26 июня — День работников прокуратуры

26 июня — День работников прокуратуры

Служыць законнасці — служыць чалавеку

“Задачамі пракуратуры з’яўляюцца забеспячэнне вяршэнства права, законнасці і правапарадку, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, а таксама грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў…” Такімі словамі пачынаецца арт.4 Закона аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь, на які перш за ўсё звярнуў увагу ў час нашай гутаркі пракурор Жабінкаўскага раёна А.Ц.Дзягель.

— Якім чынам ажыццяўляюцца гэтыя задачы, Аляксандр Ціханавіч?

— Шляхам нагляду за дакладным выкананнем заканадаўства дзяржаўнымі органамі, грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі, службовымі асобамі, іншымі грамадзянамі. За выкананнем законаў пры ажыццяўленні аператыўна-вышуковай дзейнасці, дасудовай вытворчасці, за адпаведнасцю закону судовых пастаноў і выканання іх. Пракуратура каардынуе праваахоўную дзейнасць у барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, праводзіць папярэдняе следства ў выпадках, прадугледжаных Крымінальна-працэсуальным кодэксам. Пракуроры прымаюць удзел у разглядзе судамі грамадзянскіх спраў, звязаных з прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай дзейнасцю, падтрымліваюць дзяржаўнае абвінавачанне ў крымінальных справах, удзельнічаюць у адміністрацыйных працэсах… Гэта калі сцісла пераказваць змест артыкула 4-га “Задачы і накірункі дзейнасці пракуратуры”.

— Але і са сціслага пераказу відно, якое шырокае поле дзейнасці і якая вялікая адказнасць у работнікаў пракуратуры. Акурат гэта прываблівае людзей у вашу прафесію? Юрыдычныя факультэты ВНУ — месцы, наколькі ведаю, “паломніцтва” абітурыентаў.

— Думаю, што вызначальным з’яўляецца жаданне добра ведаць законы дзяржавы, у якой жывем, свае правы і абавязкі, адстойваць інтарэсы асабістыя і іншых людзей. Як правіла, у юнакоў і дзяўчат, што паступаюць на юрфак, развітае пачуццё справядлівасці, ёсць гатоўнасць супрацьстаяць бюракратызму, падману, неправамоцным дзеянням, дзе б яны ні праяўляліся: з боку дзяржаўных чыноўнікаў, праваахоўных органаў ці адміністрацыі прадпрыемстваў, арганізацый. У нашай маладой прававой дзяржаве, якая развіваецца, прафесія юрыста набывае ўсё большае значэнне і мае вельмі шырокую сферу прымянення.
Урэшце, у кожнага чалавека свой выбар. Некаторыя з цягам часу расчароўваюцца ў нашай працы, сапраўды адказнай, няпростай, карпатлівай, даволі часта звышурочнай, без выхадных. Нагрузак, вялікіх патрабаванняў да прафесійнага і маральнага ўзроўню не кожны вытрымлівае.

— У такім разе, згадайце, калі ласка, свой выбар прафесійнага шляху.

— Родам я з вёскі Лясавец, у дзяцінстве марыў стаць міліцыянерам, працаваць у крымінальным вышуку, як мой сусед і сваяк, паважаны ўсімі чалавек. Не дзеля гонару стаць такім, а менавіта каб абараняць людзей. Жаданне набыць сур’ёзную мужчынскую прафесію і прывяло ў юрыдычны інстытут у Харкаў. Там даведаўся, што існуюць таксама органы пракуратуры, дзе займаюцца яшчэ больш адказнымі справамі, забяспечваюць законнасць і правапарадак у краіне. З 1991 года я ў органах пракуратуры на розных пасадах, з 2007-га — у Жабінцы. Што выбраў такую прафесію, не шкадую: яна цікавая, патрэбная, прыносіць маральнае задавальненне ад зробленага для людзей, грамадства.

— З якімі паказчыкамі ў рабоце сустракае раённая пракуратура свой прафесійны дзень?

— За пяць месяцаў гэтага года ўзровень злачыннасці ў раёне знізіўся на 2,2% у параўнанні з такім жа леташнім перыядам. Раскрывальнасць злачынстваў склала 85,7%, што з’яўляецца адным з лепшых паказчыкаў у вобласці (сярэдні абласны — 72%). Каэфіцыент злачыннасці на тысячу чалавек — адзін з самых нізкіх. Сёлета за названы перыяд не было асабліва цяжкіх злачынстваў, амаль удвая менш — цяжкіх, менш таксама ўчыненых асобамі ў стане алкагольнага ап’янення і рэцэдыўных.
Разам з тым узрасла колькасць правапарушэнняў сярод непаўналетніх, больш стала тых, якія ўчынілі групы асобаў. Трывожыць асабліва тое, што з 32 да 42 павялічылася колькасць крадзяжоў. Сярод іх усё больш апошнім часам крадзяжоў з пранікненнем у кватэры. Таму работнікі пракуратуры, міліцыі не перастаюць заклікаць жыхароў аберагаць сваю маёмасць шляхам усталявання ахоўнай сігналізацыі, тым болей, што памесячная яе аплата невялікая. Не ўсім, магчыма, даступная цана за ўстаноўку. З улікам гэтага аддзел Дэпартамента аховы гатовы даваць растэрміноўку плацяжу.

— Вы, па сутнасці, пачалі гаварыць пра папярэджванне злачынстваў. З якімі дзяржаўнымі і грамадскімі структурамі ўзаемадзейнічаеце?

— Закон аб прафілактыцы правапарушэнняў прадугледжвае многа суб’ектаў гэтай работы. Пракуратура каардынуе іх дзейнасць, як і наогул барацьбу са злачыннасцю і карупцыяй. У сумеснай справе ўдзельнічаюць райвыканкам, РАУС, сельвыканкамы, установы, сацыяльнай абароны і сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, адукацыі, аховы здароўя, культуры… Ды і ўсе ўстановы і арганізацыі законам абавязаны займацца прафілактычнай дзейнасцю.
Адзін з яе найважнейшых напрамкаў — папярэджванне п’янства, лячэнне ад алкагольнай залежнасці, спыненне незаконнага продажу спіртнога. Злачынствы звычайна ўчыняюць асобы, што злоўжываюць спіртным, п’янства — дэтанатар сямейных скандалаў, нярэдка з цяжкімі наступствамі, аварый на дарогах, хуліганства, ухілення ад выплаты аліментаў і многага іншага. Пракуратура каардынуе барацьбу, але ні мы, ні міліцыя адны не ў стане перамагчы гэтае зло. І тое, што менш стала, як я ўжо сказаў, правапарушэнняў, дапушчаных людзьмі п’янымі ці нападпітку, заслуга агульная.
Супакойвацца між тым рана. Многа, напрыклад, выяўляецца зараз тых, хто паўторна парушае закон, сеўшы за руль аўто або скутара ў нецвярозым стане. У студзені-маі мінулага года такіх было 10, сёлетняга — 14. Разлічваем на дапамогу насельніцтва: бачыце, што за рулём п’яны чалавек, неадкладна патэлефануйце ў міліцыю, каб зберагчы жыццё і яго самога, і сваё, і сваіх блізкіх, знаёмых. Стараемся пераканаць, што гэта зусім не загана, а, наадварот, гуманнасць.

— На пачатку гутаркі вы адзначылі, што прававая сістэма ў нашай краіне ў пастаянным развіцці. Акрэсліце найбольш істотныя перспектывы.

— Галоўны напрамак — размежаванне функцый прававых органаў, наданне ім большай самастойнасці дзеля эфектыўнай работы. Раней пры раённых пракуратурах быў свой следчы, цяпер жа ён падпарадкоўваецца толькі начальніку следчага аддзела пракуратуры вобласці. У краіне наогул ставіцца задача стварыць асобны следчы камітэт, які аб’яднаў бы следчых пракуратуры, міліцыі, КДБ ды іншых органаў. Плануецца таксама вывесці з-пад падпарадкавання выканаўчай уладзе органаў МУС, у сваю чаргу — перадаць выкананне судовых пакаранняў ад міліцыі пад кантроль міністэрства юстыцыі.
Самае істотнае, што ўжо зараз ажыццяўляецца, — гэта новая канцэпцыя пакарання. Яна выключае абвінаваўчы ўхіл у ацэнцы доказаў: пры недастатковасці апошніх крымінальныя справы не накіроўваюцца ў суд. Іншы, чым раней, падыход да мераў крымінальнай адказнасці: яны робяцца менш жорсткімі; за злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, прадугледжваецца пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. І гэта правільна. Як даўно паказала практыка, калоніі не выпраўляюць чалавека, а ломяць псіхіку, і сацыяльная рэабілітацыя яго пасля адбыцця тэрміну праходзіць вельмі цяжка. Раней далёка не заўсёды гэта ўлічвалася. Скажам, да 2003 года за любы кватэрны крадзеж крымінальны кодэкс прадугледжваў суровую “мінімалку” — ад пяці гадоў турмы. Зараз, з улікам самых розных акалічнасцей справы і характарыстык віноўнага, за такое правапарушэнне могуць быць прызначаны грамадскія работы, абмежаванне волі, арышт, іншыя меры. Ва ўсіх гэтых змяненнях наша дзяржава арыентуецца на сусветны вопыт.

— Ці мае раённая пракуратура дастатковы штат супрацоўнікаў для выканання сваіх функцый? І якую б ацэнку вы далі калектыву на сённяшні дзень?

— Штат пажадана было б пашырыць, калі б у дзяржавы ставала сродкаў. Магчыма гэта хіба што за кошт пераразмеркавання колькаснага складу іншых органаў. Пакуль што задачы вырашаем тымі сіламі, якія ёсць. Аператыўных супрацоўнікаў усяго тры: пракурор, мой намеснік Алена Міхайлаўна Сідарук і памочнік Аляксандр Рыгоравіч Сабчук. Астатнія нашы работнікі — загадчыца канцылярыі Жанна Мікалаеўна Каралюк, шафёр Эдуард Аляксандравіч Аліферчык і кур’ер Галіна Аркадзьеўна Пасюк. Мяркую, адзнака мне і кожнаму з іх — здавальняючая. Станоўчыя вынікі нашай дзейнасці ёсць, і я ўсім кажу дзякуй, усіх віншую з надыходзячым прафесійным святам!

Гутарыў А.КАСКО.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top