Ганаруся сваімі землякамі

Нагода расказаць пра гэтую жанчыну на старонках “Сельскай праўды” з’явілася невыпадкова: па-першае, мая гераіня прысвяціла сваё прафесійнае жыццё навуковай дзей-насці, таму мае навуковыя здабыткі. Па-другое, яе імя не апынулася сярод іншых навукоўцаў, якія былі згаданы на старонках газеты пад рубрыкай “Жабінкаўшчына навуковая”. І яшчэ: яна вырасла на жабінкаўскай зямлі, скончыла сярэднюю агульнаадукацыйную школу № 1 у нашым горадзе, першыя свае працоўныя крокі таксама зрабіла тут.
Сёння размова пра кандыдата педагагічных навук, дацэнта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Зінаіду Ляўчук. Яна аўтар больш як ста публікацый тэарэтычнага, навуковага, вучэбна-метадычнага характару па пытаннях філасофіі адукацыі, полікультурнасці адукацыйнай прасторы, інавацый у адукацыі, фарміравання творчага патэнцыялу педагога, выкарыстання адукацыйных тэхналогій у педагагічнай практыцы.
Яе заўсёды цікавілі гуманітарныя навукі, таму і выбрала педагогіку як найважнейшую сярод сацыяльных навук.
Гаворачы пра асаблівасці сённяшняга дынамічнага часу, Зінаіда Ляўчук упэўнена, што толькі навуковыя веды ў спалучэнні з кампетэнцыямі асобы, а таксама веданне метадалогіі дзейнасці, будуць вызначаць будучае чалавека.
Стаж навукова-педагагічнай дзейнасці дацэнта Зінаіды Ляўчук складае больш за 30 гадоў. Яе выхаванцы, дыпломнікі працуюць у розных сферах. Але асаблівы гонар выклікаюць тыя, каго жыццёвыя дарогі прывялі ў педагагічную. Заўсёды з задавальненнем дапамагае ім і словам, і справай. Сярод дысцыплін, што выкладае Зінаіда Сцяпанаўна – “Менеджмент у адукацыі”, “Тэхналогіі кіравання якасцю адукацыйных працэсаў”, “Псіхалогія кіравання персаналам”, “Метадалогія навуковых даследаванняў” і інш.
Падрыхтоўка спецыяліста ва ўмовах універсітэта ўключае таксама даследчую дзейнасць. Пад кіраўніцтвам Зінаіды Ляўчук студэнты выконваюць даследчыя працы, аб выніках якіх дакладваюць на навуковых канферэнцыях як рэгіянальнага, рэспубліканскага, так і міжнароднага ўзроўню. Дарэчы, сама навуковец сістэматычна запрашаецца да ўдзелу ў міжнародных навуковых канферэнцыях па праблемах сваіх даследаванняў у Акадэмію імя Яна Длугаша (Рэспубліка Польшча), Львоўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Івана Франко (Украіна). Цесныя навуковыя стасункі ўсталяваны Зінаідай Сцяпанаўнай з Акадэміяй педагагічных і сацыяльных навук (Масква). Наша краіна стала запатрабаванай для навучання іншаземных студэнтаў. Найбольшая колькасць замежных навучэнцаў з Цэнтральнай Азіі, асабліва з Туркменістана. Гэта выклікала неабходнасць ведання культуры тых нацыянальнасцей, прадстаўнікі якіх навучаюцца ва ўніверсітэце, неабходнасць інтэграцыі розных культур, фарміравання ў студэнцкай моладзі міжкультурнай талерантнасці і міжкультурных кампетэнцый. Пад кіраўніцтвам Зінаіды Ляўчук паспяхова дзейнічае студэнцкае аб’яднанне “Дыялог культур” як форма работы з моладдзю розных нацыянальнасцей. “Дыялог культур” заявіў пра сябе цікавымі справамі, удзелам у фестывалях, конкурсах, дабрачынных акцыях.
Мая гераіня не парывае сувязі з Жабінкаўшчынай, са сваёй малой радзімай, бо тут яе карані. Яна актыўна чытае раёнку, цікавіцца навінамі і справамі жабінкаўскіх педагогаў, дзеліцца прачытаным з калегамі. Засмучае яе тое, што педагогі раёна рэдка звяртаюцца да навукова-педагагічных здабыткаў, назапашаных ва ўніверсітэце. У годзе, што надышоў, жадае ўсім, хто прысвяціў сябе педагогіцы, навуковых пошукаў, адкрыццяў, далейшага прафесійнага ўдасканалення і радасці ад таго, што кожны робіць дзеля развіцця асобы чалавека.
Лідзія ІВАНІХІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.