З думкамі пра вялікі космас і малую радзіму

З думкамі пра вялікі космас і малую радзіму

Нядаўна гартала свой школьны фотаальбом. На чорна-белых фотаздымках мы – маладыя дзяўчаты і хлопцы, гарэзлівыя, вясёлыя. Паплылі цёплыя ўспаміны пра школу, нашых добрых, мілых сэрцу настаўнікаў: Ганну Пракопаўну Давыдоўскую, Валерыю Міхайлаўну і Льва Георгіевіча Галаўчынераў, Лідзію Уладзіміраўну Кавальчук, Міхаіла Канстанцінавіча Вашкевіча і іншых. Яны давалі нам трывалыя веды і жадалі, каб кожны з выпускнікоў 10 “А” далёкага ўжо 1971 года рэалізаваў сваю мару, знайшоў сваё месца ў жыцці.
У кожнага з нас яно склалася па-свойму, а сёння я хачу расказаць пра Віктара Мікалаевіча Кірылюка.
Яго тата выкладаў геаграфію ў школе, а мама, Марыя Яўгенаўна Сычова, працавала ў бальніцы.
Віктар вучыўся на выдатна, быў актывістам, лідарам любой кампаніі. Школу ён скончыў з залатым медалём. Яму падабаліся дакладныя навукі, употай марыў асвойваць космас. 70-я – час актыўных і паспяховых даследаванняў Савецкага Саюза ў касмічнай галіне. Таму Віктар паступіў у Маскоўскае вышэйшае тэхнічнае вучылішча імя М. Баўмана – “кузню” касмічных кадраў. Хлопец з Жабінкі выдатна вучыўся на факультэце “Прыборабудаванне”, неаднойчы станавіўся пераможцам у конкурсах на лепшы праект па сістэмах аўтаматычнага кіравання, а таксама ўдзельнічаў у праекце па стварэнні шматразовага касмічнага карабля “Буран”.
З чырвоным дыпломам ён завяршыў вучобу і ўладкаваўся інжынерам у НВА “Геафізіка” на прадпрыемства, якое займалася распрацоўкай і выпускам вырабаў для касмічнай галіны.
Маладому інжынеру, які паспеў стварыць сям’ю і разам з любімай жонкай Таццянай радаваўся нараджэнню дзяцей – Кацярыны, Мікалая і Міхаіла, – прапанавалі вучыцца ва Усесаюзнай акадэміі знешняга гандлю. Ён і тут вылучаўся выдатнай вучобай і паводле размеркавання трапіў у знешнегандлёвае аб’яднанне “Техснабэкспорт”. Праз два гады ён стаў намеснікам дырэктара фірмы, а затым узначаліў “Медлабор”. Віктар пабываў у многіх еўрапейскіх краінах, параўноўваў, як жывуць савецкія грамадзяне і людзі за мяжой.
У 1991 годзе сям’ю Кірылюка напаткала гора – памерла жонка. Хвароба не дала ніводнага шанца на выздараўленне. Уладзімір застаўся з трыма дзецьмі сам. Даводзілася шмат працаваць, каб забяспечыць іх. На дапамогу часам прыязджала з Жабінкі мама, Марыя Яўсееўна, дапамагала гадаваць любімых унукаў. Дарэчы, ёй хутка споўніцца 97 гадоў, і ўнукі Каця, Міша і Коля – жаданыя госці ў Жабінцы.
1993 год у біяграфіі Віктара Кірылюка адзначаны новай прафесіяй – ён стаў дырэктарам даччынай фірмы канцэрна “Бош” у Расіі, калі прачытаў аб’яву аб вакансіі ў газеце “Известия”. У той момант калектыў фірмы налічваў усяго сем супрацоўнікаў.
– Гэта быў для мяне новы вопыт у рыначнай эканоміцы, – узгадвае Віктар. – Менеджмент, маркетынг, лагістыка, кантролінг і іншыя абстрактныя словы ператварыліся ў пэўныя тэхналогіі, на якіх мы пабудавалі бізнес, першыя ў Расіі стварылі інтэрнэт-магазін.
Паспяховага кіраўніка ў хуткім часе запрасілі ўзначаліць даччыную фірму “Выдавецкі дом Бурда”, затым стаў генеральным дырэктарам яшчэ дзвюх фірм, што ўваходзілі ў склад “Выдавецкага дома Бурда” ў Германіі. Была ў яго біяграфіі і праца на пасадзе намесніка генеральнага дырэктара фірмы “Міле”, вытворцы бытавой тэхнікі. У 2010 годзе Віктар уладкаваўся фінансавым дырэктарам у невялічкую расійскую фірму.
Усюды, дзе б ні працаваў мой аднакласнік, намагаўся давесці пачатую справу да канца. Ён памятаў залатое правіла мамы: “Цані кожнага, хто побач з табой. Зразумей і, калі трэба, дапамажы”. Такія адносіны ў Віктара да кожнага. Ён часам строгі, але заўжды справядлівы.
…Цяпер Віктару 63. У яго багаты жыццёвы вопыт, з задавальненнем расказвае цікавыя гісторыі з жыцця, мае зносіны з землякамі праз інтэрнэт. Ганарыцца сваёй мамай, спадзяецца праз тры гады адзначыць яе векавы юбілей. Рады, што выхаваў годных сыноў і дачку. Яны ўсе, дарэчы, як і бацька, атрымалі адукацыю ў МВТВ імя М. Баўмана, Коля і Міша маюць па дзве вышэйшыя адукацыі, дачка Каця – шматдзетная маці, нарадзіла чацвёра дзетак. Яны часта збіраюцца разам, дапамагаюць адзін аднаму.
Аднойчы Віктар з сумам адзначыў, што ягоная мара – даследаваць космас – так і не здзейснілася. Аднак яго ідэі аказаліся слушнымі і рэалізаваліся без ведама Віктара.
– Аказваецца, адзін мой аднакурснік прызнаўся, што за аснову кандыдацкай дысертацыі ўзяў маю курсавую работу, – расказвае Віктар. – Некалі я распрацаваў алгарытм кіравання спускам шматразовага касмічнага карабля “Буран” з вышыні 20 кіламетраў да 200 метраў з вывядзеннем яго ў зада-дзеную кропку прызямлення з пэўнай хуткасцю і накірункам. “Буран” пабываў у космасе толькі аднойчы. У адным дакументальным фільме аб прызямленні гэтага касмічнага карабля заўважыў, што ён перасякае пасадачную паласу пад вуглом 90 градусаў, як я прапаноўваў у сваёй навуковай працы. Зразумеў і парадаваўся, што мае распрацоўкі не засталіся на паперы.
Вось такі мой аднакласнік. Цяпер ён часты госць у Жабінцы, бо даглядае старэнькую маці. У галаве – думкі пра вялікі космас, а сэрца па малой радзіме шчыміць.
Лідзія ІВАНІХІНА.
На здымку: Віктар КІРЫЛЮК з мамай Марыяй СЫЧОВАЙ.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

 

 

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*