Сустрэчы з калектывамі патрэбныя і эфектыўныя

Святлана БЯЛЯК.

Старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі ў межах адзінага дня інфармавання сустрэўся ў мінулую пятніцу з працоўным калектывам ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”.
Спачатку, па традыцыі, кіраўнік раёна расказаў пра самыя важныя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці, як на іх фоне выглядае наша Жабінкаўшчына, а таксама пра ролю сельскагаспадарчай вытворчасці і перапрацоўчай прамысловасці ў эканамічным развіцці Брэстчыны.
– Сельскагаспадарчая вытворчасць – адна з важнейшых галін эканомікі, – пачаў сваё выступленне Дзмітрый Мікалаевіч. – Ад яе развіцця ў значнай меры залежыць жыццёвы ўзровень і дабрабыт насельніцтва, а таксама сацыяльная і палітычная стабільнасць у грамадстве.
У апошнія гады доля сельскай гаспадаркі вобласці ў валавым рэгіянальным прадукце складае каля 13 %. Брэстчына мае значны зямельны рэсурс – каля 3,3 млн. га, з якіх 42 % – сельгасугоддзі. У сельскай гаспадарцы рупяцца каля 14 % работнікаў, занятых у рэальным сектары эканомікі. Што тычыцца Жабінкаўшчыны, то аснову эканомікі складае аграпрамысловы комплекс. А гэта восем сельгасарганізацый, свінакомплекс “Сычова” ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, сялянска-фермерскія гаспадаркі, асабістыя падвор’і грамадзян і перапрацоўчыя прадпрыемствы. Раён спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжа, цукровых буракоў і масланасення рапсу. За мінулы год тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі па ўсіх катэгорыях склаў 107,2 %.
У прыярытэце – жывёла-гадоўля. Сродкі, укладзеныя ў будаўніцтва, мадэрнізацыю і забеспячэнне абсталяваннем МТФ, акупаюцца прыбаўкай малака і мяса. Так, сярэдні надой на карову за мінулы год павялічыўся на 679 кг і склаў 6601 (другое месца ў вобласці). Палепшылася і якасць малака, што пастаўляецца на перапрацоўку: летась гатункам “экстра” і вышэйшым рэалізавана 95,7 % малака (+6,1 % у параўнанні з 2016 годам). Таксама было атрымана 4 тысячы тон ялавічыны і 4,2 тысячы тон свініны.
Што тычыцца раслінаводства, дык летась намалацілі 46,7 тысячы тон збожжа (104,9 % да ўзроўню 2016 года) пры сярэдняй ураджайнасці 33,5 ц/га. Вельмі ўдалым год быў для вырошчвання цукровых буракоў – упершыню валавы збор салодкіх каранёў склаў амаль 80 тысяч тон.
Свой уклад у вытворчасць сельгаспрадукцыі ўносяць і сялянска-фермерскія гаспадаркі, якія займаюцца вырошчваннем садавіны і гародніны, збожжа, цукровых буракоў, бульбы, ягад, вытворчасцю малака і мяса.
Закрануў Дзмітрый Мікалаевіч у сваім выступленні і тэму падрыхтоўкі на Жабінкаўшчыне да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь 28 склікання.
– У раёне сфарміравана 18 участковых выбарчых камісій участкаў для галасавання. У іх працуюць 216 чалавек. На пасяджэнні акруговай камісіі зарэгістраваны кандыдаты ў дэпутаты абласнога Савета па Жабінкаўскай выбарчай акрузе № 30: генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Віктар Міронаў і намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце, кадрах і сацыяльных пытаннях Жабінкаўскай дыстанцыі пуці Вадзім Скачыкоўскі. У раённую выбарчую камісію пададзены дакументы на 27 чалавек па 27 акругах. На пасяджэннях сельскіх выбарчых камісій зарэгістраваны 81 кандыдат у дэпутаты па 79 выбарчых акругах.
На сённяшні дзень члены ўчастковых камісій удакладняюць і складаюць спісы выбаршчыкаў. З 2 лютага на ўчастках для галасавання будзе арганізавана дзяжурства.
Затым старшыня райвыканкама расказаў, як будзе развівацца Жабінкаўшчына ў бліжэйшы год.
У другой частцы сустрэчы Дзмітрый Мікалаевіч быў гатовы выслухаць праблемы, што хвалююць работнікаў камбікормавага завода. Яны ахвотна цікавіліся, калі з’явіцца зручная дарога ад Азят да Сычова; ці будуць гарэць вулічныя ліхтары ў Здзітаве пасля апоўначы; чаму няма пешаходнай зоны на скрыжаванні вуліц Лесапаркавай і Міру; дзе заняцца спортам, акрамя як у ФАУ «СК “Бадзёрасць”»; як будуць аплачвацца камунальныя паслугі ў студзені; ці плануецца будаўніцтва дзіцячага сада ў Жабінцы.
Кіраўнік раёна даў грунтоўныя адказы на ўсе пытанні.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.