Дар’я НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
На мінулым тыдні супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях разам з работнікамі гарадскога Дома культуры арганізавалі для школьнікаў цікавую сустрэчу.
У актавую залу ГДК са сваімі класнымі кіраўнікамі завіталі другакласнікі трэцяй адзінаццацігодкі і вучні 4 “А” другой школы. Навучэнцаў сустрэлі прадстаўнікі Жабінкаўскага РАНС: Алег Бутрым, Андрэй Харламянкоў, Аляксандр Батуля і Ганна Усцьянчык. Спачатку хлопчыкі і дзяўчынкі падчас гульні прадэманстравалі добрае веданне правілаў пажарнай бяспекі. Потым адказалі на мудрагелістыя загадкі і атрымалі за гэта прызы. Пасля цікавых выпрабаванняў школьнікаў чакала тэматычная пастаноўка, якая нагадала юным гледачам пра асцярожнасць пры абыходжанні з агнём.
Дзеці апынуліся ў казачным царстве і пазнаёміліся з добрым Іванам, разам з якім адправіліся ў доўгае падарожжа. Падчас яго герою патрэбна было адшукаць і прыручыць агонь. Нягледзячы на перашкоды і хітрасці бабулі Дымавухі, Ваня змог выканаць няпростае заданне і пасябраваць з гэтай стыхіяй. Спектакль падрыхтавалі наведвальнікі тэатральнай студыі “Экспромт” пад кіраўніцтвам Яны Макасюк, прыняў удзел у казачным дзействе і Вячаслаў Фядотаў. Ад супрацоўнікаў аддзела па надзвычайных сітуацыях юныя артысты атрымалі невялікія падарункі.
На вуліцы гледачоў чакалі прадстаўнікі РАНС Аляксандр Галаванчук і Мікалай Германовіч. Яны пазнаёмілі хлопчыкаў і дзяўчынак з пажарнай тэхнікай, адказалі на пытанні маленькіх “чамучак”. Упэўнена, што гэта запамінальная сустрэча падаравала дзецям новыя веды і цікавыя адкрыцці.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%