1255 крокаў да шчасця

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.

Колькі крокаў да шчасця? Сяргей і Святлана Шаўчукі з райцэнтра падлічылі: 1255. Менавіта праз столькі дзён пасля вяселля ў іх сям’і нарадзіўся сыночак. Уладзіслаў – першынец не толькі ў маладых мамы і таты, але і ўвогуле ў раёне: менавіта ён сваім нараджэннем “адкрыў” лік немаўлятак 2018 года на Жабінкаўшчыне.
Бацькі вераць, што іх сыночак з’явіўся пад шчаслівай зоркай, і 1 студзеня будзе прыносіць яму не толькі падарункі, але і ўдачу, здароўе і добры настрой.
– Я прачытала, што народжаныя 1 сту-дзеня людзі становяцца лідарамі, умеюць дабівацца сваёй мэты, – расказвае маладая мама. – Не ведаю, як будзе далей, аднак ужо зараз менавіта ён вырашае, калі нам, бацькам, можна паснедаць, адпачыць, паспаць. Клопаты вакол сыночка – самыя прыемныя. Сяргей з радасцю дапамагае: ён па-майстэрску спавівае дзіця, мые ў ванначцы, падымаецца да Уладзіка ноччу, люляе. Я вельмі шчаслівая, што ў сынулі такі тата.
Святлана любіць трымаць немаўлятка на руках, углядацца ў тварык і знаходзіць у ім рысы любімага мужа.
– Уладзіслаў – тата Сяргей у мініяцюры, – кажа яна. – Падабаецца назіраць, як сыночак усміхаецца, смешна скручвае вусны трубачкай, нібыта нечаму здзіўляецца. Спадзяюся, што і характарам наш першынец пойдзе ў тату – будзе такім жа вясёлым, пазітыўным, душой кампаніі.
Часам у такія хвіліны Святлана згадвае тую першую і, як аказалася, лёсавызначальную сустрэчу ў цягніку: яны абодва студэнты-трэцякурснікі (толькі Святлана вучылася на настаўніка матэматыкі і інфарматыкі, а Сяргей – на інжынера па інфармацыйных тэхналогіях) вярталіся з Брэста ў Жабінку з лекцый.
Ёй спадабаўся прывабны хлопец, яго манера разважаць, смяяцца, тонка жартаваць, уменне падтрымліваць гутарку. А Сяргей адразу патануў у яе бяздонных вачах і зразумеў: вось яно, каханне і сэнс жыцця. І хаця легкакрылы Амур непрыкметна злучыў іх закаханыя сэрцы, абодва вырашылі не губляць галавы і спачатку атрымаць дыпломы аб заканчэнні ВНУ. Толькі пасля здачы дзяржэкзаменаў згулялі вяселле. Сяргей уладкаваўся ў “Белтэлекам”, а маладая жонка – настаўнічаць у трэцюю гарадскую школу.
– Я самы шчаслівы чалавек, – кажа Сяргей. – Ёсць прафесія, якая прыносіць задавальненне, пачалі будаваць свой дом, жонка нарадзіла сыночка ды яшчэ ў першы дзень новага года. Чаго не хапае? Бадай, толькі дачушкі…

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.