Прочырк у графе “жывыя”

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Сёння ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень ахвяр Халакосту – у памяць пра шэсць мільёнаў яўрэяў, загінулых у часы Другой сусветнай вайны. У спісе месцаў, дзе бязлітасна нішчылі іўдзейскае насельніцтва, на жаль, і наша Жабінка, чыя назва, як некалі трапна зазначыў пісьменнік Сяргей Смірноў, восенню сорак другога выклікала сапраўдны жах: настолькі часта гучалі ў мястэчку расстрэльныя каманды…

Імклівае развіццё пасёлка, што разросся ў апошняй чвэрці ХІХ стагоддзя вакол станцыі Жабінка, шчыльна было звязана з іўдзейскімі гандлярамі і прамыслоўцамі. Тыя аднымі з першых угледзелі выгоды, што прынесла чыгунка, і пачалі сяліцца ў наваколлях, на землях Абрамавіцкага сялянскага таварыства. Гэтыя абставіны пастаянна выклікалі непаразуменні з паліцыяй, якая забараняла яўрэям мець жыхарства ў вёсцы. Толькі ў 1903 годзе тутэйшыя іўдзеі дабіліся, каб частка Абрамавічаў, дзе яны і абаснаваліся, перайменаваная ў Жабінку, атрымала статус мястэчка. А жыць у мястэчках, паводле законаў Расійскай імперыі, яўрэям дазвалялася.
У выніку да верасня 1939 года, калі Германія напала на Польшчу, яны складалі большую частку жыхароў Жабінкі. Неўзабаве ў цэнтры мястэчка ўзніклі сінагога, яўрэйская школа. Жыды (гэтае польскае найменаванне іўдзеяў ужывалася паўсюдна) трымалі магазіны, у якіх гандлявалі мануфактурнымі таварамі ды прадуктамі. Больш заможныя (такія, як Гендлеры і Пінчукі) наладзілі нават буйную вытворчасць – пабудавалі млын з лесапільняю ды электрастанцыю.
Яшчэ да вайны сярод яўрэйскага насельніцтва знаходзіла гарачы водгук ідэя адраджэння ізраільскай дзяржавы. Вядомы выпадак, калі ў 30-я гады мінулага стагоддзя ў Жабінку наведаўся інструктар Цэнтральнага камітэта Лігі працоўных у Палесціне Мордка Бурштэйн, які агітаваў за пераезд у Запаветную Зямлю, як называлі Бліжні Усход.
Яўрэйскае мястэчка жыло спакойным жыццём, пакуль не выбухнула вайна. Жабінка была занята нямецка-фашысцкімі войскамі на другі яе дзень, 23 чэрвеня 1941 года. Адным з першых актаў вандалізму, учыненага акупантамі, стала знішчэнне іўдзейскай малельні. У хуткім часе ў дачыненні да яўрэяў былі прыняты жорсткія пастановы, у тым ліку ўведзены так званы “жыдоўскі падатак”.
Ужо з восені сорак першага гітлераўцы пачалі знішчэнне яўрэяў, сагнаных у гета. Яно размяшчалася на вуліцы Кобрынскай (цяперашняя Камуністычная), дзе здаўна кампактна пражывалі іўдзейскія сем’і. Па загадзе нямецкага камандавання гета было абнесена калючым дротам, але, як згадваюць старажылы, пастаяннай варты не было, толькі пры ўваходзе вісеў замок.
Жылі яўрэі ў некалькіх дамах, у вялікай цеснаце. Каб не памерці з голаду, абменьвалі рэчы на хлеб ды іншую ежу, займаліся рамяством. Улетку 1942 года выйшаў загад шэфа Жабінкаўскага раёна Стэфана Нікіцюка, дзе прадпісвалася неадкладна заплаціць “жыдоўскі падатак”. Равін павінен быў сабраць са сваіх аднаверцаў грошы і залатыя ды сярэбраныя рэчы, а затым прынесці іх ва ўправу. Гэтае патрабаванне было выканана.
Аднак праз месяц ад акупацыйных улад паступіў новы ўльтыматум: пад пагрозай смерці без усялякага прамаруджвання неабходна здаць у якасці выкупу каштоўнасці і дабротнае адзенне. Гэта было сапраўднае рабаванне. Але нават пасля таго, як жыхары гета аддалі апошняе, усё роўна ад гібелі не ўратаваліся.
Значная частка іўдзеяў з Жабінкаўскага гета была знішчана ў верасні сорак другога года. Адны з іх былі расстраляны на Броннай Гары, іншыя ў пакутах загінулі паблізу Высокага і Маларыты. Да таго ж, яўрэі знішчаліся ў Пятровічах, Хадасах, Ацячызне ды іншых месцах.
Канчаткова так званае “яўрэйскае пытанне” ў Жабінцы было вырашана нацыстамі з дапамогай ружжаў і кулямётаў напрыканцы кастрычніка.
Стаяла халодная восеньская раніца, калі гета было шчыльна ачэплена карнікамі. Немцы і паліцаі пачалі зганяць гаротных яўрэяў да ўваходу. У той пахмурны дзень акупанты са сваімі памагатымі расстралялі больш за сотню чалавек. У паперах, што апісвалі сем’і і маёмасць яўрэяў, у графе “жывыя” з’явіўся прочырк…
Ужо ў нашы дні на вуліцы Міру паўстаў валун з надпісам на беларускай, англійскай і яўрэйскай мовах у напамін пра трагедыю, што адбылася з мясцовымі іўдзеямі.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*