Дар’я НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Маёр Аляксандр Батуля 17 гадоў прысвяціў службе ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях. Амаль увесь гэты час ён рупіцца на Жабінкаўшчыне, прайшоўшы шлях ад пажарнага да старшага інжынера. За шчырую працу Аляксандр Уладзіміравіч быў адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню, а напрыканцы мінулага года атрымаў медаль “За бездакорную службу” ІІІ ступені.
Дынастыя пажарных
– Памятаю, як у дзяцінстве з дзядулем Васілём Сямёнавічам прыходзіў у жабінкаўскую пажарную часць, – кажа Аляксандр Батуля. – Мне, малому, было ўсё тут цікава, хацелася знутры ўбачыць, чым займаюцца выратавальнікі. Здаралася, разам з дзядулем я аказваўся ў самым эпіцэнтры падзей. Ён добра фатаграфаваў, пасля гэтыя работы выкарыстоўваліся як наглядна-выяўленчая прадукцыя. Васіль Сямёнавіч уваходзіў у добраахвотнае пажарнае таварыства, быў пазаштатным інспектарам, займаўся прафілактычнай работай.
З Жабінкаўскім РАНС была звязана і працоўная дзейнасць роднага дзядзькі майго героя, які рупіўся ў аддзеле старшым вадзіцелем. Бацька ж Аляксандра чвэрць веку прысвяціў службе ва Узброеных Сілах Беларусі. Гэтыя прыклады сапраўдных мужчынскіх прафесій паўплывалі на выбар маладога чалавека. Ён паступіў у Салігорскі горна-хімічны тэхнікум, дзе абраў спецыяльнасць “пажарная тэхніка і бяспека”.
Уверх па кар’ернай лесвіцы
Спецыяліста-пачаткоўца сустрэў Кобрынскі РАНС, дзе Саша Батуля апрануў форму пажарнага і акунуўся ў працоўныя будні выратавальніка. Ужо праз паўгода ён папоўніў калектыў аддзела па надзвычайных сітуацыях на Жабінкаўшчыне і заняў пасаду начальніка каравула.
– Тут атрымаў першае афіцэрскае званне – малодшы лейтэнант, – расказвае Аляксандр. – Адчуваў падтрымку Сяргея Атрышкі і Генадзя Гаркалюка, якія многаму навучылі. Праз некаторы час мне даверылі выконваць адказную работу інспектара групы прапаганды і навучання. Адказную, аднак вельмі цікавую. Выступаў перад школьнікамі і працоўнымі калектывамі, арганізоўваў для іх цікавыя тэматычныя сустрэчы і акцыі, займаўся правядзеннем спаборніцтваў і кіналекторыяў… Спраў было шмат, але стараўся паспець усюды!
Хутка ініцыятыўнаму Аляксандру Уладзіміравічу прапанавалі пасаду інспектара інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду. На ягоных мужных плячах аказалася не толькі пажарная бяспека арганізацый і жылага сектара, патрэбна было займацца прафілактычнай работай, выяўляць прычыны здарэнняў, пры неабходнасці аказваць першую дапамогу. Мой герой дасюль памятае, як у той час яны з калегам выратавалі ад вогненнай стыхіі дваіх маленькіх дзетак.
Клопаты старшага інжынера
З 2013 года Аляксандр Батуля – старшы інжынер групы арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы прадухілення і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Жабінкаўскага РАНС. Мужчына ўсміхаецца: можна лёгка заблытацца ў назве пасады. Калі сцісла, то дзейнасць Аляксандра Уладзіміравіча ахоплівае ўвесь раён і накіравана на тое, каб звыклы лад жыцця жыхароў Жабінкаўшчыны не парушалі розныя здарэнні.
– Зараз вельмі актуальнай тэмай з’яўляецца прадухіленне няшчасных выпадкаў на тонкім лёдзе, – заўважае маёр. – З надыходам вясны – ліквідацыя падтапленняў. Безумоўна, асаблівая ўвага надаецца таму, каб у жылым сектары і прыродных экасістэмах не здараліся пажары. Спецыяльныя рэйды праводзяцца з мэтай своечасовага выяўлення будынкаў, якія знаходзяцца пад пагрозай разбурэння. Кантралюем надзейнасць электразабеспячэння, не застаемся ўбаку ад праблемы, звязанай з захворваннямі сельскагаспадарчых жывёл. У цёплы перыяд пад нашай пільнай увагай адпачынак жабінкаўцаў на вадзе ды шмат іншых пытанняў. Займаемся арганізацыяй комплексных трэніровак, вучэнняў.
Як бачым, работа не з лёгкіх, але мой герой выдатна спраўляецца з усімі абавязкамі ды яшчэ знаходзіць час для самаразвіцця.
Кнігі і валейбол
Аляксандр Уладзіміравіч прызнаецца, што вольны час нярэдка прысвячае любімаму валейболу, удзельнічаў у спаборніцтвах у складзе каманды аддзела па надзвычайных сітуацыях. Любіць наведваць басейн, а таксама бавіць вечары з кнігамі – падабаецца навуковая і псіхалагічная літаратура. З задавальненнем займаецца добраўпарадкаваннем свайго падворка. У гэтым яму дапамагаюць жонка Наталля ды дзеткі Маргарыта і Максім, якім тата чытае казкі Пушкіна.
Удасканальвацца ў прафесіі дапамагаюць курсы павышэння кваліфікацыі. Дарэчы, Аляксандр Уладзіміравіч атрымаў вышэйшую адукацыю ў Гомельскім інжынерным інстытуце МНС Рэспублікі Беларусь і прайшоў навучанне ў інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі МНС Беларусі. Веды, памножаныя на шматгадовы вопыт, прыносяць свой плён. Нягледзячы на многія ўзнагароды, найлепшай старшы інжынер лічыць удзячнасць людзей. “Калі твая дапамога зрабіла нечае жыццё больш шчаслівым ці нават выратавала яго, гэта і ёсць самая каштоўная ўзнагарода”, – прызнаецца Аляксандр Батуля.
.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%