Выбары не за гарамі

Выбары не за гарамі

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў пройдуць у Беларусі 18 лютага, прагаласаваць датэрмінова можна будзе з 13 па 17 лютага. Рэгістрацыя кандыдатаў завяршылася 18 студзеня. Адразу пасля рэгістрацыі кандыдаты могуць пачынаць агітацыю: выступаць у СМІ, праводзіць мітынгі і пікеты, знаёміць выбаршчыкаў са сваімі праграмамі.
У час анлайн-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БелТА старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына агучыла вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, расказала аб асаблівасцях цяперашняй выбарчай кампаніі.27

Сярэдні конкурс – крыху менш як тры кандыдаты на месца

Больш за 22,2 тыс. кандыдатаў у дэпутаты зарэгістравана на мясцовых выбарах у Беларусі, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
Яна нагадала, што ў якасці кандыдатаў у дэпутаты было вылучана 22 712 кандыдатаў. “Засталося на гэты момант 22 278. З ліку выбыўшых 123 чалавекі адклікалі свае кандыдатуры добраахвотна і 311 (1,37 працэнта) – гэта адмовы ў рэгістрацыі. Такая карціна на гэты момант, вядома, яна будзе змяняцца: нехта будзе ўдзельнічаць, нехта будзе адклікацца”, – растлумачыла кіраўнік ЦВК.
Лідзія Ярмошына адзначыла, што большасць сельскіх акруг будуць безальтэрнатыўнымі. “Што да Саветаў самага высокага ўзроўню – абласных, то ў Брэсцкім рэгіёне сем безальтэрнатыўных акруг, або 12,3 працэнта, у Віцебскай вобласці – 22 (36,7 працэнта), Гомельскай – 3 (5 працэнтаў), Гродзенскай – 40 (66,7 працэнта). У Мінскай вобласці тры безальтэрнатыўныя акругі, што складае 5 працэнтаў, а ў Магілёўскай няма ні адной. Прычым там ёсць акругі з высокай альтэрнатывай. Сярэдні конкурс – крыху менш як тры кандыдаты на месца”, – расказала яна.

Кандыдаты ў дэпутаты толькі пачынаюць адкрываць рахункі

Адкрыты 241 рахунак для вядзення агітацыі на мясцовых выбарах у Беларусі. “Больш за ўсё іх у Мінску – 89. Тут, напэўна, кожны трэці кандыдат адкрыў свой рахунак, нават больш. У Магілёўскай вобласці пакуль толькі 9 рахункаў, у Мінскай – 45, у Гродзенскай – 8, у Гомельскай – 42 рахункі. У Віцебскай і Брэсцкай абласцях іх адкрыта 10 і 38 адпаведна”, – расказала Лідзія Ярмошына.
Пры гэтым кіраўнік Цэнтрвыбаркама адзначыла, што рахункі адкрываюць не толькі прэтэндэнты на месцы ў аблсаветах. “Напрыклад, у Брэсцкай вобласці з 38 рахункаў 29, гэта значыць пераважную большасць, адкрылі кандыдаты ў дэпутаты Брэсцкага гарадскога Савета. А сярод кандыдатаў у дэпутаты Віцебскага гарсавета гэта зрабіў толькі адзін чалавек. У Гомельскай вобласці больш за ўсё рахункаў – 24 – адкрылі прэтэндэнты на месцы ў Гомельскі раённы Савет. Значыць, тут конкурс будзе больш вострым”, – лічыць Лідзія Ярмошына.
Яна звярнула ўвагу, што кандыдаты ў дэпутаты толькі пачынаюць адкрываць рахункі. Кіраўнік ЦВК не выключыла, што яны разлічваюць на вядзенне бясплатнай перадвыбарнай кампаніі, абапіраючыся цалкам на свае каманды і грамадскія аб’яднанні, якія іх падтрымліваюць.
Як змяніўся партрэт патэнцыяльных кандыдатаў
“Яны, па-першае, памаладзелі, па-другое, прыбавілі ва ўзроўні адукацыі, асабліва для гарадоў, нават для сельскіх Саветаў, калі яны прыгарадныя. Гэта, увогуле, сельсаветы Мінскага раёна, дзе жывуць гараджане, якія пабудавалі загарадныя дамы і з’яўляюцца ўжо жыхарамі сельскіх Саветаў, хоць на самой справе, па сутнасці, гэта гараджане”, – адзначыла Лідзія Ярмошына.
Паводле яе слоў, сучасныя кандыдаты ў дэпутаты – гэта зусім іншыя людзі, якія ўмеюць адстойваць свае інтарэсы і часта выхваляюцца сваёй прававой дасведчанасцю па прынцыпе “я юрыст, і што вы мне тут гаворыце такое?”. “Хоць у кожнай галіны заканадаўства ёсць свае спецыялісты, ёсць правілы прымянення, і, зразумела, толькі Цэнтральная камісія мае права растлумачэння закону”.

Яўка выбаршчыкаў на мясцовых выбарах можа перасягнуць 60 працэнтаў

“Думаю, што ў цэлым па краіне яўка будзе больш за 60 працэнтаў. У выніку таго, што ў нас ёсць такі інстытут, як датэрміновае галасаванне”, – сказала Лідзія Ярмошына. Пры гэтым яна нагадала, што на мясцовых выбарах у Беларусі бар’ер яўкі не ўстаноўлены. “Яны адбудуцца пры любой яўцы, нават калі прыйдзе адзін чалавек. Але, думаю, мы не можам даводзіць сітуацыю да абсурду. Не можа наогул улада лічыцца ўладай, калі яе падтрымалі менш як 20 працэнтаў выбаршчыкаў. Думаю, што больш за 60 працэнтаў – гэта рэальная яўка”, – лічыць кіраўнік Цэнтрвыбаркама.
Яна дадала, што для выбаршчыка прывабна аблічча маладога кандыдата ў дэпутаты. Лідзія Ярмошына лічыць, што ўдзел маладых прэтэндэнтаў у выбарчай гонцы станоўча паўплывае на яўку выбаршчыкаў з ліку іх равеснікаў.
На гэты момант у якасці кандыдатаў зарэгістравана 1 169 маладых людзей ва ўзросце да 30 гадоў, што складае 5,25 працэнта ад агульнай колькасці ўсіх прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат.

Замежныя дыпламаты зацікаўлены ў маніторынгу мясцовых выбараў-2018

Кіраўнік ЦВК адзначыла істотны інтарэс да ўдзелу ў назіранні з боку замежных дыппрадстаўніцтваў. “Пададзены ўжо заяўкі ад пасольстваў Расійскай Федэрацыі, Францыі і Вялікабрытаніі. Лічу, што чарга і за іншымі. Цікавіліся, дарэчы, выбарамі і, магчыма, таксама пададуць заяўкі прадстаўнікі пасольства Кітая ў нашай краіне”, – сказала Лідзія Ярмошына.
Пры гэтым яна дадала, што міжнародныя наглядальнікі вольныя самастойна выбіраць участкі для назірання. Тэрмін паўнамоцтваў замежнага наглядальніка на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў пачынаецца з 13 лютага і заканчваецца ў асноўны дзень выбараў, 18 лютага, пасля ўстанаўлення вынікаў падліку галасоў.
Амерыканскія дыпламаты, акрэдытаваныя ў Беларусі, ужо выказалі жаданне ўдзельнічаць у кароткатэрміновым мані-торынгу мясцовых выбараў – у сувязі з гэтым яны звярнуліся і ў МЗС, і ў ЦВК. Размова ідзе аб дзевяці супрацоўніках амерыканскага пасольства, сярод якіх часовы павераны ў справах.

Пры ЦВК Беларусі акрэдытавана 10 нацыянальных наглядальнікаў

“Ва ўсе астатнія камісіі, думаю, яны будуць найбольш актыўна падаваць дакументы перад пачаткам датэрміновага галасавання, тады ў нас назіраецца рэзкае ажыўленне. Але і цяпер нацыянальныя наглядальнікі ёсць ва ўсіх абласных камісіях, у тэрытарыяльных камісіях гарадоў іх нямала”, – сказала Лідзія Ярмошына.
Раней у ЦВК ужо адзначалі інтэнсіўную работу нацыянальных наглядальнікаў у час кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў, пры гэтым найбольшую актыўнасць праяўляюць грамадскія аб’яднанні.

Электроннае галасаванне дарэчы толькі для тых, хто жыве за мяжой

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама пракаменціравала выкарыстанне інавацыйных тэхналогій у выбарчых кампаніях. “Электроннае галасаванне, на мой погляд, павінна прымяняцца ў вельмі рэдкіх выпадках. Бачу яго перспектыву толькі для арганізацыі галасавання грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой”, – сказала яна.
Лідзія Ярмошына ўпэўнена, што ніколі не трэба адмаўляцца ад дэмакратычных традыцый, а менавіта ад неабходнасці прыходу выбаршчыкаў на ўчасткі, дзе яны могуць сустрэцца з суграмадзянамі, убачыць, як працуе выбарчая камісія.
“Увесь свет так жыве. Краіны старой дэмакратыі пры ўсіх сваіх магчымасцях па-ранейшаму выкарыстоўваюць папяровыя бюлетэні, думаючы аб умацаванні грамадства”, – падкрэсліла кіраўнік ЦВК.
У час некалькіх выбарчых кампаній ЦВК запрашала грамадзян на ўчасткі для галасавання па SMS. У гэтым годзе такія паведамленні рассылацца не будуць – ЦВК страціла на гэта права. “Змянілася заканадаўства, якое рэгулюе прадастаўленне паслуг мабільнай сувязі. Цяпер правам рассылаць бясплатныя паведамленні карыстаецца толькі МНС. Але мы, адразу ж магу сказаць, не будзем з гэтым мірыцца. І пры ўсякім планавым змяненні выбарчага заканадаўства мы такое права сабе таксама закладзём абавязкова ў закон. Таму што ад гэтага адмаўляцца не трэба”, – адзначыла Лідзія Ярмошына.

Пытанне развядзення выбараў 2020 года

Пытанне развядзення па тэрмінах выбараў 2020 года могуць абмяркоўваць на сумесных кансультацыях Прэзідэнт і кіраўніцтва парламента, заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына.
“Справа ў тым, што пытанне назначэння выбараў Прэзідэнта – гэта пытанне парламента, а пытанне назначэння выбараў у парламент – пытанне Прэзідэнта. Гэта можа ажыццяўляцца шляхам сумесных кансультацый кіраўніцтва парламента з кіраўніком дзяржавы”, – растлумачыла Лідзія Ярмошына, гаворачы аб тэхнічным баку развядзення дзвюх палітычных кампаній, якія запланаваны на 2020 год.
Згодна з календаром выбараў і рэферэндумаў, апублікаваным на сайце Цэнтрвыбаркама, прэзідэнцкія выбары ў 2020 годзе павінны прайсці не пазней за 30 жніўня, выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў – не пазней за 10 верасня, выбары членаў Савета Рэспублікі – не пазней за 11 верасня.
Раней Лідзія Ярмошына адзначала, што адну з палітычных кампаній мэтазгодна перанесці на больш ранні тэрмін. На яе думку, лістапад 2019 года – “ідэальны перыяд для гэтага”.
БелТА.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*