Што адметнае для нашага Азяцкага дзіцячага садка? Ён знаходзіцца непадалёк ад лесу і побач працякае рака Асіпоўка. Такое суседства, безумоўна, накладвае адбітак на накіраванасць дзейнасці нашай дашкольнай установы.
Галоўным накірункам сваёй работы мы абралі ўзаемадзеянне з сям’ёй па далучэнні дашкольнікаў да традыцый, культуры і гісторыі беларускага народа. Асаблівую ўвагу надаём фарміраванню ў выхаванцаў беражлівых і стваральных адносін да свету праз арганізацыю работы па краязнаўстве і выхаванні асноў патрыятызму.
Дзеці разам з выхавальнікамі Ірынай Бычак, Аленай Шуман, Інай Федасюк завіталі ў Азяцкі сельскі Дом культуры, дзе вісіць памятная шыльда вядомаму этнаграфісту Юльяну Крачкоўскаму, які нарадзіўся ў XIX стагоддзі ў Азятах, і існуе этнаграфічны куток; наведалі помнік загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны аднавяскоўцам, былы будынак Азяцкай сярэдняй школы. На такіх занятках яскрава прасочваецца сувязь гістарычнага мінулага і сучаснасці.
Засваенне дзецьмі культуры свайго народа (звычаяў, традыцый, рамёстваў) развівае творчыя здольнасці. З вялікім задавальненнем хлопчыкі і дзяўчынкі прысутнічалі на занятках “У госці да бабулі Васіліны і дзеда Васіля”, “Сеў за кола ганчар, з гліны выкруціў шар”, “Забаўлянкі і калыханкі ад Яна і Яначкі” і інш.
Пры азнаямленні дзяцей з прыродай роднага краю нашы выхавальнікі актыўна выкарыстоўваюць такую форму работы, як тэматычныя турыстычныя падарожжы: “Добра ў лузе ў час палудны”, “Мы сябруем з сонцам, рэчкай і пяском”, “Разам з татам і мамай пазнаю свой родны край”. Хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца простым турыстычным навыкам, уменню арыентавацца па карце, веданню правіл дарожнага руху, правілам і нормам паводзін у прыродзе.
Добрай традыцыяй у нашым дзіцячым садзе стала правядзенне “Калядаў”, “Масленіцы”, “Гукання вясны”, “Дажынак” ды іншых святаў і абрадаў.
Асаблівую ролю ў азнаямленні дзяцей з гісторыяй роднага краю адыгрывае наш міні-музей “Беларуская хата”, экспанаты якога мы збіралі па крупінках у літаральным сэнсе гэтага слова. Маленькія азятчукі ўжо ведаюць, як выглядаюць старадаўнія рэчы: лапці, калаўрот, пранік, прас, вілкі, тканыя дываны і вязаныя сурвэткі. У міні-музеі нашы выхаванцы знаёмяцца з кнігамі, ілюстраванымі беларускімі мастакамі-графікамі, сумесна з педагогамі ствараюць свае альбомы, калажы, гуляюць у разнастайныя народныя гульні, абыгрываюць беларускія народныя казкі.
Каб наша праца не прайшла дарэмна і тое зерне дабрыні, якое мы заклалі ў дзіцячую свядомасць, працягвала прарастаць і далей, мы ажыццяўляем цеснае супрацоўніцтва са Старасельскай сярэдняй школай. Разам падтрымліваем парадак ля помнікаў загінулым аднавяскоўцам, ускладаем кветкі, запрашаем да сябе ветэранаў, праводзім сумесныя мерапрыемствы.
Калі знаёмства з нацыянальнымі традыцыямі будзе насіць комплексны характар, пранізваць усе віды дзіцячай дзейнасці, ажыццяўляцца ў штодзённым жыцці, то мы, дарослыя, зможам выхаваць у дзяцей любоў да сваёй Радзімы, да сваёй нацыі, імкненне жыць у міры і згодзе з людзьмі іншых нацыянальнасцей.
Людміла ЯШЧУК, загадчык Азяцкага дзіцячага сада.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%