Рост дарожна-транспартных здарэнняў на мокрых, абледзянелых, заснежаных дарогах істотна ўзрастае. Памяншаецца каэфіцыент счаплення колаў з дарогай, з прычыны чаго ўзнікае большая верагоднасць праслізгвання і прабуксоўкі шын аўтамабіля. Пры няправільных дзеяннях вадзіцель можа страціць кіраванне аўтамабілем, што прывядзе да стварэння аварыйнай сітуацыі або ДТЗ.
Пры руху на аўтамабілі ў зімовых умовах ДАІ раіць у першую чаргу “пераабуць” яго. Запомніце: у вадзіцеляў-прафесіяналаў няма такога паняцця, як “усесезонная гума”. Ёсць або зімовая, або летняя, якая павінна быць усталявана на ўсіх колах аўтамабіля, незалежна ад прываду. Вадзіцелю неабходна сачыць за зменамі пакрыцця дарожнага палатна. Па магчымасці аб’язджаць участкі, якія маюць масленыя і нафтавыя плямы, свежа пакладзены асфальт, лужыны, невялікія ўчасткі, пакрытыя лёдам ці падталым снегам, снежныя і пясчаныя намеці. Ва ўсіх выпадках бяспечней за ўсё рухацца па пракладзенай іншымі транспартнымі сродкамі каляіне, дзе колы маюць лепшае счапленне з дарожным палатном. Першыя кроплі дажджу на праезнай частцы ці сырое лісце робяць пакрыццё дарогі слізкім. Асабліва небяспечныя ўчасткі з нерасталым лёдам, якія могуць сустрэцца ў цені ад будынкаў і дрэў. Акрамя таго, у вельмі моцны мароз выхлапныя газы аўтамабіляў замярзаюць і, застаючыся на асфальце, могуць утварыць тонкую плёнку лёду. Пры гэтым распазнаць яе досыць цяжка. Пачынаць рух на слізкіх дарогах трэба з выраўноўвання пярэдніх колаў, плаўна націскаючы на педаль падачы паліва. Рушыцца з месца неабходна як мага павольней, пры гэтым павялічваецца счапленне колаў з паверхняй дарогі. Пры прабуксоўцы аўтамабіля варта падкласці пад вядучыя колы гумавы дыванок, анучы, галінкі дрэў ці падсыпаць пад іх пясок. Бяспечны рух на транспартным сродку ў такіх умовах забяспечаць невысокая хуткасць, павялічаная дыстанцыя і бакавы інтэрвал.
Пры руху на слізкай дарозе неабходна імкнуцца падтрымліваць выбраную хуткасць пастаяннай, працуючы педаллю падачы паліва плаўна і мякка. Перад праездам скрыжавання варта загадзя зменшыць хуткасць, бо, як вядома, на гэтым участку дарога асабліва слізкая (з-за частых тармажэнняў іншых кіроўцаў). У гэтым выпадку неабходна быць гатовым спыніць свой аўтамабіль у любым месцы, улічваючы нявопытнасць іншых вадзіцеляў, якія могуць няправільна разлічыць хуткасць і тармазны шлях ці не справіцца з кіраваннем свайго аўто.
Пры праходжанні паваротаў на слізкай дарозе магчымы занос аўтамабіля і выезд яго на сустрэчную паласу. Бяспечны паварот выконваецца на невялікай хуткасці, з уключэннем паніжанай перадачы і плаўным кручэннем рулявога кола.
На слізкай дарозе рэзка тармазіць з поўнай блакіроўкай колаў вельмі небяспечна. Пры гэтым пярэднія і заднія колы транспартнага сродку не круцяцца, рулявое кола перастае падпарадкоўвацца вадзіцелю, і аўтамабіль па інерцыі пачынае рухацца ў адвольным накірунку.
Самыя бяспечныя спосабы тармажэння ў гэтых умовах – перарывістае тармажэнне на грані блакіроўкі колаў і тармажэнне рухавіком. У першым выпадку колы не паспяваюць заслізгаць па паверхні дарогі, а ў другім яны пачынаюць круціцца павольней. Пры гэтых спосабах тармажэння кіроўца захоўвае кантроль за сваім транспартным сродкам, карэкціруе накірунак руху рулём. Любы рух і манеўры на слізкай дарозе павінны выконвацца вадзіцелем без рэзкіх паваротаў рулявога кола, рэзкага тармажэння і пераключэння перадач аўтамабіля з МКПП. Педалі тормазу і падачы паліва націскаюцца мякка і плаўна. Кіраванне аўтамабілем такімі спосабамі захавае яго ўстойлівасць, знізіць верагоднасць заносаў і перакульвання.
Паважаныя вадзіцелі, памятайце, што зімовае кіраванне патрабуе ад вас асаблівых навыкаў. Будзьце ўважлівыя і асцярожныя на дарогах!
Раман КРУПКО, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Жабінкаўскага РАУС.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%