Кампанія вачыма выбаршчыкаў

Кампанія вачыма выбаршчыкаў

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Менш за месяц застаецца да часу, калі адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання. Пачаўся надзвычай важны агітацыйны перыяд. Якой жа ўяўляецца сёлетняя выбарчая кампанія тым, хто ў нядзелю, 18 лютага, непасрэдна прыйдзе на ўчасткі для галасавання, каб аддаць свой голас за вылучаных кандыдатаў?

Жабінкаўцы ў асноўным ахвотна згаджаліся на прапанову падзяліцца сваімі думкамі наконт выбараў у мясцовыя Саветы. Напрыклад, Святлана Казакова, якая цяпер на заслужаным адпачынку, запэўніла, што абавязкова паўдзельнічае ў значным грамадска-палітычным мерапрыемстве, і дадала:
– Мы – людзі старой загартоўкі, на выбары хадзілі заўсёды, і гэты раз не стане выключэннем. Разумею, што ад будучых дэпутатаў патрабуецца прафесіяналізм і чалавечнасць для вырашэння агульных пытанняў, якія тычацца не толькі адзінкавай асобы, але многіх, хто жыве на Жабінкаўшчыне. Зноў жа, сродкі, што выдаткоўваюцца на выбарчую кампанію, трэба выкарыстоўваць ашчадна. Пагэтаму людзі павінны 18 лютага прыйсці да урнаў і з разу-меннем справы прагаласаваць за таго ці іншага кандыдата.
Думкі, выказаныя ўслых Святланай Васільеўнай, пэўным чынам адпавядаюць словам Алены Чыркун. Імя кандыдата, які вылучаны па Заводскай акрузе, дзе здаўна галасуе жанчына, Алене Андрэеўне знаёмае. На яе погляд, Анатоль Мікалаевіч Кузьміч, які ўзначальвае рамонтна-будаўнічы цэх цукровага завода, – годны кандыдат, чалавек кампетэнтны і дысцыплінаваны. У якасці народнага абранніка ён здольны вырашаць праблемы не толькі працаўнікоў свайго прадпрыемства, але і жыхароў канкрэтнай выбарчай акругі ды ўсяго нашага горада. Бо ў абавязках дэпутатаў распрацоўваць і прымаць рашэнні, патрэбныя для развіцця ўсёй Жабінкаўшчыны.
Валянціна Славуціч, якая будзе галасаваць на выбарчым участку ў аграгарадку Вялікія Якаўчыцы, таксама добра ставіцца да вылучэння кандыдатам у дэпутаты па Якаўчыцкай выбарчай акрузе загадчыка мясцовага дзіцячага сада Наталлі Міхайлаўны Сізоненка.
– Думаю, што выбары павінны быць празрыстымі, – дадае Валянціна Анатольеўна. – Важна, калі ведаеш свайго кандыдата, яго справы, думкі, асабістыя якасці. За такога галасуеш ахвотна, з надзеяй. Кожны грамадзянін, на мой погляд, павінен скарыстаць магчымасць паўдзельнічаць у выбарах і прыйсці на свой участак для галасавання.
З разуменнем разважае пра сёлетнюю кампанію Валерый Зубік. Ён гаворыць:
– Канечне, пра час і месца выбараў ведаю. Узначальваю кінавідэасетку, а кінатэатр “Юбілейны” – традыцыйнае месца для размяшчэння выбарчых участкаў падчас розных грамадска-палітычных кампаній. І сёлетняя, вядома ж, не выключэнне. Аднак сам непасрэдна буду галасаваць на іншым участку, што знаходзіцца бліжэй да месца жыхарства, – на Зарэчным.
Валерый Канстанцінавіч лічыць, што народу патрэбна мець вычарпальнае ўяўленне аб кандыдаце, каб той, стаўшы ўжо дэпутатам, належным чынам працаваў на карысць выбаршчыкаў.
– Са старонак “Сельскай праўды” даведаўся, хто ж вылучаецца па Зарэчнай выбарчай акрузе. Кандыдатам у народныя абраннікі аказалася Ірына Міхайлаўна Казулька, якая працуе ў прадуктовым магазіне № 15. Задаволіла, што чалавека гэтага ведаю. Мне падаецца, яна годны кандыдат, і яе праца на пасадзе дэпутата можа прынесці карысць людзям.
Увогуле, на думку Валерыя Зубіка, ад народных абраннікаў шмат у чым залежыць, як “далей будзем жыць і працаваць, рухацца наперад ці прабуксоўваць на шляху развіцця”.
– Па дапамогу і падтрымку, – дадае Валерый Канстанцінавіч, – супрацоўнікі нашай кінавідэасеткі неаднойчы звярталіся да мясцовых уладаў. Гэта дапамога становіцца магчымай пасля таго, як яе разгледзяць і падтрымаюць народныя абраннікі. На выбары 18 лютага пайду абавязкова. Увогуле, увесь час, калі адбываюцца такія важныя грамадска-палітычныя мерапрыемствы, стараюся не заставацца ўбаку ад іх. І іншым раю ў названы дзень прыйсці і аддаць свой голас за годнага кандыдата.
І апошняе пажаданне, выказанае не толькі тымі, хто пагадзіўся адказаць на нашы пытанні, але й тымі, хто па розных прычынах адмаўляўся ад інтэрв’ю: хочацца, каб у час прадвыбарнай гонкі кандыдаты часцей звярталіся да сваіх выбаршчыкаў, прадстаўлялі свае планы на будучыню, тлумачылі задачы і прапаноўвалі шляхі вырашэння праблем, што стаяць перад грамадствам.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*