Іх галоўныя якасці – кампетэнтнасць, адказнасць, уважлівасць

Зарплата і адпускныя, бальнічныя і дапамогі – усе гэтыя паняцці важныя для кожнага працаўніка, спецыяліста, кіраўніка. Яны выдатна знаёмыя бухгалтарам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, якія займаюцца разлікам заработнай платы. “Пад крылом” у кожнага спецыяліста – па 300 чалавек. Акрамя таго, усім вядома, што праца з лічбамі і важнымі дзяржаўнымі справаздачамі складаная і адказная.
Як расказала галоўны бухгалтар аддзела адукацыі, спорту і турызму Ала Ярмашук, калектыў у іх зараз дружны і зладжаны. Усе работнікі групы па разліку з рабочымі і служачымі – вопытныя бухгалтары. Сама Ала Аляксееўна працуе ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму ўжо 29 гадоў. Яна скончыла Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум па спецыяльнасці “банкаўская справа”.
– Не магу нават прывесці прыклад, калі ў нас адносна спакойны перыяд, – расказвае Ала Ярмашук. – Мы працуем з людзьмі, таму да нас часта звяртаюцца з пытаннямі, просьбамі, а часам і скаргамі. Мы заўсёды шукаем спосабы вырашэння праблем, імкнёмся зразумець становішча чалавека.
– У нашай працы памылкі недапушчальныя, – дадае Ганна Карпук, кіраўнік групы. – Вядома, яны часам здараюцца. Але мы намагаемся ўсё выправіць адразу, як выявім, каб гэта не ўплывала на работнікаў.
Ганна Карпук больш за 14 гадоў аддала працы ў бухгалтэрыі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Яна скончыла Маладзечанскі гандлёва-эканамічны каледж. На пасадзе кіраўніка групы Ганна Васільеўна амаль дзесяць гадоў.
Да гутаркі далучаюцца і іншыя бухгалтары аддзела. Ірына Парутчык скончыла Дзяржаўны інстытут сучасных ведаў, па спецыяльнасці яна эканаміст. Кацярына Ануфрыюк – самы малады спецыяліст у групе. У бухгалтэрыі аддзела адукацыі, спорту і турызму яна працуе нядаўна. Дзяўчына вучыцца на эканамічным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Калегі дапамагаюць маладому спецыялісту асвоіць усе тонкасці прафесіі. За плячыма, як і ў Ганны Карпук, вучоба ў эканамічным каледжы. Бухгалтар Ірына Раковіч лічыць, што вопыт у іх працы вельмі важны.
Доўгі працоўны шлях прайшла і Галіна Дубіна. Яе стаж 34 гады.
– Бухгалтар – гэта не той чалавек, які ведае, як правільна складваць і аднімаць лічбы, – кажа Галіна Браніславаўна. – Ад яго патрабуюцца высокі ўзровень сканцэнтраванасці і размеркавання ўвагі, развітыя аналітычныя здольнасці, добрая аператыўная памяць, уседлівасць, прынцыповасць. Нашы бухгалтары ўвесь час павышаюць узровень сваёй прафесійнай кваліфікацыі.
У аддзеле па разліку з рабочымі і служачымі няма людзей, якія не любяць сваю справу. І гэта вельмі важна, таму што менавіта гэтыя адукаваныя і кампетэнтныя жанчыны адказваюць за тое, каб да работнікаў сістэмы адукацыі раёна грошы даходзілі ў поўным аб’ёме і ў патрэбны час.
Лідзія ПЕНДЗІКОЎСКАЯ.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.