“Дзеці за мір”

“Дзеці за мір”

Анатоль РОСТАЎ. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Пад такой назвай нядаўна ў адным са сталічных выдавецтваў пабачыў свет зборнік вучнёўскіх сачыненняў. Пад прыгожай блакітнай вокладкай сабраны творы 160 школьнікаў Беларусі. Што прыемна, у ліку маладых аўтараў наша зямлячка Хрысціна Ячнік са Старога Сяла.
Каб павіншаваць дзяўчыну з удалым творчым дэбютам, у Старасельскую школу, дзе раней вучылася Хрысціна (сёння яна ліцэістка ў горадзе над Бугам), днямі завітаў старшыня раённага аддзялення Беларускага фонду міру Анатоль Шалтанюк.
У падарунак Анатоль Вітальевіч перадаў два асобнікі кнігі. Адзін – школе, другі – непасрэдна маладой аўтарцы, якой пажадаў паспяхова вучыцца і тварыць у годзе, што наступае. Ён зазначыў: кніга – плён агульнай працы беларускіх школьнікаў, што даслалі свае сачыненні на рэспубліканскі конкурс “Шчасце жыць у мірнай краіне”, арганізаваны Фондам міру і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Што вылучае зборнік “Дзеці за мір” з асяродка іншых? Найперш – юны ўзрост аўтараў, якія стараліся шчыра выказаць свае думкі пра лёс Радзімы і Сусвету.
Непасрэдна твор Хрысціны Ячнік, напісаны на роднай мове, вызначаецца душэўнасцю, якая проста падкупляе. Лейтматывам сачынення гучаць словы: “Беларусь у нас адна, і мы павінны берагчы яе ўсебакова і аддана”. Гэта тым больш слушна, калі згадаць, што аўтарка паходзіць з легендарнага партызанскага краю, дзе ў агнявыя саракавыя змагаліся за вызваленне роднай зямлі ад акупантаў партызаны-чарнакоўцы.
Нездарма ў прадмове да кнігі міністр адукацыі Ігар Карпенка падкрэсліваў: “Сёння моладзь усё часцей звяртаецца да гісторыі, згадваючы і аналізуючы подзвігі сваіх продкаў. Зборнік “Дзеці за мір” – яскравае таму пацвярджэнне”.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*