Гутарыла Святлана БЯЛЯК.
Трэцякласнік другой гарадской школы Мікалай Кунашка паспрабаваў “абуць” свой любімы школьны прадмет – матэматыку – у зручны абутак – красоўкі. Эксперымент, на думку хлапчука, аказаўся ўдалым. Свае меркаванні на гэты конт ён выказаў на раённай навуковай практычнай канферэнцыі. Юны даследчык аказаўся лепшым сярод малодшых прэтэндэнтаў на званне пераможцы. Хаця, няхай Мікалай сам усё раскажа.
– Коля, якім чынам ты спалучыў матэматыку і спорт? Што цябе натхніла на выбар менавіта гэтай тэмы для ўдзелу ў навукова-практычнай канферэнцыі?
– Пачну з таго, што я – чалавек спартыўны. Займаюся плаваннем у спартыўным комплексе “Бадзёрасць”, гуляю ў футбол, бегаю, катаюся на лыжах. Таксама вучуся ў трох школах: агульна-адукацыйнай, музычнай па класе гітары і нядзельнай. Заўважыў, што многія мае аднакласнікі не займаюцца спортам – “завісаюць” у тэлефонах, планшэтах і камп’ютарах, лянуюцца нават выйсці ў двор пазабаўляцца, у футбол пагуляць. Мой любімы школьны прадмет – матэматыка. Яна – навука дакладная і, на мой погляд, вельмі любіць спорт. Мая настаўніца Ларыса Віктараўна Філіманюк часта на ўроках называе тэрміны, якія сустракаюцца ў спорце. Напрыклад, у плаванні можна ўзгадаць такія ж матэматычныя паняцці, як форма, аб’ём, даўжыня, шырыня, хуткасць, тэмпература вады, час.
У гандболе таксама ёсць лік, час, хуткасць, сіла ўдару, памер пляцоўкі і мяча. Я люблю гандбол, бо разам з мамай часта езджу ў Брэст падтрымаць гандбольны клуб. Таксама люблю глядзець біятлон, усёй сям’ёй “хварэем” за нашу Дар’ю Домрачаву. Дык вось, і ў біятлоне трапляюцца матэматычныя тэрміны: хуткасць, час, адлегласць, маса, трапнасць пры выстрале ў мішэнь. Тое ж самае можна сказаць і пра іншыя віды спорту. Ім без матэматыкі не абысціся! Увогуле, мне давялося прачытаць шмат кніг пра спорт і матэматыку, каб падрыхтавацца да канферэнцыі. Было вельмі цікава і пазнавальна. Мама і настаўніца дапамаглі ўсё правільна аформіць.
– Наколькі мне вядома, разам з аднакласнікамі ты прыдумаў новыя матэматычныя забавы?
– Так. Калі ўважліва пачытаць падручнікі для малодшых школьнікаў, задач пра спорт у іх вельмі мала. Таму мы ўсім класам прыдумвалі свае і назвалі іх “Матэматыка ў красоўках”. Задачы нас так захапілі, што ператварыліся ў дзве гульні – “Матэматычнае лато” і “Гонка за лідарам”.
– А як адчуваў сябе юны даследчык перад журы падчас навукова-практычнай канферэнцыі?
– Шчыра кажучы, вельмі хваляваўся. У нашай падгрупе было 8 удзельнікаў, і я выступаў пад нумарам 7. Было цікава паслухаць, як іншыя дзеці расказвалі пра жудасы, каратэ, восьмы цуд свету, паходжанне назвы вёскі Азяты, старадаўнія меры вымярэння. Ну а я звязаў матэматыку і спорт.
Толькі трывалыя веды ў матэматыцы дапамогуць дасягнуць вышыняў у спорце. Лік у гульні, рытм у танцы, даўжыня і вышыня скачка, хуткасць бегуна – усё гэта лічбы, ма-тэ-ма-ты-ка!
І калі журы аб’явіла менавіта мяне пераможцам, радасці не было межаў. Мая настаўніца, мама, аднакласнікі віншавалі з перамогай, за што ім вялікі дзякуй.
– Мікалай, у трэцім класе – гэта твая першая сур’ёзная заяўка на званне юнага навукоўца. У будучым годзе будзеш удзельнічаць у канферэнцыі?
– Хацелася б. Мне спадабалася абараняць гонар класа і школы.
– Што ж, поспехаў табе!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%