Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Павышаецца паспяховасць вучняў, зніжаецца колькасць пропускаў урокаў, паляпшаецца зваротная сувязь школа – бацькі… Усё гэта вынікі ўкаранення ў навучальных установах нашай краіны электронных дзённікаў і журналаў. Адзнаку ў іх не падставіш, старонку з двойкай не вырвеш, “нічога не задавалі” бацькам не скажаш. Яны, седзячы дома або на працы, могуць у любы момант зайсці ў свой акаўнт і паглядзець, які бал іх дзіця атрымала на ўроку і што было зададзена на наступны. Пры жаданні можна нават наладзіць SMS-апавяшчэнне пра атрыманыя адзнакі.
Жабінкаўскія педагогі таксама ідуць у нагу з часам. З сервісамі “Электронны дзённік”/ “Электронны журнал” (аналіз паспяховасці і наведвальнасці) працуюць першая і трэцяя гарадскія школы, а таксама ліцэй. Укараненне іх у першай адзінаццацігодцы пачалося ў мінулым навучальным годзе. Летась у праекце прымалі ўдзел настаўнікі, бацькі і навучэнцы 4 і 5 класаў, сёлета ў ім задзейнічаны тры паралелі – 4-6 класы.
– У нас няма праблемы з унясеннем інфармацыі ў электронныя дзённікі і журналы, – расказвае намеснік дырэктара па навучальнай рабоце СШ № 1 Іна Мірко. – Камп’ютарамі ў нашай навучальнай установе аснашчана настаўніцкая, класныя кабінеты, бібліятэка, паўсюль Wi-Fi. У распараджэнні настаўнікаў 10 планшэтаў, выдзеленых па дадзеным пілотным праекце. У нас ёсць спецыяліст – інжынер-праграміст Віктар Чарнак, які ажыццяўляе тэхнічнае суправаджэнне электронных дзённікаў і журналаў. Віктар Мікалаевіч выдае настаўнікам і бацькам пароль доступу на вэб-партал. У кожнага, хто зарэгістраваўся, ёсць логін і пароль. Бацькі могуць аператыўна даведацца пра паспяховасць сваіх дзяцей, наведвальнасць імі ўрокаў, хатнія заданні па прадметах. Дарэчы, у чужы журнал або дзённік не заглянеш, нават, калі вельмі цікава, як там вучыцца Машка Пятрова ці Светка Сакалова. Вучань бачыць толькі свой дзённік, бацькам таксама даступная толькі старонка іх дзіцяці. У настаўнікаў ёсць доступ да журналаў тых класаў, у якіх яны выкладаюць, і толькі да сваіх прадметаў. Доступ да журнала ўсяго класа – у яго класнага кіраўніка. А вось прагле-дзець электронныя журналы і дзённікі ўсіх класаў у першай гарадской адзінаццацігодцы могуць толькі дырэктар школы і яго намеснік.
Электронны журнал – гэта цэнтралізаваная база адзнак па ўсіх прадметах. Настаўнікам, канечне, давялося выдаткаваць час на тое, каб вывучыць новую сістэму. Да слова, усе педагогі, нягледзячы на ўзрост, хутка асвоілі работу з электроннымі журналамі і дзённікамі. Затое зараз справаздачы пасля кожнай чвэрці, якія раней рыхтаваліся ўручную з калькулятарам на працягу гадзіны, выводзяцца аўтаматычна.
“Збіраецца інфармацыя, выводзіцца сярэдні бал, і мы бачым рэйтынг вучня”, – адзначае Іна Аляксандраўна.
Для адміністрацыі гэты праект дае магчымасць ствараць справаздачы па класе, па прадмеце: напрыклад, паспяховасць па выніках чвэрці, года.
Выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій, на мой погляд, – гэта цудоўна, аднак на педагогаў кладзецца двайная работа: выставіць адзнакі, адзначыць, прысутнічаў або адсутнічаў вучань на ўроку, запісаць дамашняе заданне як у папяровых журналах, так і ў электронных, выставіць адзнакі ў папяровыя дзённікі і прадубляваць іх у электронных носьбітах.
Нашы настаўнікі не скар-дзяцца: яны разумеюць, што гэта патрабаванне часу, – кажа намеснік дырэктара Іна Мірко. – Толькі хацелася б, каб нашы намаганні ацэньваліся бацькамі. Меркавалася, што праект “Электронны дзённік”/ “Электронны журнал” як адзіная інфармацыйная платформа аб’яднае педагогаў, бацькоў і навучэнцаў, пасадзейнічае больш цеснай узаемасувязі, – дзеліцца Іна Аляксандраўна. – Але ведаеце, у чым праблема? Не так шмат бацькоў рэгіструецца, каб заходзіць у электронны дзённік свайго дзіцяці. Ці яны давяраюць сыну або дачцэ і ім дастаткова папяровага дзённіка з адзнакамі і заўвагамі, ці ўсё ж гэта бацькоўская абыякавасць да паспяховасці дзіцяці? У той жа час некаторыя бацькі прызнаюцца, што ім прасцей патэлефанаваць класнаму кіраўніку і атрымаць адказы на ўсе пытанні вусна.
Ці выцесняць электронныя сэрвісы папяровыя журналы і дзённікі, пакажа час. Пакуль жа станоўчы вынік ад іх выкарыстання відавочны.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
А зря не хотят регистрироваться, я бы с удовольствием, но в нашем классе нет электронных дневников. Хочется узнать когда все классы будут в этом учавствовать?