Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.
Светлыя зімовыя святы прынеслі нямала прыемных хвілін у прыёмныя сем’і. У раёне іх восем. І ў кожнай прапісалася гармонія адносін паміж дзецьмі, якім вельмі патрэбны цеплыня матуліных рук ды бацькава жыццёвая навука, і дарослымі, што ўсклалі на свае плечы нялёгкую працу выхавальнікаў. Гэта менавіта праца, няпростая, штодзённая, якая вымагае тактоўнасці, цярпення, ветлівай чуласці і ў будні, і ў святы. Не для карысці – для агульнай радасці.
Яшчэ адно такое нечаканае імгненне радасці ў калядныя дні супольна паднеслі прыёмным (і надзвычай прыемным) сем’ям прадстаўнікі прафесі-йных саюзаў і адукацыі Жабінкашчыны.
У рамках рэспублі-канскай акцыі “Прафсаюзы – дзецям”, якая традыцыйна крочыць па краіне пад эгідай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, гаспадары ў Ленінскім, Буснях, Жабінцы ды колішнім Сцяброве разам са сваімі выхаванцамі віталі гасцей – старшыню раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніну Калыбскую і загадчыка сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталлю Андрасюк. Тыя выступілі ў ролі своеасаблівых прадвесніц зімовых казачных надзей і добрага бадзёрага настрою для сем’яў Данелюкоў, Алейнікавых, Гурскіх, Мікуцаў, Курыленкаў, Касцючыкаў, Шпакоў, Янушаў. У кожнага з іх свая гісторыя, што пішацца супольна. Моцна аб’ядноўвае адно, на наш погляд, галоўнае: усведамляючы цяжар адказнасці, дарослыя прымаюць у свае абдымкі дзяцей, якім патрэбна іх дапамога.
Напярэдадні Новага года і Калядаў гаспадары (што працуюць бацькамі) пашчыравалі, каб малыя, атуленыя іх клопатам, надоўга запомнілі свята. Ярка зіхацелі ялінкі ў дамах, асветленых пяшчотай і любоўю, а на вуснах – усмешкі дзяцей і дарослых, шчаслівых, што жывуць яны разам, дружна.
У хаце Наталлі Данялюк і яе дачкі (на здымку) весела гараць ліхтарыкі на ёлцы (дарэчы, у сям’і гадуюцца ажно трое прыёмных дзетак). Святочны настрой не пакідае Яўгенію Алейнікаву з дачкой Ірачкай і гадавалым прыёмным сынам Васільком ды Святлану Гурскую, якая выхоўвае Ваню і Алачку. Шчыра радуюцца падарункам дзеці ў сям’і Мікуцаў (на здымку). Гукамі юных прыветных галасоў поўніцца дом Мікалая Шпака, дзе разам з уласным сынам Слаўкам гадуюцца і прыёмныя – Коля ды Вераніка.
Ёсць у раёне і сапраўдная дынастыя прыёмных бацькоў. Алена Касцючык зараз выхоўвае сына Сашку, а яе дачка Ганна Курыленка – Васілісу (якая гадуецца разам з Ганніным сынам Уладзікам). Сваю пяшчоту жанчыны падзяляюць паміж дзецьмі, што сталі для іх з першага дня нібыта родныя.
Год таму, якраз напярэдадні Раства, з удзелам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Жанны Стаціўка, абранніка ў абласны Савет дэпутатаў Сяргея Ашмянцава, кіраўнікоў раёна Дзмітрыя Гарадзецкага і Анатоля Шалтанюка ганарова адчыніў свае дзверы першы на Жабінкаўшчыне Дом сямейнага тыпу. Бацькамі-выхавальнікамі ў ім сталі Алена і Віктар Янушы. Тады іх клопатам былі агорнуты пяцёра дзяцей: Руслан, Аляксандра, Маша, Арцём ды Юрый. Вясною да дружнай сям’і (дзе ёсць і свае дарослыя дочкі) далучыўся трохгадовы Алёшка. Усім хапае месца, каб жыць у радасці ў доме, пабудаваным выключна для шчасця.
А сёння, акрамя шчодрых падарункаў, у адрас “прыемных прыёмных” з вуснаў гасцей гучалі шчырыя пажаданні дабрабыту і, канечне ж, кахання, якое, як вядома, рухае Сусветам. Няхай так і будзе заўсёды!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%