Новы год прыйшоў на… ферму

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.

На календары – пачатак новага года. Паўсюль устаноўлены лясныя прыгажуні, горад патанае ў святочнай ілюмінацыі, а сусветная сетка інтэрнэт перапоўнена фотаздымкамі навагодніх ранішнікаў, касцюмаў, падарункаў і рэцэптаў смакаты. Вокны многіх адміністрацыйных будынкаў упрыгожаны выцінанкамі, вабяць вока гірлянды на падворках і нават на пад’ездах. Не хапае для сапраўднага святочнага настрою, бадай, толькі снегу: вунь, падснежнікі і ружы ў Брэсце распусціліся, гродзенец назбіраў… лісічак.

Ідзеш па горадзе і здзіўляешся, як здорава можна ўпрыгожыць сваё жытло і ўзняць настрой іншым.
Ды, здаецца, парадавацца Новаму году сёлета змаглі не толькі людзі, але і… каровы. Так-так, работніцы ферм “Агароднікі” і “Стаўпы” ААТ “Вазнясенскі” стварылі сапраўднае свята. І, аказваецца, для цуда многа не патрабуецца: фантазія, жаданне, папера, клей, фарбы і натхненне.
Загадчыца фермы “Стаўпы” Ала Галавейка прапанавала дзяўчатам упрыгожыць ферму, ветурач Марына Рысь, аператар машыннага даення Ларыса Сень падхапілі ідэю. І пачалося… Аб’ёмным сняжынкам знайшлося месца на сценах калідора да даільнага блока. Затым устанавілі лясную прыгажуню паміж камп’ютарнай і гардэробам.
Пад вечназялёнымі лапікамі размясціўся сімвал года – плюшавы сабачка. Зрабілі яму будку – з кардону і драўляных рэек. “Кампанію” шчанюку саставілі смешныя снегавічкі. На адной са сцен з’явілася цёплае, шчырае віншаванне з пажаданнямі дабрабыту.
Даільную залу таксама ўпрыгожылі ялінка і снегавік. Праўда, цікаўныя каровы выпадкова яму рукавічку шурпатымі языкамі злізалі…
Навучаныя вопытам, жывую ялінку з мішурой работнікі фермы павесілі пад самай столлю. Для гэтага слесару Мікалаю Сідарчуку давялося на дах забірацца… Вынікам засталіся задаволеныя ўсе. Дапоўнілі святочную “карціну” гірлянды з туй і мішура паўсюль.
– Затое як на душы становіцца цёпла і радасна, калі на работу прыходзіш, – дзеліцца ўражаннямі Ларыса Паўлаўна, аператар машыннага даення. – Настрой святочны захоўваецца да канца дойкі. Здаецца, і каровы больш смірна стаяць, і справы ідуць спарней… Так і хочацца гэтай радасцю з усімі падзяліцца. На ферме “Агароднікі” работніцы да ўпрыгажэння свайго працоўнага месца падышлі, здаецца, з яшчэ большым размахам. Распісалі малюнкамі і ўпрыгожылі выцінанкамі жывёлагадоўчыя будынкі.
Дарэчы, мастацкае афармленне тэхнік-асемянатар Віталіна Тарасюк узяла на сябе.
Нават не падазравала, які талент мастака мае! За ты-дзень, дзякуючы яе фантазіі і жаданню, на кафельнай плітцы калідораў у малочным блоку з’явіліся казачныя Філін, Жар-Птушка, Кракадзільчык, Ялінка, Шчанюк і інш. Ветфельчар Таццяна Валасюк выразала з паперы сняжынкі і балярынак. Прыбіральшчыца Валянціна Коваль упрыгожвала ялінку і афармляла падарункі пад ёй. А галоўным генератарам ідэй афармлення выступіла заатэхнік Надзея Кадлубовіч. І хаця ўсе даўно знаходзяцца ва ўзросце, калі перастаюць верыць у Дзядулю Мароза, з задавальненнем напісалі яму калектыўны ліст з пажаданнямі. Спадзяюцца атрымаць адказ з ягонай рэзідэнцыі – Белавежскай пушчы. Надзея Кандрацюк, дырэктар ААТ “Вазнясенскі”, не хавае захаплення ад ідэй работніц ферм:
– Мы заўжды рыхтуем салодкі стол і падарункі рупліўцам пад Новы год. І вельмі прыемна, што творчасць і фантазія яшчэ больш аб’ядноўваюць іх, бо не адной толькі працай павінен жыць чалавек. Шчыра кажучы, навагоднія фантазіі дзяўчат для мяне аказаліся неспадзяванымі і вельмі прыемнымі. Малайцы! Рупіліся над паказчыкамі (за мінулы год мы надаілі на адну фуражную карову 8101 кілаграм малака) – і над добрым настроем. Дзяўчаты гатовыя падзяліцца сакрэтамі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.