Национальный детский образовательно-оздоровительный центр «Зубрёнок»

Национальный детский образовательно-оздоровительный центр «Зубрёнок»

Лепшы лагер для дзетвары краіны

Тут шуміць зялёны лес. Кавалачкам сіняга неба адкрывае сваю незвычайную прыгажосць возера Нарач. Заўсёды чуваць вясёлае шчабятанне дзяцей, на тварах якіх свецяцца ўсмешкі, а ў вачах водблескі шчасця. Гэтае месца называюць краінай дзяцінства. Я маю на ўвазе “Зубраня” — нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр.
У цэнтры я правяла тры вясновыя тыдні. Кожны дзень быў насычаны рознымі мерапрыемствамі. Нашы важатыя Ганна Аляксееўна і Вольга Сяргееўна рабілі лагерныя дні цікавымі і незабыўнымі, дапамагалі нам ва ўсіх справах, конкурсах і спаборніцтвах, якія праводзіліся пад час змены. А іх, паверце, было шмат.
Праводзіліся інтэлектуальныя паядынкі “Што? Дзе? Калі?”, было сваё “Зубраняцкае Еўрабачанне”, на якім я, дарэчы, паспяхова выступіла. Усіх дзяўчынак парадаваў конкурс “Міс Зубраня 2011”. Словам, сумаваць не было калі! Яшчэ мы каталіся на веласіпедах і роліках, плавалі ў басейне. Юнакам прапаноўваліся спартыўныя, трэнажорныя залы, більярд, тэніс, але гэта ўсё ў другой палове дня. З раніцы мы ішлі ў школу і траплялі ў дзіўны свет ведаў.
На працягу змены арганізоўваліся пазнавальныя экскурсіі ў знакамітыя месцы па Беларусі: ездзілі на аглядную экскурсію па Нарачанскім кальцы, бачылі жывапісныя прасторы азёраў Мястра, Нарач, Баторына, наведалі касцёл Святога Андрэя і музей Народнай Славы горада Мядзеля.
Пад час экскурсіі “Купляйце беларускае”, мы пабывалі на заводзе халадзільнікаў, Глыбоцкім малочна-кансервавым камбінаце і паназіралі за працэсам вытворчасці беларускіх тавараў. Самай любімай паездкай сярод хлопчыкаў і дзяўчынак у змене стала экскурсія на конегадоўчую ферму, дзе можна было атрымаць урокі верхавой язды і паназіраць за коньмі, а на экскурсіі ў агракомплекс “Лучай” убачыць дзіўных страўсаў.
Любімым месцам нашых прагулак у вольны час стала экапляцоўка “Бабровая хатка”. Гэта свайго роду заапарк у мініяцюры, дзе можна ўбачыць жывёл нават з Бразіліі і Камеруна і зрабіць выдатныя фотаздымкі з рэдкімі насельнікамі.
Асаблівую ўвагу ў нас выклікаў хутар “Неслуч” — рэканструкцыя беларускай вёскі ХІХ стагоддзя з усімі неабходнымі элементамі: драўляным домам, калодзежам-жураўлём, лазняй, карчмой. На хутары нас сустрэў “гаспадар Аляксей”, які расказаў пра сялянскі побыт таго часу і нават пачаставаў блінамі з мёдам. Тут можна паўдзельнічаць у сюжэтна-ролевых гульнях, такіх як “Фальварак Дзеда Мароза”, “Вясенняя сядзіба”, “Нарачанскі падворак”, “Восеньскі кірмаш”.
На тэрыторыі “Зубраняці” створана ландшафтная карта Беларусі: устаноўлены камяні з фотаздымкамі абласных гарадоў і з захаваннем рэальных маштабаў пракладзены злучальныя іх магістралі. Гэта зроблена для таго, каб дзеці не забывалі, з якіх гарадоў і вёсак Беларусі ў іх з’явіліся новыя сябры.
Сустракаліся мы і з вядомымі людзьмі Беларусі, у прыватнасці пазнаёміліся з вядучым тэлепраграмы “Падарожжа дылетанта” Юрыем Жыгамонтам, задалі яму пытанні і атрымалі аўтографы.
Па вечарах у “Зубраняці” мы танцавалі на дыскатэках, наведвалі кіназал ці адпачывалі ля вогнішча. Смажылі хлеб, сасіскі, гулялі, жартавалі і смяяліся. Трэск падпаленых галінак, хуткі танец чырвона-аранжавага полымя, а побач твае сябры. На душы добра і спакойна, па ўсім целе ад вогнішча разліваецца цяпло. У такія хвіліны адчуваеш сябе самай шчаслівай.
Кожная змена “Зубраняці” прымае 950 дзяцей не толькі з нашай краіны. У кожнай змене можна сустрэць хлопчыкаў і дзяўчынак з Расіі, Казахстана, Арменіі, Малдовы, Украіны, Літвы, а то і з Італіі.
За гэтыя тры тыдні пачуццё шчасця не пакідала мяне. Я знайшла шмат сяброў, атрымала мноства эмоцый, запал энергіі на ўсё спякотнае лета. Мой атрад стаў для мяне сапраўднай сям’ёй. Я ўпэўнена: час, праведзены ў “Зубраняці”, я запомню назаўсёды. Тут мы былі юнымі турыстамі, падарожнічалі па краіне дзяцінства, так моцна любімай намі…
Калі мяне спытаюць — што такое “Зубраня”? Я, не задумваючы, адкажу:
— “Зубраня” — гэта вясёлыя звонкія песні, сустрэчы з вядомымі людзьмі краіны, гэта сяброўства з дзецьмі розных краін, здаровы лад жыцця, выдатны адпачынак і, вядома ж, дарога ў дзяцінства!

Д.Ніканчук, вучаніца 10 “А” класа, СШ №1 г.Жабінка, сябра гуртка “Юны журналіст”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top