Школа кліча зноў і зноў, колькі б ні прайшло гадоў

Традыцыйна ў першыя выхадныя лютага выпускнікі збіраюцца-з’язджаюцца-злятаюцца, як птушкі з выраю, да роднага школьнага парога. На вечар сустрэчы з маладосцю, аднакласнікамі, сябрамі, настаўнікамі. Вяртаюцца на 10, 20, 30 гадоў назад, узгадваюць цікавыя, вясёлыя і бесклапотныя школьныя гады, педагогаў, якія давалі трывалыя веды і выхоўвалі сваіх вучняў сапраўднымі людзьмі. Жыхары Жабінкі напярэдадні вечароў сустрэч падзяліліся ўспамінамі.

Наталля КІР’ЯНАВА:
– Сёлета споўнілася 25 гадоў, як наш клас закончыў трэцюю гарадскую школу ў Жабінцы. Класнымі кіраўнікамі ў нашай паралелі былі Галіна Васільеўна Шыцік, Ларыса Пятроўна Ціхамірава і Валянціна Васільеўна Гарбацюк. Калі Ларыса Пятроўна пайшла ў дэкрэтны адпачынак, яе замяняў Аляксандр Іванавіч Вайцюк. На жаль, на сённяшні дзень з намі засталася толькі Валянціна Васільеўна, астатнія пайшлі ў лепшы свет. Няма ў жывых і двух нашых аднакласнікаў. Таму мы вырашылі, што трэба часцей сустракацца, сазвоньвацца, перапісвацца. Мы вельмі рады былі ўбачыць адзін аднаго, сустрэцца з Валянцінай Васільеўнай Гарбацюк! Ды й з іншымі педагогамі, безумоўна, таксама. Дарэчы, у трэцяй школе вечар сустрэчы з выпускнікамі традыцыйна праходзіць у апошнія выхадныя студзеня. Сёлета збіраліся юбілейныя выпускі 1993 года,
1998-га, 2003-га, 2008-га і 2013-га. Свята атрымалася на славу! Дзякуй адміністрацыі і ўсім настаўнікам трэцяй гарадской адзінаццацігодкі.

Таццяна МАРТЫНАВА:
– 10 класаў я скончыла ў сярэдняй школе № 3 горада Скідзеля, а 11-ы – у вучылішчы алімпійскага рэзерву ў Гродне. І з аднымі, і з другімі аднакласнікамі падтрымліваю сувязь: тэлефануем адзін аднаму, перапісваемся ў сацыяльных сетках, у Вайберы. Так склалася жыццё, што, калі выйшла замуж, пераехала ў Жабінку, гадуем з мужам Пятром дваіх дзетак. Калі прыязджаю ў Скідзель, абавязкова сустракаюся з былымі педагогамі і аднакласнікамі. З гадамі гэтыя сустрэчы адбываюцца ўсё радзей, тым больш яны чаканыя і жаданыя.

Аляксандр ЗАРЭМБА:
– Мы з аднакласнікамі не сустракаемся зімой, робім гэта летам. У цёплую пару можна паехаць на возера, у лес, пагутарыць на прыродзе, адпачыць. Я заканчваў першую гарадскую школу ў Жабінцы ў 1975 годзе. У нашым класе вучылася 29 чалавек, класным кіраўніком быў настаўнік фізікі Уладзімір Міхайлавіч Пятак. Апошні раз збіраліся з аднакласнікамі на вечары сустрэч у 2015-м – праз 40 гадоў пасля заканчэння. З многімі пастаянна падтрымліваю сувязь: столькі гадоў прайшлі поруч, столькі ўсяго нас звязвае.

Таццяна ВАЛАСЮК:
– Я родам з горада Вілейка, што ў Мінскай вобласці. У 2006 годзе скончыла гімназію № 2. Ездзіла ў родныя мясціны на вечар сустрэчы з выпускнікамі, калі адзначалі з аднакласнікамі 10 гадоў пасля заканчэння гімназіі. Такія сустрэчы вельмі патрэбныя і настаўнікам, і былым вучням. Першыя ганарацца, што іх выхаванцы многага дасягнулі ў жыцці, сталі ўрачамі, педагогамі, журналістамі, інжынерамі, навукоўцамі. Другія, у сваю чаргу, маюць магчымасць выказаць словы падзякі сваім настаўнікам, што цярпліва вялі па дарозе ведаў, закладвалі трывалы падмурак для далейшых навыкаў.

Інеса БУЗА:
– Вечар сустрэчы з выпускнікамі ў нашай школе адбываецца ў першыя выхадныя лютага. Я скончыла Крыўлянскую сярэднюю школу, у якой і працую зараз, у 1991 годзе. Побач са мной у адным калектыве сёння і трое маіх аднакласнікаў, бачымся з імі штодзённа. Апошні раз збіраліся ўсім класам на 25-годдзе пасля заканчэння школы. На вечары прысутнічала і наш класны кіраўнік Марыя Пятроўна Свістун. За чаяпіццем прыгадвалі розныя цікавыя школьныя гісторыі. Удзячна таксама былым сваім педагогам: настаўніцы матэматыкі Надзеі Мікалаеўне Якавенка, настаўніку геаграфіі і англійскай мовы Валерыю Вячаслававічу Каралю, а таксама Лідзіі Васільеўне Пасюк. Шчырыя словы прызнанасці хачу выказаць дырэктару нашай школы Аляксандру Іванавічу Казюру, які быў маім настаўнікам фізікі. Дарэчы, трыццаць гадоў таму ён быў прызначаны на пасаду дырэктара, а я прыйшла ў Крыўлянскую школу ў сёмы клас. А сёння мы працуем побач: ён – як кіраўнік, а я – як яго намеснік па выхаваўчай рабоце.
Апытанне правяла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.