“Падары свята дзіцяці” мае працяг

Святлана БЯЛЯК.

20 снежня ў “Сельскай праўдзе” № 97 была надрукавана інфармацыя аб акцыі, якую аб’явілі напярэдадні навагодніх святаў прадстаўнікі Жабінкаўскага сельвыканкама разам з інспекцыяй па справах непаўнагадовых. Вельмі прыемна, што ў Жабінцы жыве нямала чулых людзей, якія адгукнуліся і прынеслі вопратку, саладосці, цацкі дзецям, што выхоўваюцца ў малазабяспечаных сем’ях або знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане.
Выконваючы абавязкі старшыні сельвыканкама Алег Смаршчок, інспектар ІСН Аляксандра Сівухіна і аўтарка гэтых радкоў накіраваліся ў дарогу, каб павіншаваць дзетак.
Найперш завіталі ў кватэру Паліводаў, што жывуць у аграгарадку Вялікія Якаўчыцы. Цікаўная малеча высыпала як гарох са стручка, каб паглядзець на гасцей, што завіталі ў хату. “Цёцю ў пагонах” ім даводзілася бачыць неаднойчы, а вось прыходу Дзядулі Мароза з вялізным мехам яны былі яўна здзіўлены. Збянтэжыліся, зніякавелі, і расказаць вершык ніхто не змог. Аднак гэта не перашкодзіла ім атрымаць саладосці, цацкі (нават трохмесячнаму Руслану дасталася новенькая цацка-бразготка) і вопратку.
Мы ж накіраваліся далей у суседнюю вёску да Манастырскіх. Маці дома не аказалася, затое па даўно не прыбіранай хаце гойсалі трое перапэцканых рыжых хлапчукоў. Яны таксама былі здзіўлены прыходу Дзеда Мароза, з цікавасцю ўзяліся разглядваць падарункі. Паабяцалі ўпрыгожыць сосенку, што стаяла ў куточку, і лепей вучыцца ў наступнай чвэрці.
Віншаванні з навагоднімі святамі прымалі і дзеці з іншых вёсак.

Крышачку радасці ў дзіцячыя сэрцы

 

У першыя дні новага года мела працяг таксама і дабрачынная акцыя “Дарога да сэрца”. У раёне каля сотні хлопчыкаў і дзяўчынак, якія знаходзяцца пад асаблівай увагай дзяржаўных службаў, бо іх бацькі не ў поўнай меры займаюцца выхаваннем дзяцей.
…Дружная кампанія: Дзед Мароз, інспектар па справах непаўнагадовых Аляксандра Сівухіна, загадчык сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Андрасюк, намеснік старшыні камісіі па справах непаўнагадовых Юлія Нярода і аўтарка гэтых радкоў – напрыканцы працоўнага пятнічнага дня накіроўваецца па адрасах. Спачатку паехалі ў Арэпічы. У вялікім доме няпрошаных гасцей сустракаюць пяцігадовы Яраслаў, яго брат Аляксандр, іх мама і бабуля. Малодшы хуценька расказаў верш і з радасцю прыняў з рук Дзеда Мароза салодкі падарунак. Бабуля расчулілася: “Наталля Міхайлаўна, гэта ж трэба, пра нас не забываеце…” Дзякуючы намаганням пажылой жанчыны ў вялікай хаце заўжды чысценька прыбрана, прыгатавана ежа, унукі дагледжаны. А вось дачка, маці хлапчукоў, на жаль, часцяком забываецца пра свае мацярынскія абавязкі…
У той вечар мы пабывалі ў многіх дамах і кватэрах. Дзеці шчыра радаваліся прыходу Дзеда Мароза, расказвалі вершыкі і атрымлівалі падарункі. Малыя яшчэ вераць у казку.
Дзякуй вялікі ўсім індывідуальным прадпрымальнікам, РА ГА “Белая Русь” і “Беларускі фонд міру”, якія дапамаглі набыць салодкія наборы, настольныя гульні дзецям. Няхай у жыцці гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак будзе крышачку болей радасці і шчаслівых момантаў! Шкада толькі, што падарункі Дзядуля Мароз прыносіць толькі адзін раз у год. А іх бацькам радасць ад набытай шклянкі гарэлкі прыпадае куды часцей, чым цукеркі іх дзецям. Трэба, каб было наадварот.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.