Огонь Победы в сердце

Огонь Победы в сердце

Іванавы “акадэміі”
Да вайны быў Іванка на гаспадарцы: жывёлу свойскую і суседскую пас.
Займаў пастушок 10-15 рагуль, гнаў бліжэй да балатоў. За тое яму і плацілі гаспадары, не грашыма, канечне, жытам. З маленства ведаў Іванка, што жыццё і жыта — ад аднаго корня паходзяць. Летам аж бранзавеў ад загару. Басанож па поплаву, па расе, з кіёчкам, бывае, асокамі ногі пашкодзіш, але хутка зажыве, бы на сабацы.
Найлепшая пара была восеню, калі надыходзіў час разліку. Тры пуды збожжа за сезон за адну кароўку.
У святы, як на даматканы абрус клалі свежаспечаны каравай, Іван рады быў, што не есць чужы хлеб, а сам яго зарабіў.
І бацька, і маці рабілі, спіны не разгіналі.Вось дзе сялянская навука, сапраўдная акадэмія.
Бясконцая праца навуцы шкодзіла. Заняткі прымяркоўваліся да канца сельскагаспадарчых работ. Як толькі ў полі асноўныя работы завяршаліся, тады і за парты сядалі. Настаўнікаў слухаліся і паважалі, але шкадавалі, што мала часу на іх, аднак стараліся вучыцца, каб зусім не быць цёмнымі. У Рагозне была тая вучэльня, праз колькі кіламетраў.
У школу можна было хадзіць толькі зімою. Ды вось бяда: ботаў няма. І ў царкву (такое здаралася) дзяўчаты і хлопцы басанож бегалі, ды святар не сварыўся, разумеючы: адкуль у галоты добры ўбор, абы вялікіх грахоў не было.
Вясной ізноў класы пустуюць — да наступнага снегу…
Меў Іван ажно чатыры такія “шчарбатыя” класы. Першы-другі спачатку скончыў, а потым (праз год) зноў іх паўтарыў… Настаўнікі цярпліва пісьменнасці вучылі, пераказвалі мінулагоднія заняткі. Усё ж лепей за дзядоў, што пад паперкамі толькі крыжыкі ставілі.
Шэрае на шэрым і трохі чырвонага
Федзькавічы — месца бойкае, пры вялікім гасцінцы, сюды і весткі хутчэй далятаюць. Былі ў наваколлях трошкі багацейшыя, заможнейшыя, ды панамі такіх не назавеш. Працавалі нароўні з усімі, роснай зямлі кланяліся, каб хоць нешта мець.
Паміж Брэстам і Кобрынам двойчы на дзень хадзіў аўтобус. Бывала, што сыходзілі з яго пасажыры ладна апранутыя. Вось гэта былі паны ў світках або вайсковых фрэнчах ды пані-павы з пяром шырокім на шляпах, што ў цяньку стаялі, чакаючы фурманкі да маёнткаў Булькова, Задзерць ці Азяты. Такіх, заможных, былі адзінкі, найчасцей паны мала чым ад сялян розніліся, нават вопраткаю.
Дзяцей у вёсцы было тады паболей, чым зараз.
— Гэта цяпер іх у вёсцы няма, а ў нас, напрыклад, — кажа Іванава жонка, — у маёй сям’і было сямёра. Нараджалі шмат, а хто выжываў — таму і дарога ў свет, іншаму — на могілкі з малым крыжыкам…
У Кавальчукоў, Яўхіма з Домнаю, выжылі двое: наш Іван ды малодшы Фёдар (маладзейшы на дзевяць год). А паміж імі былі яшчэ двое, тых на пагост хутка занеслі…
Федзя, брат меншы, на вайне не быў — ўзростам не падышоў, а вось пазней у войска яго надоўга забралі. У Магадан. Потым — у Краснадар.
Дзе быў той вольны час перад вайною? Не высыпаліся ад працы, як нейкая хвіліна выпадзе, толькі і марыш, вочы заплюшчыць. А заплюшчыш, як ужо чуеш бацькава:
— Уставай, лайдачына, да скаціны!
Ну, і падхопліваешся, на двары, ці то вечар, ці то ранак? У каго зямлі было паболей, той ні дня, ні ночы не ведаў. Зямля гарбатаю рабіла…
А хутка стала яшчэ горш. Нехта напісаў, а Іван (ён жа быў пісьменны) прачытаў: ВАЙНА.
Немцы ішлі няспешна. Дарога шэрая і форма мышыная. Гыргэчуць нешта па-сваёму, як тыя гусі, нічога не зразумееш…
— Ды мы да іх і не падыходзілі, стараліся хавацца ў полі, лесе: хто ж ведае таго Грыця-Фрыца, навошта прыйшоў? Мо з дабром? А мо і па дабро нажытае? Моладзь збягала прэч, каб раптам салдаты не забралі з сабою, — расказвае І.Д.Кавальчук. — Старыя людзі германца ўжо і раней бачылі — у Першую сусветную, калі тыя пылілі па гэтай дарозе з рабункамі на вазах. Нічога добрага тады ад іх не было, і цяпер, ківалі старажылы галовамі, ад іх парадку лепш не стане. Гарэла ўсё чорна-чорна, смуроду нарабілі, пакуль бамбілі нафтабазу ў Жабінцы. І не аднойчы, а некалькі разоў малацілі. Людцы казалі, і станцыю самалётамі абстралялі, нельга ўжо нікуды бегчы — сядзі, дзе сядзеў, жыві, як Бог ды новая ўлада дазволяць. Так усю акупацыю і прабылі на гаспадарцы.
А ў 44-м ішлі нашыя. Немцы цэлую ноч беглі, ды не шашою, а праз Шалухі, Ёжыкі, Філіпавічы…
Ніна Пракопаўна ўспамінае:
— Адною раніцаю ўстаем, а па вёсцы чутка: “Нашы раку пераплываюць!” Адразу і не паверылі, а калі пабачылі, што тое праўда, вельмі ўзрадаваліся. Немцаў ужо не чутно было. Выбягаем з хат, стаім, чакаем, як тыя рускія прыйдуць… Ажно едуць, мокрыя ўсе, бо пераплывалі Мухавец! І такая была сустрэча, што і зараз сэрца кранае. Усе нашы піліпаўскія з кветкамі, колькі было — і малыя, і старыя — з усмешкамі бягуць насустрач: “Божа, няма ўжо немцаў!”
Пастаялі, пагаварылі, пасмяяліся нашы салдацікі дый пайшлі далей у накірунку Брэста.
Аты-баты, ішлі салдаты!
— Нас адправілі першымі ўжо праз некалькі дзён у Брэст, — гаворыць Іван Яфімавіч. — Фашысты, як за Буг беглі, масты паўзрывалі, дык нам задачу паставілі: абавязкова адрамантаваць чыгуначны мост. Загад ёсць загад. А іншых вяскоўцаў, кінулі пад Лугу, рыхтавацца на фронт тэрмінова.
Афіцэру даспадобы было Іванава ўмельства, ды і ўся брыгада падабралася працавітая, таму прапанаваў:
— Заставайцеся з намі ў будаўнічай брыгадзе. Немец шмат што парушыў: і масты, і дарогі, і мястэчкі… Будзе вам працы ўдосталь. Хоць і не з вінтоўкай, але ўсё роўна на галоўным напрамку. Як зробіце сваю справу, так і вайне канец!
Ды мы не пагадзіліся:
— Дома, паночку афіцэрыку, работы таксама хапае. Вунь, самая спёка — зерне сыплецца…
— Будзеце, хлопцы, сапёрамі.
— Не, мы ўжо, паночку, дамоў пойдзем…
— Ну-ну, — толькі і паківаў той афіцэр. — Зараз зброі болей закапана, чым жыта… Іншае цяпер ва ўсіх жніво.
Вярнуліся федзькаўцы ў Жабінку, а там ужо і позва: прымі, даражэнькі, дый распішыся!
Сёння — у хату, маці, бацьку, Федзьку-брата абняць. А заўтра ўжо — аты-баты….
Толькі і чуў 25-гадовы баец ў цяплушцы, як колы грукацяць дзень ды ноч ад Мінска-Літоўскага да Міньска-Мазавецкага. Недалёка — у Польшчу, але на сапраўдную вайну. Былі тут і тыя, хто ўжо ваяваў, з зоркамі на грудзях. Глядзелі на іх навабранцы з павагаю: за проста так зоркі не давалі…
Немец у канцы быў упарты, спіну пад кулі не падстаўляў, бараніўся моцна.
Пастаялі ў ляску пад чужым Мінскам. Трохі папрактыкаваліся, каб у першым баі адразу не разгубіцца. Спрабавалі на хуткую руку з пастушкоў, касцоў, шорнікаў зрабіць салдатаў.
Адзін наш вясковец спытаў:
— А што гэта за цацка такая?
— Карабін.
Кавальчуку далі вучыць КПШ — кулямёт-пісталет Шпагіна.
— Сёння паглядзі, — сказаў сяржант, — заўтра ў справе праверыш, як ён на мушку фрыца ловіць.
Якую вайсковую навуку, ды вопыт здабудзеш за такі тэрмін? Смех дый годзе. А перад самым боем такія дрыжыкі па скуры пайшлі, што вочы да світанка малады салдат не заплюшчыў… Падсілкаваліся кукурузай. А затым раскідалі іх па часцях франтавых, каго куды. Івана — на Першы Беларускі.
— Пайшлі на Варшаву, там шмат каго забіла, а ў мне ад таго бою адмецін не засталося…
У чарговым наступленні, амаль на германскай мяжы, Івана Яфімавіча спаткалі нямецкія кулі. У абедзьве нагі параніла ды яшчэ кантузіла байца, а кантузія памяць “забрала”.
— Гэ, — пакруціў галавою медбрат. — Ты баец — ужо і не баец зусім.
Цягніком везлі раненага Івана ўглыб Расіі. Што не прыпынак — холмікі ля насыпаў чыгуначных… А ён вытрымаў. Усё ж баец аказаўся… Завезлі праз Таганрог у нейкі медінстытут, дзе “паваражылі” урачы над ягонымі нагамі.
Памяць вяртаецца
Вясну 45-га Іван Яфімавіч сустрэў на шпітальным ложку. Больш перажываў за кантузію. Глядзеў з сумам, як нехта гаварыў побач, а Іван не разумее пра што гаворка, нейкім чужым стаў для самога сябе. Праз паўгода памяць патроху стала вяртацца. Дэмабілізавалі. Паехаў на радзіму. Сустрэўся з маці, братам, памянуў бацьку, што з-за недарэчнасці загінуў ў лесе прыкладна ў той час, як сын трапіў у шпіталь.
Пайшло на фронт шмат землякоў. А тут малола, іх бы ў жорнах…
Тыя адзінкі, што выжылі, раненыя, кантужаныя…
Прыйшоў з вайны Іван, стаў з дзяўчатамі сустракацца. Прыгледзеў сабе Ніну Ляшук з Філіпавічаў. Падышлі адзін аднаму. Ёй было 19, яму 26. Вянчаліся у 1946-м, праз год як кончылася вайна. Жыццё пачыналася зноў, бо колькі смерці цягнуцца?..
Да Крупчыцкай царквы ехалі конна, а папярэдне пешшу схадзілі ў Жабінку ў сельсавет, каб шлюб замацаваць на доўгія гады. Пярсцёнкі былі не залатыя, а да залатога вяселля ўжо даўно дажылі ў дружнай пары. Памяць пра гэта не прападзе ніколі. Нажылі трох дзяцей: Надзю, Віцю, Вольгу, якія прадоўжылі стары род, што паходзіў ад невядомага каваля.
Ёсць у дзеда з бабуляй ужо восем ўнукаў, трынаццаць праўнукаў. Дасць Бог, і прапраўнукаў дачакаюцца…
Іван Яфімавіч узяў у далоні баявыя ўзнагароды — сваю часцінку Перамогі. Не ўмясціліся яны ў прыгаршчы. Паглядзеў ветэран на тые медалі, сказаў на развітанне:
— Цяжкае было жыццё. Хлеба часам не было, дзяцей нечым было накарміць! Цяпер добрае жыццё, шкада, што канчаецца.
А.БЕНЗЯРУК.
На здымку: І.Я.Кавальчук

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top