныя прыёмы і сродкі. Для нас узаемадзеянне да школьнай установы і сям’і — прыярытэтны напрамак работы.

Л.ПЕНДЗІКОЎСКАЯ, наш няшт.кар.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top