Методический фестиваль в 3-ей школе г.Жабинка

Методический фестиваль в 3-ей школе г.Жабинка

Вечны творца — Настаўнік

Метадычны фестываль, які традыцыйна праводзіцца штогод, сёлета праходзіў у трэцяй гарадской школе і супаў з 10-гаддзем метадычнай службы раёна (з дня яе адраджэння). Яго адкрыла намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі К.М.Сіда, якая была ў вытокаў гэтай службы і стварэння навукова-метадычнага кабінета (НМК). Яна ўзгадала гісторыю тых дзён: “Канечне, метадычная служба існуе даўно: раней працавалі раённыя педкабінеты, а вось з 1 верасня 2001г. пачаў сваю дзейнасць НМК. На працягу пяці гадоў там працавалі толькі два супрацоўнікі: яго загадчыца і метадыст Аксана Уладзіміраўна Сацюк. Але шмат важных задач трэба было рашаць: укараненне сучасных адукацыйных тэхналогій, перагляд структуры ўрока, распрацоўка новых падыходаў у педагагічнай дзейнасці і г.д. І супрацоўнікі знаходзілі новыя шляхі работы з кадрамі. З 2002 года ўкаранёны педагагічныя чытанні, а з 2004-га — навукова-практычныя канферэнцыі з удзелам настаўнікаў і вучняў. Асаблівую ўвагу метадычная служба надае конкурсам прафесійнага майстэрства: іх праведзена дзевяць. І канечне ж, высокую эфектыўнасць паказала штогадовае правядзенне творчых фестываляў, на якіх глыбока і змястоўна падводзяцца вынікі работы за ўвесь навучальны год, вызначаюцца праблемы”.
Потым з дакладам “Садружнасць і сатворчасць — зарука паспяховай адукацыі” выступіла загадчыца НМК І.У.Пальчук, якая паведаміла, што актыўна ўкараняюцца разнастайныя формы работы з кадрамі: “круглыя сталы”, майстар-класы, семінары-практыкумы, творчыя справаздачы, метадычныя відэатрэнінгі і шмат іншых, працуе школа стажора. Яшчэ адзначалася, што педагогі Жабінкаўшчыны рэгулярна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, пастаянна арганізоўваюцца алімпіяды, сустрэчы з таленавітымі дзецьмі. Сур’ёзна працуе і бібліятэка НМК, дзе збіраецца і захоўваецца разнастайная інфармацыя. Кніжны фонд яе налічвае каля 4000 экзэмпляраў, штогод выпісваецца 5-7 расійскіх перыядычных выданняў і каля 48 айчынных, а ў апошнія гады тут створана яшчэ і медыятэка, якая налічвае звыш 200 дыскаў. Акрамя таго, актыўна вывучаюцца і асвойваюцца рэсурсы інтэрнэта. Адным словам, НМК пастаянна ўдасканальвае метадычную падтрымку прафесійнага росту настаўніцтва. Штогод на гэтым мерапрыемстве 3-4 выбраныя ўстановы адукацыі паказваюць свае творчыя здольнасці, эрудыцыю, педагагічнае майстэрства.
На гэты раз такое права было дадзена гарадскому ліцэю, ДУА “Старасельская базавая школа” і “Ракітніцкі дзіцячы сад”. Яны прадэманстравалі сваю крэатыўнасць і прафесіяналізм, артыстычнасць і вернасць выбранай прафесіі. Педагогі ігралі на музычных інструментах і спявалі, асобна і ў вялікіх гуртах, танцавалі і ўдзельнічалі ў тэатралізаваных сцэнах. Дарэчы, ім дапамагалі іх выхаванцы. За музыкай і гумарам мільгацелі і сур’ёзныя матывы, звязаныя з няпростай і адказнай прафесіяй настаўніка.
Не абмінулі ўвагай на свяце і маладых педагогаў. Настаўніца інфарматыкі і фізікі трэцяй гарадской адзінаццацігодкі Вольга Барысаўна Сцяпурка прапанавала гледачам справаздачу аб сваёй стажорскай практыцы. А адзін з найбольш творчых педагогаў раёна Таццяна Уладзіміраўна Вярэніч звярнулася да маладых настаўнікаў з наказам у вершаванай форме.
Потым адбылося ўзнагароджванне ганаровымі граматамі аддзела адукацыі і грашовымі прэміямі настаўнікаў, выхавальнікаў, музычных кіраўнікоў за актыўны ўдзел у развіцці творчых здольнасцяў школьнікаў.
У заключным слове К.М.Сіда падзякавала ўдзельнікам і арганізатарам фестывалю, пажадала ўсім творчых поспехаў і надалей, а таксама нагадала старую ісціну: чалавеку неабходна заўсёды тварыць, таму што тварэнне можа перажыць творцу. І ў гэтым — вялікі сэнс. Яшчэ Кацярына Мікалаеўна заўважыла, што вучань — гэта не пасудзіна, якую трэба напоўніць, а факел, які патрэбна запаліць. І зрабіць гэта можа толькі Настаўнік.

А.ЯРМАШУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 5%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top