Дар’я НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
У мінулыя выхадныя дом Соф’і Сцяпанаўны Гмір поўніўся гасцямі, гоманам і смехам. Павіншаваць матулю з 80-годдзем на родную Століншчыну ў Луку прыехалі яе сыны і дочкі з сем’ямі. Васьмёра дзяцей выхоўваліся ў працы, таму, пакінуўшы бацькоўскую хату, змаглі знайсці ў жыцці годную справу. Хтосьці абаснаваўся ў Палтаве, хтосьці ў Брэсце, а вось сын Іван пусціў карані на жабінкаўскай зямлі і прысвяціў сябе працы жывёлавода.
Больш за трыццаць гадоў Іван Уладзіміравіч жыве і рупіцца на Жабінкаўшчыне. Як прыехаў сюды, адразу ўладкаваўся ў “Рагазнянскі”. Спачатку працаваў на малочнатаварнай ферме “Бусні-1”, пасля перайшоў на “Бусні-2”, а апошнія амаль дзесяць гадоў ён работнік “тысячнай” МТФ гаспадаркі. На кожным месцы яго праца звязана з жывёлай: быў цялятнікам і пастухом, зараз жывёлавод.
– З маленства люблю розную жыўнасць, знаходжу з ёй агульную мову, – кажа Іван Гмір. – У нашай вялікай сям’і заўжды была вялікая гаспадарка. Як і многія ў вёсцы, мы трымалі парсючкоў, каня, некалькі кароў ды хатнюю птушку. Дапамагаў даглядаць жывёлу і наглядаць за малодшымі братамі і сёстрамі – у сям’і я нарадзіўся другім, быў ім за няньку. Бацькі рупіліся ў калгасе, калі-нікалі падсабляў ім там, усе мы раслі ў працы.
Пасталеўшы, мой герой захацеў стаць машыністам і падарожнічаць на цягніку. Спрабаваў нават паступіць у адпаведную навучальную ўстанову, але пасля вырашыў пакінуць гэтую ідэю. Быў час, калі яму давялося адправіцца ў Расію і паспрабаваць сябе ў будоўлі. Нягледзячы на гэты вопыт, пасля вяртання Іван Уладзіміравіч прадоўжыў займацца тым, што заўсёды падабалася і атрымлівалася…
Зараз ён даглядае 400 рагуль. Кожны раз падапечныя з радасцю сустракаюць Івана Уладзіміравіча, паслухмяна рэагуюць на яго голас. Безумоўна, адчуваюць, што да іх адносяцца з любоўю. А да сваіх абавязкаў жывёлавод ставіцца з вялікай адказнасцю.
– Працоўны дзень пачынаецца ў шэсць раніцы, але я люблю прыйсці загадзя, – прызнаецца Іван Гмір. – Падмятаю памяшканне, вычышчаю кармушкі, прыводжу ў парадак стойлы, падкідаю кароўкам ласунак – спраў многа. Спачатку было няпроста, але за шмат гадоў прызвычаіўся, ды й жывёла да мяне прывыкла.
За шчырую працу летась Іван Уладзіміравіч быў адзначаны граматай раённага ўзроўню. Добрымі словамі ахарактарызавала дзейнасць жывёлавода і загадчык малочнатаварнай фермы “Бусні-1000” Надзея Багрова.
У шэсць вечара Іван Гмір развітваецца з любімымі рагулямі і спяшаецца дамоў да сям’і і сваёй гаспадаркі. На ўласным падворку хапае месца для курэй, гусей, індыкоў, трымаюць таксама парсюкоў. Іван Уладзіміравіч паспявае і на працы ўсё да ладу давесці, і ў хатняй гаспадарцы пазавіхацца, і сям’і час удзяліць. Багаты ён на ўнукаў, мае праўнука. Хто ведае, можа, гэта падрастае добрая змена майму герою, калі ён пойдзе на заслужаны адпачынак?
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%