Іх аб’ядналі вера і музыка

Алёна НІКАНЧУК.
Фота з сямейнага архіва.

Алена

Родам з Хмелева. Тут скончыла адзінаццацігодку. Акрамя атэстата аб сярэдняй адукацыі дзяўчына мела і пасведчанне аб заканчэнні музычнай школы. Дзеля гэтага на працягу пяці гадоў ездзіла ў райцэнтр і асвойвала ігру на баяне пад кіраўніцтвам Мікалая Зіноўева. Свет музыкі паланіў Алену, і яна вырашыла прадоўжыць адукацыю ў гэтым накірунку – паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Рыгора Шырмы, дзе ўдасканальвала выканаўчае майстэрства на інструменце. Пасля вучобы паводле размеркавання вярнулася на малую радзіму і пачала сваю працоўную дзейнасць у якасці педагога па класе баяна ў Жабінкаўскай дзіцячай школе мастацтваў. Малады спецыяліст навучала юных выхаванцаў і сама вучылася завочна ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Музыка і спевы. Сацыяльная педагогіка”.
Яшчэ падчас вучобы ў каледжы Алена пачала актыўна наведваць Брэсцкі Свята-Сімяонаўскі кафедральны сабор, дзе потым спявала на клірасе. Вялікі ўплыў на светапогляд дзяўчыны, пераацэнку жыццёвых каштоўнасцей аказала знаёмства з веруючай жанчынай – сястрой Верай, якая прыязджала ў горад над Бугам са сталіцы з місіянерскай дзейнасцю – сустракалася з матулямі, дзеткі якіх хварэлі на анкалогію. Тады ж Алена пачала здзяйсняць паломніцкія паездкі. Першая была ў Кіеў – як падарунак на 20-годдзе, затым некалькі разоў ездзіла ў Пачаеў. Вярталася з іх і адчувала ачышчэнне і супакаенне.
З 2004 года Алена пачала спяваць на клірасе Свята-Пакроўскага храма ў Жабінцы, рэгентам царкоўнага хору тады была Таццяна Янчук, якая таксама выкладала ў школе мастацтваў. Менавіта яна стаяла ля вытокаў стварэння з ліку педагогаў ансамбля “Натхненне”, які выконваў царкоўныя песнапенні. Таццяна Мікалаеўна бачыла, што ў калектыве не атрымліваецца чатырохгалосся, і тады яна запрасіла ў яго склад Юрыя Янюка, які таксама спяваў на клірасе Свята-Пакроўскага храма і “панамарыў”. Царкоўныя песнапенні зблізілі маладых людзей.

Юрый

Вучыўся ў другой гарадской школе і марыў паступіць у музычную ў клас фартэпіяна. Пасля іспытаў Юрыю прапанавалі іншы інструмент – баян, але ён не пагадзіўся і для сябе вырашыў: калі не чорна-белыя клавішы, то шасціструнка – і стаў самастойна асвойваць гітару. А яшчэ хлопцу вельмі падабаліся барабаны. Яго жыццё змянілася, калі мама ўсё ж выканала сынаву просьбу і купіла Юру барабанную ўстаноўку. Ён мог іграць суткамі, бывала, што і заняткі прапускаў. У школе ў той час існаваў ансамбль з ліку старшакласнікаў, які меў поспех і сваіх прыхільнікаў. На барабанах у ім іграў Юра Янюк. Юнак увесь час удасканальваў сваё майстэрства: ездзіў у Брэст і браў прыватныя ўрокі, шмат займаўся самастойна.
Пасля школы ён паступіў у Кобрынскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 102, дзе атрымаў спецыяльнасць токара. Затым хлопца прызвалі ў армію, служыў у Брэсце. І там яго музычныя здольнасці не засталіся незаўважанымі: Юрый іграў у аркестры. Пасля войска ён уладкаваўся слесарам на цукровы завод і ў гэты час пазнаёміўся з Аленай. Яны разам спявалі ў царкоўным хоры, сустракаліся на рэпетыцыях і выступленнях “Натхнення”. Юрый дасюль удзячны Таццяне Янчук, якая навучыла яго музычнай грамаце і спевам. А калі Алене спатрэбілася дапамога ў вывучэнні правілаў дарожнага руху і ў адпрацоўцы навыкаў ваджэння аўтамабіля (яна вучылася ў аўташколе), то звярнулася па дапамогу да Юрыя, які толькі што атрымаў іх. Хлопец з задавальненнем тлумачыў і падказваў незразумелае.

Сям’я

Пасля Вялікага паста айцец Серафім блаславіў маладых людзей на сямейны шлях. Вянчаліся Алена і Юрый 17 ліпеня 2005 года ў храме-капліцы ў гонар Чанстахоўскай іконы Божай Маці ў Хмелеве. Праз год у сям’і нарадзіўся першынец – сын Дзмітрый. А калі Дзімку споўнілася тры, сваім з’яўленнем на свет парадавала бацькоў дачушка Кацярынка. Тады ж паўстала пытанне аб расшырэнні жылля: сям’я жыла ў невялікай двухпакаёўцы разам з Юравым татам. Янюкі ўзялі ўчастак, атрымалі льготны крэдыт на будоўлю як маладая сям’я і пачалі ўзводзіць свой дом. Праз тры гады, калі некалькі пакояў у ім былі гатовыя, пераехалі ва ўласнае жыллё на вуліцу Касманаўтаў.
Нейкі час Юрый спрабаваў сябе як індывідуальны прадпрымальнік – займаўся будоўляй і рамонтнымі работамі. Пасля траўмы вымушаны быў развітацца з гэтай справай. Зараз ён працуе на шынамантажы. Сваё захаплене музыкай не пакінуў: іграе на барабанах у кавер-групе “БаянДай”, якая добра вядома не толькі ў нашым раёне, але і далёка за яго межамі. У двары свайго дома Юрый пабудаваў музычную студыю, дзе размясціў электронную барабанную ўстаноўку. Ён часта іграе там сам, а таксама рэпеціруе разам з сябрамі-музыкантамі. Як і раней, спявае ў царкоўным хоры.
Алена за час сваёй працы ў школе мастацтваў выпусціла восем навучэнцаў. Зараз у дэкрэтным адпачынку: летась у ліпені ў Янюкоў нарадзілася дачушка Лізавета і яны атрымалі статус шматдзетнай сям’і.
– Галоўны прынцып, з якім я выходзіла замуж – адзін раз і на ўсё жыццё, – прызнаецца Алена. – Пасля 12 гадоў шлюбу магу сказаць, што сям’я – гэта нястомная праца, у першую чаргу над сабой. Каханне патрэбна ўзрошчваць і берагчы. У жыцці часцей кіруюся дзённікам мучаніцы імператрыцы Аляксандры Фёдараўны, для якой клопат пра сям’ю быў такім жа важным, як клопат пра дзяржаву і людзей. Усё сваё жыццё, як і яе родная сястра Лізавета, прысвяціла служэнню бліжняму. Дарэчы, у гонар Лізаветы Фёдараўны мы нараклі малодшую дачушку. Маленькая Ліза – наша любіміца. Дорыць усім свае шчырыя ўсмешкі і любіць, калі яе носяць на руках. Другакласніца Кацярынка жвавая і актыўная, займаецца харэаграфіяй. Дзіма ходзіць у шосты клас. Вельмі любіць пачытаць у цішыні кнігу, паспяхова асвойвае саксафон у дзіцячай школе мастацтваў. Каця і Дзіма наведваюць нядзельную школу храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы і ўдзельнічаюць у выступленнях, што рыхтуюцца да святаў. Як бачыце, ва ўсіх траіх характары розныя.
У нядзелю і на святы Янюкі стараюцца быць у храме.
– Пасля Таццяны Янчук рэгентам царкоўнага хору стала матушка Алена, – заўважаюць мае суразмоўцы. – Яна ўдыхнула ў яго новае жыццё, памяняла склад. Цяпер кожны ведае ўсе восем гласаў і многа песнапенняў. Рэпертуар пастаянна абнаўляецца і рэгулярна праводзяцца спеўкі. Калі матушка абнавіла клірас, то айцец Сергій – царкву: і ўнутры, і звонку, і яе тэрыторыю. Але самае галоўнае, што з яго дапамогай прыхаджане сталі наводзіць парадак і ў сваіх душах. А каб у душы жыў Бог, патрэбна для яго пабудаваць храм, а гэта праца на працягу ўсяго жыцця. А без царквы з яе службамі, таінствамі, без малітвы і посту гэтага не зробіш. Вось і зараз мы чакаем надыходу Вялікага посту, пасля якога будзем адзначаць свята святаў – Вялікдзень.
За сталом у гасцінных Янюкоў часта збіраюцца шматлікія родзічы і сябры. Тады гаспадыня частуе іх сваімі фірменнымі пірагамі і тортамі. За кубачкам гарбаты абавязкова спяваюць пад гітару. У сям’і ёсць нават свой песеннік, у якім змешчаны ўласныя музычныя творы Алены. Янюкі лічаць, што менавіта вера і музыка аб’ядналі іх.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.