Анатоль РОСТАЎ, Святлана КІСЛАЯ.
Бываюць у чалавечым жыцці гады, якія не назавеш шараговымі. 2018-ы, які нядаўна ўступіў у свае правы, абяцае стаць такім для Віктара Міронава, кіраўніка аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў харчовай прамысловасці – Жабінкаўскага цукровага завода.
Сёлета чакаюцца прыгожыя юбілеі з дзвюма пяцёркамі: так надарылася, што генеральны дырэктар і ягонае прадпрыемства – аднагодкі. Таму Віктару Рыгорывічу давядзецца прымаць і асабістыя віншаванні.
Жыццё моцна паяднала нараджэнца далёкай Карэліі з жабінкаўскім краем і цукровай вытворчасцю.
Хоць спачатку былі мары пра неба. Пасля заканчэння прэстыжнага Маскоўскага авіяцыйнага інстытута тры гады Віктар Міронаў адпрацаваў інжынерам навукова-даследчага інстытута ў сталіцы ўсяго Савецкага Саюза.
Роўна 30 гадоў таму ягоны лёс паяднаўся з Жабінкай і прадпрыемствам, якое цяпер узначальвае. Аднак для таго, каб узняцца на пасаду генеральнага, давялося з 1988 па 2008 гады прайсці ўсе прыступкі службовай лесвіцы – ад слесара службы галоўнага механіка, начальніка змены, намесніка галоўнага інжынера да пасад галоўнага механіка і галоўнага інжынера. З 2008-га Віктар Міронаў быў прызначаны генеральным дырэктарам цукровага завода. За гэтае дзесяцігоддзе прадпрыемства не спыняецца ў развіцці, застаецца прызнаным флагманам вытворчасці, салодкую прадукцыю якога ведаюць у многіх краінах свету.
Ёсць сярод шматлікіх клопатаў Віктара Рыгоравіча і непасрэдная праца з людзьмі, нават тымі, хто не задзейнічаны ў цукровай вытворчасці. У якасці народнага абранніка Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў 27-га склікання ён мае магчымасць дапамагаць у вырашэнні пытанняў, якія хвалююць жыхароў Жабінкаўшчыны.
Пацікавіліся ў Віктара Рыгоравіча, чым яму запомніўся мінулы год:
– Па-першае, небывалай па аб’ёмах рэканструкцыяй. Фактычна ўвесь завод быў перабудаваны нанова. Усталявалі яшчэ адзін прэс-жом, што дазволіла павысіць ўтрыманне сухіх рэчываў у жоме, запрацавалі таксама дзве новыя буракарэзкі. Гэта дазволіла атрымліваць больш якасную бураковую стружку і знізіць страты на дыфузіі. Цалкам была заменена дэфекасатурацыя, што дазваляе больш якасна апрацоўваць сокі (папярэдняя ўжо не адпавядала таму ўзроўню прадукцыйнасці, якога ўдалося дасягнуць). Дарэчы, дэфекасатурацыя часткова выраблялася ў Беларусі па нямецкіх чарцяжах. Калі далей разглядаць тэхналагічны ланцужок, то была таксама зманціравана станцыя падагравальнікаў галандскай вытворчасці, два іспанскія корпуса выпарной станцыі і жомавыя прэсы. Варта адзначыць, што магутнасць выпаркі павялічана да планавых 10 тысяч тон. Затым у рамках рэканструкцыі ўвесь помпавы парк замянілі на больш эканамічны, які спажывае менш электраэнергіі. Над мантажом усяго гэтага абсталявання працавалі спецыялісты з Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Нідэрландаў, Іспаніі. Была праведзена каласальная праца. Зараз, калі да заканчэння буракаперапрацоўчага сезона засталіся лічаныя суткі, магу з упэўненасцю заявіць: абсталяванне адпрацавала без якіх-небудзь нараканняў. Што яшчэ з навінак? Літаральна пад заслону 2017 года выпрабавалі і здалі новую лінію электраперадачы 110 кВт. У перспектыве яна будзе абслугоўваць горад-спадарожнік.
Па-другое, мінулы год запомніцца завадчанам выдатным ураджаем. З нашай сыравіннай зоны было вырашчана і адпраўлена ў перапрацоўку крыху больш за мільён тон салодкіх каранёў. Адзінае, утрыманне цукру ў іх ніжэй, чым у папярэднім сезоне. Дарэчы, жабінкаўскія аграрыі сабралі цудоўны ўраджай буракоў і наш раён увайшоў у тройку лідараў вобласці, саступіўшы толькі Баранавіцкаму і Камянецкаму. Сярод нашых пастаўшчыкоў хацелася б адзначыць ААТ “Вазнясенскі» і фермерскую гаспадарку “Бярозка». У гэты нарыхтоўчы сезон рэнтабельнасць вырошчвання буракоў склала не ніжэй за 40 %.
Па-трэцяе, мы пашырылі геаграфію паставак. Да прыкладу, акрамя ўжо асвоеных рынкаў краін Еўропы, салідную партыю бураковага сухога жому ўпершыню адправілі ў Марока і Нарвегію. А жабінкаўскі цукар прыйшоўся даспадобы спажыўцам у Манголіі, Узбекістане, Грузіі. Гэтую практыку будзем працягваць і сёлета.
Праведзеная рэканструкцыя – гэта яшчэ адзін велізарны рывок на шляху да пастаўленай задачы – дасягнуць перапрацоўкі не менш за 10 тысяч тон буракоў у суткі. Паўтаруся, 9 тысяч у гэтым сезоне мы атрымлівалі. Стрымлівае прадуктовае аддзяленне. Гэтае звяно тэхналагічнага ланцужка – наступнае.
Зроблена многае. Але яшчэ больш трэба зрабіць. Хацелася б удала скончыць чарговы этап рэканструкцыі. Усім жыхарам Жабінкі жадаю ўдалага года!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%