Сагрэюць цёплыя словы i гарачы чай

Святлана БЯЛЯК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

У снежні мінулага года пад эгідай рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК дадзены старт рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод”.
Нямала рупліўцаў у кожным куточку нашай сінявокай Беларусі клапоцяцца аб дабрабыце краіны. Яны працуюць на палях і фермах, пастаўляюць на сталы хлеб, малако і мяса. І калі сейбіты ў гэтыя зімовыя дні маюць хоць невялікую перадышку-адпачынак напярэдадні чарговай пасяўной, дык жывёлаводы шчыруюць на малочнатаварных фермах штодзённа, не звяртаючы ўвагі на пару года, святы і нядзелі.
У межах акцыі “Наш жывёлавод” старшыня Жабінкаўскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталля Карпук і начальнік аддзела сацыяльна-эканамічнай работы абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Бараноўскі ў мінулую пятніцу пабывалі на дзвюх фермах Жабінкаўшчыны.
Найперш наведалі калектыў МТФ № 8 “Старое Сяло” ААТ “Азяты-АГРА”. Да гасцей з раёна далучыліся старшыня прафкама Іна Шкарупа, дырэктар таварыства Аляксандр Лукашэвіч і памочнік брыгадзіра Алена Платонава. Наталля Львоўна і Аляксандр Аляксандравіч пацікавіліся ўмовамі працы, забяспечанасцю спецвопраткай і абуткам, сродкамі індывідуальнай аховы працаўніц. Звярнулі ўвагу і на абнаўленне інфармацыйных стэндаў. Напрыканцы сустрэчы работнікам фермы госці ўручылі вельмі карысныя падарункі: электрычны чайнік і чайны набор.
З такой жа місіяй госці наведалі і ферму “Арэпічы” аднайменнай гаспадаркі. Прафсаюзныя лідары таксама выслухалі працаўніц і ўручылі ім падарункі. Зараз, калі за вокнамі гаспадарыць завіруха, дзяўчатам-жывёлаводам будзе не лішнім сабрацца ў абедзенны перапынак разам і сагрэцца за кубачкам чаю з новага электрачайніка. Акцыя “Наш жывёлавод” працягнецца да вясны.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.