У вёсцы Тамаша жыве з надзеяю душа

У вёсцы Тамаша жыве з надзеяю душа

Адрас чацвёрты

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.

Цяпер ужо ніхто, бадай, і не згадае, кім быў той Тамаш (альбо Фама), што падарыў сваё імя гэтай невялічкай вёсцы ў Азяцкім сельсавеце. Калі звярнуць увагу на імя, быў ён, хутчэй за ўсё, каталіком і жыў недзе ў XVIII стагоддзі, калі і згадваюцца ўпершыню Тамашкі ў пісьмовых крыніцах.

За смугой стагоддзяў губляюцца справы заснавальніка ды яго прадаўжальнікаў. Дый часы, калі тут жыло больш за сотню жыхароў, здаюцца ледзь не фантастычнымі. А між тым, было гэта яшчэ ў мінулым веку.
І зараз у любую пару года вабіць вёсачка сваёй некранутай прыгажосцю. Дрэвы паабапал дарогі ствараюць пры ўездзе сапраўдныя шаты. Праз гэтую прыродную браму і трапілі разам са старшынёй Азяцкага сельвыканкама Ларысай Харс у Тамашкі.
Спрадвеку жыло сяло, атуленае з усіх бакоў ляснымі гушчарамі. Штовосень выбіраліся тутэйшыя ў грыбы, ягады, каб папоўніць запасы дарамі прыроды. Мясцовасць была забалочаная амаль да 70-х гадоў мінулага стагоддзя, калі прыйшла ў гэты край моцная тэхніка і пачалася меліярацыя – асушэнне забалочаных земляў.
Яшчэ паўвека таму ў вёсцы мелася 28 сялянскіх сядзіб, жыло ажно 112 чалавек. Існавала калгасная ферма, якая давала працу многім тутэйшым.
Навокал вёскі месцілася шэсць хутароў. Галоўным чынам жыхары Тамашак, як павялося здавён, жылі з сельскай гаспадаркі, да якой прызвычайваліся з малых гадоў. Вядома ж, сям’ю, дзе гадаваліся трое дзяцей, ніхто раней шматдзетнай не лічыў, бо ў сярэднім было пяцёра малых у кожнай хаце. Рана і да працы прывыкалі: і лён рвалі, і буракі, кукурузу палолі, старэйшым дапамагаючы.
Тыя, хто мае адсюль вытокі, згадваюць: школы ў Тамашках ніколі не было. Пагэтаму ў пачатковыя класы дзеці кожную раніцу выбіраліся за два кіламетры ў Бараны, а, як падрасталі, працягвалі “штурмаваць” школьную навуку ў цэнтры сельсавета, дзе месцілася дзесяцігодка. У суровыя зімы (дасюль згадваюцца 1970-я гады, на якія прыпадалі яны асабліва марозныя ды снежныя) дзяцей у Азяты ўсё ж вазілі. Не аўтобусам, канечне ж, не машынаю. Бывала, дзядзька Сяргей (а працаваў ён на ферме) запрагаў калгаснага коніка ў сані і вёз дзятву марозным ранкам у вучэльню за пяць кіламетраў.
Сорак гадоў назад у Тамашках налічвалася ўжо менш за восем дзясяткаў жыхароў. Затым на котлішчах сваіх засталіся, у асноўным, хоць і прызвычаеныя да сялянскай працы, ды ўсё ж пажылыя людзі. А моладзь пацягнулася ў гарады (найбольш у Кобрын, Брэст, Жабінку) – да лягчэйшага жыцця, якое нясе з сабою цывілізацыя.
Зараз у Тамашках усяго тры жыхары.
Найстарэйшая з іх 85-гадовая Алена Іванаўна Макарэвіч. Усё жыццё прысвяціла жанчына сельскай гаспадарцы, пасвіла статак у калгасе “Беларусь”, цэнтр якога знаходзіўся ў Азятах.
Гадоў дзесяць таму з’явіўся ў Тамашках і свой фермер – Уладзімір Клюка. Ён нарадзіўся ў Жабінцы ў 1956 годзе.
Пра сябе гаворыць:
– Я – тэхнар, энергетык і пры гэтым вельмі люблю зямлю, адчуваю яе прыцягальную сілу. Жыве надзеяю душа, што беражлівыя адносіны да глебы прынясуць адраджэнне гэтаму краю.
Пасля заканчэння ў Магілёве машынна-будаўнічага інстытута Уладзімір Мікалаевіч сваё жыццё бачыў звязаным выключна з тэхнікай ды механізмамі, нават узначаліў камерцыйную фірму, якая ў горадзе над Бугам займалася продажам аўтазапчастак. Ды вось пацягнула да зямлі. “Прышчэпка” любові да яе – ад бацькоў, што трымалі прыватную гаспадарку і сына некалі навучылі беражлівасці ў адносінах да глебы-карміцелькі.
У 2004 годзе Уладзімір Клюка, якога цікавіла развіццё малога бізнесу і фермерства ў беларускай вёсцы, вырашыў пасяліцца ў Тамашках. Ён адчуў асаблівую прыхільнасць да экалагічнага земляробства.
– Усім хочацца спажываць здаровыя, чыстыя прадукты – залог доўгага жыцця, – разважае гаспадар, – а мне прыйшло ў галаву самому прылучыцца да працы на зямлі.
Таму ў лютым 2007-га Клюка, каб мець магчымасць весці гаспадарку без хімічных угнаенняў, стаў фермерам. Пра тэхналогію вермікультывіравання ён можа расказваць амаль бясконца (нездарма і фермерскай гаспадарцы даў імя “Агра-вермі”). У аснове тэхналогіі – перапрацоўка арганічных астанкаў з дапамогай дажджавога чарвяка. Мэта – вытворчасць біягумусу, які прымяняецца для адраджэння глебы. Пакуль фермер выкарыстоўвае яго ва ўласнай гаспадарцы, але беларускія навукоўцы з Акадэміі навук зацікавіліся прапановамі Уладзіміра Клюкі і ягоных аднадумцаў. Таму фермер з Тамашак атрымаў прапанову наладзіць вытворчасць вадкага арганічнага ўгнаення, карыснага для глебы. А пакуль зіма не здала свае пазіцыі, ён старанна рыхтуецца да вясновага адраджэння зямлі, калі адрамантаваная тэхніка зможа выйсці ў поле.
На здымку: да веснавой пары рыхтуецца тамашкаўскі фермер Уладзімір КЛЮКА.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*