Са студзеня бацькі навучэнцаў трэцяй гарадской адзінаццацігодкі пачалі аплачваць школьныя абеды праз сістэму АРІП (ЕРИП). Асабіста для мяне гэта вельмі зручна: зайшоў, не выходзячы з дома, у інтэрнэт-банкінг, пару разоў націснуў на патрэбныя кнопачкі – і аплаціў. Хутка, не трэба здымаць наяўныя грошы з карткі і несці іх выхавальнікам групы падоўжанага дня або класным кіраўнікам, што доўгі час былі абцяжараны збіраннем грашовых сродкаў за харчаванне школьнікаў.
А як аднесліся да гэтага новаўвядзення бацькі і педагогі?
Сцяпан Сарокін:
– Мае двайняты Яніна і Данііл наведваюць групу падоўжанага дня, снедаюць, абедаюць і палуднуюць у школе. Мне, як індывідуальнаму прадпрымальніку, часта даводзіцца наведвацца ў банк. Таму аплату школьнага харчавання праз сістэму АРІП вітаю абедзвюма рукамі: такі спосаб празрысты і камфортны. Так лягчэй і нам, і педагогам. Ім, прынамсі, не трэба займацца грашовымі разлікамі з бацькамі: правільна даць здачу, адзначыць у спісе, што грошы за харчаванне ўнесены (не дай бог забыць гэта зрабіць, недадаць, перадаць і г.д.).
Валерыя Каралюк:
– Мне даспадобы гэтае новаўвядзенне. Нашмат зручней аплачваць паслугі (і школьнае харчаванне ў тым ліку) праз сістэму “Разлік” (АРІП), седзячы за камп’ютарам дома ці, нават не ўстаючы з канапы, з дапамогай смартфона. Усяго толькі і патрэбна націснуць пару кнопак і перавесці грошы з карткі на рахунак аддзела адукацыі, спорту і турызму.
Сяргей Кулецкі:
– Для мяне не было праблемай плаціць за харчаванне дачкі Сафіі, аддаючы грошы выхавальніку групы падоўжанага дня: зняў з карткі колькі трэба, прынёс, аддаў. Але пераход на аплату школьнага харчавання праз сістэму АРІП вітаю: у век найноўшых тэхналогій гэта непазбежная і зручная з’ява, якая спрашчае жыццё выхавальнікам, класным кіраўнікам і бацькам.
Віктар:
– Мне значна прасцей было аддаваць грошы ў рукі класнаму кіраўніку дачкі. А зараз трэба ісці ў банк, стаяць у чарзе, губляць час. Інтэрнэт-банкінгу ў мяне няма, з камп’ютарам я “на вы”. Па мне чым прасцей, тым зручней.
Вікторыя Шаўчук:
– Такая сістэма значна спрасціла для бацькоў аплату харчавання іх дзяцей у школе. Пагадзіцеся, так мы аплачвалі сняданкі-абеды-полудні ў дзіцячым садзе, і гэта вельмі зручна. А то каб аддаць наяўныя сродкі, іх трэба зняць, пажадана без здачы прынесці педагогу, якому ў пару было паспачуваць з прычыны штомесячных грашовых збораў. Я вельмі рада, што з’явілася магчымасць аплачваць харчаванне сына і дачкі праз інтэрнэт.
Соф’я Мамановіч:
– Мы даўно гэтага чакалі. Плюсы такой формы аплаты школьнага харчавання відавочныя: нам, настаўнікам і выхавальнікам, не трэба займацца наяўнымі грашыма, насіць пры сабе вялікія сумы, асцерагаючыся банальных крадзяжоў. Думаю, выхавальнікі і класныя кіраўнікі нашай школы пацвердзяць: стала лягчэй і зручней.
Апытвала і фатаграфавала Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%