ІІІ з’езд рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” прайшоў у Мінску. Падчас яго падведзены вынікі работы арганізацыі за 2012-2017 гады, зацверджаны новыя рэдакцыі статута і праграмы грамадскага аб’яднання. Удзельнікі з’езда выбралі Рэспубліканскі савет.
Прэзідэнт накіраваў прывітанне дэлегатам і ўдзельнікам з’езда
“З усіх рэгіёнаў краіны ваш прадстаўнічы форум сабраў шчырых патрыётаў, людзей актыўнай жыццёвай пазіцыі, якіх аб’ядноўвае імкненне быць карыснымі грамадству і дзяржаве, – адзначыў Прэзідэнт. – Створаная па народнай ініцыятыве “Белая Русь” стала па-сапраўднаму масавым рухам, адным са стаўпоў грамадзянскай супольнасці, ядром здаровых і канструктыўных сіл нашай краіны. Ваша цеснае ўзаемадзеянне з органамі ўлады і работа з рознымі слаямі насельніцтва дапамагаюць забяспечваць паспяховае правядзенне сацыяльна-эканамічнай палітыкі дзяржавы”.
Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць, што і ў далейшым аўтарытэт і роля гэтага аб’яднання няўхільна будуць узрастаць.
“Белая Русь” – пляцоўка для дыялогу
“Паколькі ідэалагічным стрыжнем “Белай Русі” была і застаецца падтрымка палітыкі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, то дзейнасць арганізацыі не факусіруецца вакол барацьбы за ўладу. Гэта дае магчымасць аб’яднанню ўзважана глядзець на ўсе працэсы з агульнадзяржаўных, агульнанародных пазіцый”, – заявіў старшыня РГА “Белая Русь” Аляксандр Радзькоў на ІІІ з’ездзе грамадскага аб’яднання. Паводле яго слоў, “Белая Русь”, па сутнасці, стала натуральным, агульнанацыянальным, народным рухам.
“Гэта пляцоўка для дыялогу прадстаўнікоў розных груп, аб’яднанняў, партый, арыентаваных на супрацоўніцтва з уладай”, – адзначыў старшыня аб’яднання.
Патэнцыял “Белай Русі” яшчэ не вычарпаны
Паводле слоў Аляксандра Радзькова, праведзены аналіз пацвердзіў, што “з улікам сучасных сусветных тэндэнцый у існуючай палітычнай сістэме патэнцыял “Белай Русі” як грамадскага аб’яднання яшчэ не вычарпаны”.
Ён звярнуў увагу, што “Белая Русь” за 10 гадоў свайго існавання стала аўтарытэтнай грамадска-палітычнай арганізацыяй і магла б выступаць як самастойны суб’ект палітычных адносін, напрыклад, пераўтварыцца ў партыю. “Аднак, прадметна вывучаючы тэндэнцыі, што адбываюцца ў сучасным хутказменлівым свеце, можна заўважыць відавочнае ўзмацненне раз’яднанасці сусветнай супольнасці. Гэта кідае выклік прыхільнікам традыцыйных палітычных партый, левых і правых ідэалогій”, – падкрэсліў старшыня РГА “Белая Русь”.
Беларусы змогуць удзельнічаць у экспертызе законапраектаў
Аляксандр Радзькоў праінфармаваў, што ў бліжэйшы час грамадскаму аб’яднанню давядзецца перабудаваць сваю работу, зрушыўшы асноўныя акцэнты “на ідэалагічнае суправаджэнне дзяржаўных рашэнняў, экспертную і аналітычную работу”.
“Белая Русь” павінна даць усім грамадзянам краіны магчымасць выяўляць надзённыя праблемы, уплываць на вырашэнне пытанняў, якія часам тонуць у бюракратычнай валакіце, непасрэдна ўдзельнічаць у экспертызе законапраектаў, выказваць свае прапановы яшчэ на этапе іх распрацоўкі”, – падкрэсліў ён.
Аляксандр Радзькоў лічыць, што настаў час накіраваць палітычны прафесійны вопыт “Белай Русі” і на знешні контур, вызначыць сваю пазіцыю па пытаннях сацыяльна-палітычнага і эканамічнага развіцця краіны.
Міжнародная дзейнасць «Белай Русі» можа ўмацавання пазіцый краіны на сусветнай арэне
«Нам бачыцца, што міжнародная дзейнасць «Белай Русі» можа паслужыць умацаванню публічнай дыпламатыі, фарміраванню спрыяльнага для нашай краіны грамадскага меркавання за мяжой, у тым ліку на пляцоўках ААН, ПАСЕ, АБСЕ», — сказаў Аляксандр Радзькоў.
Паводле слоў старшыні аб’яднання, у час прэзідэнцкіх выбараў 2015 года міжнародныя арганізацыі цесна супрацоўнічалі з «Белай Руссю», вырашаючы з яе дапамогай свае пытанні. «Тое, што іх цікавіла, усё было праз нас. Дарэчы, праверылі ўсю нашу сістэму, усе нашы грамадскія прыёмныя, наш штаб і непасрэдна з намі працавалі. Нават перапіску з Прэзідэнтам праз нас вялі», — заўважыў ён.
«Развіваючы сваю дзейнасць у гэтых напрамках, «Белая Русь» зможа набыць адпаведны палітычны вопыт, пры якім у далейшым стануць магчымы і больш складаныя пераўтварэнні палітычнай сістэмы», — дадаў Аляксандр Радзькоў.
“Белая Русь” хоча ўзяць пад патранаж малы і сярэдні бізнес
“З’яўленню новых надзейных партнёраў дзяржавы ў прыватным сектары будзе садзейнічаць грамадскі патранаж “Белай Руссю” малога і сярэдняга бізнесу. Гэта работа дасць магчымасць стварыць дадатковыя ўмовы для развіцця народнага прадпрымальніцтва, заняць прадпрыемлівую моладзь і захаваць жывы актыў у краіне”, – лічыць Аляксандр Радзькоў.
У гэтым напрамку, на яго думку, стаўку неабходна рабіць на спецыялістаў, якія атрымалі вопыт інавацыйнай дзейнасці. Лідар “Белай Русі” прывёў у прыклад удзел членаў грамадскага аб’яднання ў рэалізацыі інавацыйных праграм па мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі. “Там людзі набылі навыкі работы, укаранення, пошукаў рынкаў. Тых, хто сябе праявіў, на наш погляд, трэба прыцягваць да бізнесу: яны разумныя і ўжо вопытныя”, – адзначыў старшыня РГА.
“Белая Русь” і БРСМ прадоўжаць пераемную работу з моладдзю
Аб гэтым журналістам заявіў член Савета Рэспублікі першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА “БРСМ” Андрэй Белякоў, які прыняў удзел у III з’ездзе РГА “Белая Русь”.
У ліку прыярытэтаў “Белай Русі” на пяцігодку – фарміраванне пераемнасці ў грамадска-палітычнай рабоце з моладдзю. Плануецца ўмацоўваць супрацоўніцтва з БРПА і БРСМ. Саюз моладзі таксама выступае за пераемнасць традыцый, арыенціраў, падыходаў. “Гэта вельмі важна. Дзякуючы такой сістэме дзяржава рухаецца наперад”, – сказаў Андрэй Белякоў.
Ён адзначыў, што многія актывісты БРСМ з’яўляюцца членамі “Белай Русі”. “Мы разам ствараем, будуем нашу краіну”, – падкрэсліў першы сакратар ЦК БРСМ. Ён выказаў упэўненасць, што вопыт, які набываецца ў такіх грамадскіх аб’яднаннях, спатрэбіцца маладым людзям не толькі ў прафесіі, але і ў жыцці ў цэлым.
Трэба больш актыўна працаваць з людзьмі на месцах
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава на пасяджэнні Рэспубліканскага савета РГА “Белая Русь” заклікала грамадскае аб’яднанне больш актыўна працаваць з людзьмі на месцах.
“Ёсць людзі актыўныя – прыцягвайце іх да работы. І гэта работа павінна быць па ўсіх напрамках: у рэгіёнах, з насельніцтвам, міжнароднае супрацоўніцтва”, – дадала Наталля Качанава.
Ацэньваючы вынікі работы “Белай Русі” за папярэднюю пяцігодку, Наталля Качанава падкрэсліла, што арганізацыя прырасла колькасна, паспяхова вырашала пастаўленыя перад ёй задачы. У якасці прыкладу яна прывяла грамадскія прыёмныя, назваўшы іх знакавым і значным праектам.
Напрамкі дзейнасці і задачы на пяцігодку
ІІІ з’езд РГА “Белая Русь” па выніках сваёй работы вызначыў прыярытэтныя напрамкі ў дзейнасці аб’яднання на будучую пяцігодку.
З’езд прызнаў работу грамадскага аб’яднання ў 2012-2017 гадах здавальняючай. Галоўнымі напрамкамі ў дзейнасці “Белай Русі” на будучы перыяд вырашана лічыць забеспячэнне грамадскай падтрымкі палітыкі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, развіццё грамадзянскай супольнасці, стымуляванне грамадскай і грамадзянскай актыўнасці праз узаемадзеянне з органамі дзяржаўнай улады на адносінах канструктыўнага супрацоўніцтва.
Аб’яднанне будзе значную ўвагу ўдзяляць кансалідацыі грамадства на вырашэнне задач сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця краіны, правядзенню маніторынгу грамадскай думкі па важнейшых пытаннях развіцця грамадства. Свае намаганні “Белая Русь” таксама сканцэнтруе на экспертызе законапраектаў і грамадскім кантролі, падтрымцы народнага прадпрымальніцтва.
Акрамя таго, будзе актыўна праводзіцца работа па выяўленні найбольш падрыхтаваных у прафесійным і ідэалагічным плане актывістаў, работа па іх вылучэнні на кіруючыя пасады ў розных галінах народнай гаспадаркі. Звернуць увагу і на фарміраванне пераемнасці ў грамадска-палітычнай рабоце з моладдзю праз умацаванне супрацоўніцтва і выпрацоўку механізмаў узаемадзеяння з Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыяй і Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі.
У “Белай Русі” лічаць важным развіваць публічную дыпламатыю, фарміраваць спрыяльнае грамадскае меркаванне аб краіне за мяжой. Умацаванне раённага звяна, нарошчванне палітычнага вопыту членаў аб’яднання – яшчэ адна з заяўленых задач арганізацыі.
Старшынёй РГА “Белая Русь” выбраны кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Такое рашэнне аднагалосна прыняў Рэспубліканскі савет грамадскага аб’яднання.
Экс-старшыня “Белай Русі” Аляксандр Радзькоў застаўся ў складзе Рэспубліканскага савета і запэўніў, што прадоўжыць прыкладаць усе неабходныя намаганні для развіцця грамадскага аб’яднання.
БелТА.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%