З мінулым – у будучыню

Антон БЕРАСТОК. Фота аўтара.

Акуратная ў справах, патрабавальная найперш да сябе, клапатлівая да людзей Жанна Падрубная выбрала для сябе шлях няпросты і цікавы, дзе паяднаны дзень мінулы з сённяшнім імклівым днём.

У дырэктара раённага гісторыка-краязнаўчага музея дзве “прапіскі”: акрамя роднага дома, ёсць яшчэ і будынак, што месціцца на вуліцы Касцюшкі ў Малых Сяхновічах. Сюды спяшаюцца госці розных узростаў і з розных краін, каб з вуснаў гаспадыні музея даведацца пра няпросты гістарычны шлях жабінкаўскай зямлі.
Карэннай нараджэнцы Жабінкаўшчыны (а нарадзілася Жанна Мікалаеўна ў Гарэлках распавядаць пра мінулае роднага краю – у асалоду. За плячыма – дзве вышэйшыя ўстановы, якія і вызначылі жыццёвую дарогу: Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна і сталічны Інстытут культуры. У якасці настаўніцы яе ведаюць, згадваючы з павагай, выпускнікі Сяхновіцкай, Маціевіцкай, другой гарадской школ, дзе Жанна Падрубная агулам адпрацавала каля 20 гадоў. Педагагічны вопыт і веды згадзіліся і тады, як прыйшла ў 2013-м на пасаду дырэктара музея. Хоць і жыве яна гісторыяй, але ўпэўнена, што мінулае – гэта масток, падказка і ўрок для будучыні, які кожны павінен ведаць на выдатна.
Сярод шматлікіх спраў, якімі жыве дырэктар і яе ўстанова, – цікавыя праекты. Адзін з іх – “Юныя сведкі вайны: гісторыя ад першай асобы” – ажыццявіўся супольна з гарадскім ліцэем.
– Калі разам з настаўніцай Элінай Чарнецкай пачыналі праект, – згадвае Жанна Мікалаеўна, – і не спадзяваліся, наколькі кране тэма. Бо ў ёй галоўнае – жывы водгук мінулага, які чуецца ва ўспамінах тых, што засталі ліхалецце юнымі, а цяпер маюць галовы, запарошаныя, бы снегам, сівізной. Яны расказвалі так эмацыянальна, які справа зацягнула і дарослых, і дзяцей. Ладзіліся экспедыцыі ў партызанскі старасельскі лес, да помніка закатаваных у Кардах камсамольцаў, на мемарыял “Драмлёва”. Надзвычай запамінальнымі сталі сустрэчы ў музейных залах з удзельнікамі клуба “Суразмоўнік”. Людзі цягнуцца да гісторыі, шануюць памяць, жадаюць выказацца, ахвотна дораць музею дарагія іх сэрцу рэчы. А з якім захапленнем слухаюць маладыя ветэранаў! З першай хвіліны бачна, наколькі моцная паміж імі повязь. Не дзіўна, што з такімі “жывымі” матэрыяламі мы годна выступілі ў Мінску на Х Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, адкуль вярнуліся з дыпломам ІІ ступені.
Як звычайна бывае ў даследчай працы, з аднаго праекта выцякае наступны, які яшчэ ў перспектыве, але абавязкова сёлета здзейсніцца. Ён прысвечаны колішнім педагогам – заслужаным людзям раёна.
3266 – лічба ўнушальная. Менавіта столькі наведва-льнікаў пераступілі парог музея за мінулы год. І кожны з іх вынес веды і павагу да чалавека, які гэтак апантана любіць свой край. Асаблівы клопат – маладыя. Таму для школьнікаў з 2017-га адкрыта новая паслуга: музейна-педагагічныя заняткі, якія Жанна Мікалаеўна праводзіць натхнёна ды з ахвотаю. Не меншае захапленне – родная Жабінка. Тут, асабліва ў цэнтральнай, самай старажытнай частцы горада, дасюль нямала людзей у шаноўным узросце, што памятаюць, якою была Жабінка 60, 70 і нават 80 гадоў таму. Да іх спяшаецца дырэктар музея, каб занатаваць успаміны пра былое і дапамагчы, як спатрэбіцца, у сённяшнім вірлівым жыцці.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.