Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
У першы клас Танечка Неўда пайшла ў першую школу. У краіну ведаў яе павяла Надзея Мікалаеўна Лук’янюк. Дзяўчынка была дапытлівай і цікаўнай, ёй падабалася вучыцца. Яна назірала за сваёй настаўніцай і марыла, што пасля школы таксама стане педагогам і будзе, як Надзея Мікалаеўна, вучыць малых чытаць і пісаць. А потым Таню захапіў незвычайны свет рускай мовы і літаратуры, якую выкладалі спачатку ў сярэдняй ступені Валянціна Афанасьеўна Талокіна, а потым у старэйшых класах – Валерыя Міхайлаўна Галаўчынер. Дзяўчыну не пакінула мара стаць педагогам, толькі цяпер яна хацела паступаць на філалагічны факультэт.
Пасля заканчэння ў 1990 годзе трэцяй гарадской школы Таццяна павезла дакументы ў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна, дзе абрала рускую філалогію. Паспяхова здала ўступныя экзамены, але… Не прайшла па конкурсе (тады прахадны бал быў даволі высокім). Дзяўчына не разгубілася, дадому вярнулася з думкамі паступаць на наступны год. Гэты час патрэбна было дзесьці працаваць. Таццяне прапанавалі месца лабаранта ў кабінеце хіміі ў Хмелеўскай школе. Менавіта там яна пачала сваю працоўную дзейнасць, але затрымалася ненадоўга. Праз чатыры месяцы тагачасны дырэктар першай гарадской школы Мікалай Сямёнавіч Міцковіч запрасіў дзяўчыну ва ўстанову на пасаду піянерскай важатай. Таццяна з задавальненнем пагадзілася і пачала працаваць у сваёй роднай школе. З тае пары яе прафесійная дзейнасць была звязана толькі з сярэдняй школай № 1, дзе рупілася піянерважатай, выхавальнікам групы падоўжанага дня, вяла гадзіны рускай мовы і літаратуры. За той час і ў асабістым жыцці шмат чаго адбылося. Завочна скончыла філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Стварыла сям’ю: выйшла замуж за свайго аднакласніка Сашу Казея і нарадзіла двух сыноў – Максіма і Дзіму.
З 1 кастрычніка 2005 года Таццяна Віктараўна займае пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце і выкладае любімы прадмет. Як прызналася сама, у сярэдняй ступені перавагу аддае гульнёвым тэхналогіям, рыхтуе для вучняў рознаўзроўневыя заданні, на ўроках у старшакласнікаў (11 клас давялося пакуль выпусціць толькі адзін раз) выкарыстоўвае тэхналогію крытычнага мыслення, ідзе падрыхтоўка да ЦТ. Лічыць, што выкладанне прадмета дае магчымаць не губляць набыты вопыт і прафесіяналізм, павышаць кваліфікацыйную катэгорыю настаўніка, якой няма ў намеснікаў.
У размове Таццяна Віктараўна больш падрабязна спынілася на сваёй рабоце намесніка дырэктара. Яна цесна ўзаемазвязана з класнымі кіраўнікамі, педагогам-арганізатарам, спецыялістамі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, бібліятэкарам, кіраўнікамі фізічнага выхавання, педагогамі дадатковай адукацыі. Уся выхаваўчая работа ва ўстанове будуецца на аснове Канцэпцыі і Праграмы неперарыўнага выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама ў адпаведнасці з гадавым планам выхаваўчай работы. Асноўныя яе накірункі – ідэалагічнае, грамадзянска-патрыятычнае, прававое, гендарнае і сямейнае, працоўнае і прафесіянальнае выхаванне, а таксама фарміраванне здаровага ладу жыцця і бяспечных паводзінаў, экалагічная культура.
Таццяна Віктараўна расказала пра тыя акцыі і мерапрыемствы, што традыцыйна ладзяцца ва ўстанове і ў якіх школьнікі прымаюць актыўны ўдзел: патрыятычныя, накіраваныя на прапаганду здаровага ладу жыцця, дабрачынныя і іншыя.
У школе праходзяць месячнікі прававых ведаў, патрыятычнага выхавання, здаровага ладу жыцця. Яны ладзяцца сумесна з раённымі службамі і арганізацыямі: ГА “БРСМ”, РАНС, РАУС, ДАІ, Дэпартаментам аховы, ЦРБ, раённай і дзіцячай бібліятэкамі, праваслаўнай царквою і многімі іншымі.
Вялікая ўвага надаецца прафарыентацыі: праходзіць тыдзень “Кім быць?”, дзевяцікласнікі наведваюць аб’яднанне па інтарэсах “Мая прафесійная будучыня”, у школу прыязджаюць прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай, сярэднеспецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі вобласці, расказваюць пра тыя прафесіі, якія магчыма там атрымаць, умовы паступлення. Летась на базе школы прайшлі два семінары – абласны і рэспубліканскі– з удзелам прафесійна-тэхнічных устаноў Брэстчыны і паказам майстар-класаў.
Традыцыйна ва ўстанове праходзяць урачыстыя лінейкі, вечары сустрэчы з выпускнікамі, прыём у шэрагі ГА “БРСМ” і ГА “БРПА”, у акцябраты. Вучні наведваюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, нясуць ганаровую варту ля помніка загінулым воінам і партызанам у Дзень Перамогі, падчас жалобнага мітынгу ля кургана спаленай вёскі Драмлёва. Кожную другую суботу месяца праводзяцца Дні здароўя. Школьнікі ўдзельнічаюць у спартландыях і спаборніцтвах па гульнёвых відах спорту.
Вучні першай школы шмат падарожнічаюць і ездзяць на экскурсіі. Накірункі розныя: Мір, Нясвіж, Брэсцкая крэпасць, Белавежская пушча, Ружанскі замак, Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава, Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, Зала алімпійскай славы ў Брэсце, музей займальных навук “Квантум” у сталіцы і многія іншыя.
У шосты школьны дзень ва ўстанове працуюць 14 факультатываў, 11 аб’яднанняў па інтарэсах (усяго іх у школе 32), чатыры платныя групы для дашкольнікаў, праводзяцца кансультацыі для бацькоў і вучняў. Навучэнцы ўдзельнічаюць у школьных, раённых і абласных мерапрыемствах, спартыўных спаборніцтвах, экскурсіях і паходах. Летась установу ў шосты школьны дзень наведаў міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка. Ён высока ацаніў работу педагагічнага калектыву першай адзінаццацігодкі. Вопыт установы па арганізацыі шостага школьнага дня быў размешчаны на сайце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Падчас размовы Таццяна Віктараўна ўспомніла той час, калі яе назначалі намеснікам: хвалявалася, ці справіцца – пасада адказная. Але перажыванні былі дарэмнымі. З першых дзён адчула падтрымку адміністрацыі: дырэктара Міхаіла Пятровіча Савянкова, тагачасных намеснікаў Надзеі Мікалаеўны Лук’янюк і Марыі Іванаўны Гаркалюк, падтрымку адміністрацыі адчувае і зараз. “У дружным, зладжаным калектыве лёгка працаваць, – кажа мая суразмоўніца. – Мы разумеем адзін аднаго, дапамагаем, любая справа тады па плячы, калі ёсць узаемападтрымка. Важна, калі побач з табою не абыякавыя людзі, а аднадумцы і прафесіяналы, якія перажываюць за вынік агульнай справы і ўносяць у яе свой уклад. Мае калегі менавіта такія. Падтрымалі мяне і тады, як збіралася ў сталіцу на жнівеньскі Рэспубліканскі педсавет у складзе дэлегацыі ад нашага раёна, дзе выступіла па тэме “Сістэма арганізацыі шостага школьнага дня з улікам прафесіянальных запытаў сучасных выпускнікоў”. Пачула сваіх калег, якія ў фармаце адкрытага мікрафона дзяліліся меркаваннямі і вопытам па многіх пытаннях. Лічу, што пашчасціла пабываць на такім форуме, адкуль вярнулася з незабыўнымі ўражаннямі, натхнёная новымі ідэямі, якія імкнуся ўкараняць у сваёй рабоце”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%