ВЫДАТНАЯ СЯМЁРКА памятных падзей


Год, што адыходзіць у гісторыю, багаты на цікавыя падзеі.
Яны надараліся ў лёсе кожнага асобна і ў жыцці роднага краю ўвогуле.
Сярод шматлікіх падзей 2017-га адшукалі 7 найбольш непаўторных, яркіх ды запамінальных, што маюць шанц надоўга прапісацца ў людской і гістарычнай памяці.

ЮБІЛЕЙ

Шыкоўна! Крэатыўна! Грандыёзна!!! Гэта далёка не ўсе эпітэты, якімі надзялялі гаспадары і госці нашага горада святкаванне 200-х угодкаў Жабінкі, што ладзілася ўлетку. За два стагоддзі паселішча шпарка прайшло шлях ад невялічкага хутара да значнага горада – вернага спадарожніка Брэста. У юбілейны год Жабінка – найперш адміністрацыйны, эканамічны і культурны цэнтр краю, дзе жывуць са спадзяваннем на лепшае працавітыя і таленавітыя жыхары.

ПАМЯЦЬ

У многіх узрушаным успамінам застанецца дзень 11 верасня 2017 года, калі жабінкаўцы ўспаміналі лёсы жыхароў знішчанай вёскі Драмлёва. Гэта адбылося тры чвэрці веку таму, але дасюль застаецца незажыўнай ранай. Жалобны мітынг-рэквіем склікаў і старых, і малых, прадстаўнікоў улад і простых жабінкаўцаў. Гэтаму папярэднічалі добрыя справы, шматлікія ахвяраванні ад неабыякавых людзей. Мемарыял “Драмлёва” патрабаваў рэканструкцыі, і намаганнямі жабінкаўцаў ён паўстаў абноўленым. Жывіце і помніце!

ГРАНТ

На нашай блакітнай планеце ўсё вузельчыкамі звязана. Прыкладам, ад таго, наколькі чыстай будзе вада ў такіх рэках, як Мухавец, залежыць экалагічны стан не толькі Буга, Віслы, але нават Балтыйскага мора. Гэта цудоўна разумеюць у Еўрасаюзе, які сёлета задаволіў заяўку нашых камунальнікаў і гатовы выдаткаваць грант на ўзвядзенне ачышчальных збудаванняў у Жабінцы. Працы – наперадзе. Асваенне гранта стане, бясспрэчна, гарантам чысціні ў Прыбужжы!

НАДЗЕЯ

Жабінкаўцы – таленавітыя людзі, і свае здольнасці яны гатовыя праяўляць у розных накірунках дзейнасці. Гэта аксіёма, і сёлета яна зноў выдатна пацвердзілася. Надзеі цалкам спраўдзіліся: наша Надзея Каштэлян – пераможца! Дзяўчына пабывала ў іншых канцах свету – у Шанхаі ды Абу-Дабі. І вярнулася адтуль з прэстыжнымі ўзнагародамі! Упершыню нараджэнка Жабінкі – на самым высокім п’едэстале сярод майстроў-цырульнікаў планеты Зямля!

ГОНАР

Так, гонар для жабінкаўцаў, калі праца розуму і рук кожнага становіцца складнікам агульнага поспеху. Вясной прыйшла выдатная навіна: упершыню за сваю шматвекавую гісторыю па мінулагодніх выніках Жабінкаўшчына была занесена на абласную Дошку гонару, а па эканоміі рэсурсаў – на рэспубліканскую. Ёсць надзея, што і ў наступным годзе землякі спрацуюць на ўсе сто, каб раён зноў заняў месца, годнае ягонай славы! Будучыня, канечне, пакажа. Але ж не забываемся: мы яе стваральнікі!

ЗВЫЧАЙНЫ ЦУД

Ужо шмат разоў, у тым ліку са старонак “СП”, расказвалася пра “жабінкаўскі дэмаграфічны цуд”: не першы год Жабінка – адзіны райцэнтр Брэстчыны, дзе назіраецца натуральны прырост насельніцтва. Аднак 2017-ы і ў гэтым адметны. Жыхароў у Жабінцы стала больш чым на тысячу! Праўда, звязана гэта найперш з адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі зменамі: горад увабраў у свае межы старажытныя Здзітава, Курпічы, Сцяброва і Шчэглікі. Не забываемся, што разам з землямі часткай горада стала і багатая гістарычная спадчына колішніх вёсак.

МУЗЫКА

Гавораць, як год пачнеш, такім ён і будзе. Жабінка пачынала з прыгожага, відаць, таму многае задуманае здзейснілася. Так-так, 2017-ы адкрываўся цудоўнай навіной: упершыню наш горад горача прымаў удзельнікаў “Студзеньскіх музычных вечароў”. Выдатны фестываль, які здаўна прапісаўся ў горадзе над Бугам, цяпер знайшоў і новы ўдзячны, па-сапраўднаму сяброўскі адрас. Выканаўцы з Украіны і Нідэрландаў завіталі да нас, каб падараваць асалоду ад свайго мастац-тва. Але ж рака часу хуткаплынная, неўзабаве, зрабіўшы свой кругазварот, яна прынясе 2018 год. А разам з ім – і новыя фестывальныя сустрэчы, а за імі – рэалізацыю смелых агульных праектаў, поспехі ў працы, творчасці, асабістым жыцці. З Новым годам, з новым шчасцем!

P.S. І яшчэ. Прыемная навіна для тых, хто марыць пачаць новае жыццё з панядзелка ці першага чысла: 1 студзеня будзе панядзелак! Пара пачынаць…

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.