Колькі розных падарункаў у мяшку Дзядулі Мароза, столькі прыемных сюрпрызаў чакала жабінкаўцаў падчас навагодняга свята ў мінулую суботу. Разнастайныя пляцоўкі запрашалі гасцей зрабіць атмасферную фотасесію, адправіцца ў падарожжа з любімымі казачнымі героямі, паспрабаваць змайстраваць кармушку ці распісаць мядовы пернік… “Зімовы фэст” працягваўся да самага вечара! Мы ж з вамі, дарагія чытачы, спачатку адправімся за порцыяй святочнага настрою ў ГДК, адкуль узяла пачатак насычаная праграма, а потым перамесцімся на гарадскую плошчу.
У фае гасцей сустракалі рамеснікі з разнастайнымі навагоднімі сувенірамі. Напрыклад, Ганна Працук прапаноўвала прыгожыя фігуркі з салёнага цеста, тапіярыі з шышак, пацешныя цацкі ды шмат чаго іншага. У Ракітніцкім Доме культуры жанчына вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак працаваць з рознымі матэрыяламі – некаторыя работы прывезла на выставу-конкурс, дэманстравала таксама і ўласныя вырабы. Сімпатычныя лялькі, цікавыя рэчы, звязаныя і створаныя з газетных трубачак, атрымаліся ў Ірыны Балюк і яе дачкі Крысціны. Прывабныя ўпрыгажэнні для валасоў падрыхтавала для святочнай экспазіцыі Ніна Кажамяка.
Мастак-афарміцель ГДК Таццяна Плавух стварыла для гасцей утульную атмасферную фотазону, што нагадвала куточак прасторнага дома, дзе сустрэне свята вялікая сям’я.
Тым часам у актавай зале пачыналася тэатралізаваная казка “Адзін мяшок на дваіх”. Разам з яе героямі гледачы сталі ўдзельнікамі навагодняга расследавання і змаглі адшукаць падрыхтаваныя для дзетак падарункі. Над цікавым сцэнарыем святочнай гісторыі працавалі супрацоўнікі Дома культуры Яна Макасюк, Вячаслаў Фядотаў і Віктар Дзірын. На сцэне яны з’явіліся ў ролях хітрай Бабулькі Шапакляк, Геніяльнага Сышчыка і Дзядулі Мароза адпаведна. Са спякотнай Афрыкі завітаў у госці Бармалей, якога сыграла Лізавета Дзірына. Сябры тэатральнай студыі “Экспромт” – вучні першай і трэцяй школ, інтэрната – выдатна справіліся з ролямі Снягурачкі і гномікаў. Пастаноўкай танцаў у казцы займалася Ірына Паўлава, а афармленнем дэкарацый – Таццяна Плавух. Галоўнай сярод іх была, безумоўна, лясная ялінка. Дарэчы, некалькі зялёных прыгажунь са свайго падворка падаравала Дому культуры супрацоўніца ўстановы Надзея Астапук.
Метадыст раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Марына Дулевіч дзялілася з гасцямі сакрэтамі роспісу святочных пернікаў. Першымі ўдзельніцамі майстар-класа сталі вучаніцы першай школы Вольга Бацук і Карына Дубоўская.
У фае Дома культуры можна было пазнаёміцца з работамі ўдзельнікаў раённага конкурсу “Сталовая для птушак”. З фантазіяй і вынаходлівасцю падышлі да задання ўсе аўтары работ. Лепшым у намінацыі “Цуд-сталовая” стаў вучань СШ № 3 Марк Мартынчук, “Практычнае тварэнне” – Мікіта Празапас (Якаўчыцкая школа). Прыз глядацкіх сімпатый заваявала Вікторыя Дземідзюк з Крыўлянскай адзінаццацігодкі. Першы сакратар РК ГА “БРСМ” Марыя Сянішына падрыхтавала для пераможцаў граматы і вялікія календары. Былі адзначаны таксама работы Улада і Аксаны Асійчук (СШ № 1), Кацярыны Іоська (СШ № 3) і Андрэя Белавуса з Ракітніцкай школы.
Падчас свята была магчымасць і самому паспрабаваць змайстраваць кармушку для птушак. Правесці майстар-клас запрасілі супрацоўніка раённага гісторыка-краязнаўчага музея Мікалая Юроўскіх. Актыўнымі ўдзельнікамі майстар-класа сталі вучні 3 “В” класа першай школы, якія завіталі на свята з класным кіраўніком Алінай Зубік. Кармушку з пачастункам адправіліся вешаць у гарадскі парк.
У свяце-конкурсе навагодніх цацак, сувенірнай прадукцыі навагодняй тэматыкі паўдзельнічалі гандляры і індывідуальныя прадпрымальнікі. Нешматлікая малеча (з-за кепскага, дажджлівага надвор’я людзей на плошчы было нямнога) выпрошвала ў бацькоў усялякую драбязу (шапачкі Санта Клауса, снегавічкоў, што свецяцца, гірлянды, канструктары і інш.), якая прадавалася ў гандлёвых палатках. Намнога цікавейшую прадукцыю прадставілі рамеснікі. Цэлы россып навагодняй фантазіі ў выглядзе самаробных снегавічкоў, ялінак, сувенірных пернікаў і інш. можна было пагля-дзець і набыць у “Горадзе майстроў”. Хіт-парад навагодніх густаў “Party у Дзядулі Мароза” прыйшоўся даспадобы тым, хто добра-такі змерз. У адной з палатак на гарадской плошчы можна было атрымаць кубачак гарачага, водарнага чаю з самавара! Папіць
яго на лёгкім марозцы – адна любата! Нават сам Дзядуля Мароз падыходзіў пагрэць рукі ля самавара! Дарослыя з задавальненнем частаваліся глінтвейнам.
У 17.30, як і заяўлялася ў праграме, адбылося тэатралізаванае адкрыццё раённай ёлкі “Навагодні карнавал цудаў”. Па загаду Дзядулі Мароза з дапамогай чароўных слоў і посаха галоўная яліна горада пад дружныя апладысменты дарослых і дзетвары заіскрылася рознакаляровымі ўпрыгажэннямі.
З музычнымі віншаваннямі на імправізаваную сцэну падымаліся адзін за другім лепшыя спевакі раёна. Навагоднія песні выканалі Аксана Пракошына, Алеся Жукава, Марыя Філаненка, Лілія Дашкевіч, Валерый Няменьшы. Парадавалі музычнымі нумарамі выхаванцы дзіцячай вакальнай студыі Аксаны Пракошынай. Весялілі народ творчыя калектывы: народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”, “Белыя росы” Азяцкага СДК, “Вярбічанька” Ракітніцкага СДК, а таксама салісты клуба Жабінкаўскага цукровага завода. Эстраднае аліўе “Святочны настрой” жабінкаўцы ацанілі дружнымі апладысментамі. Дарэчы, ад дарослых артыстаў не адставалі і юныя – школьнікі сінхронна станцавалі ў флэшмобе.
У афішы святочных мерапрыемстваў на адкрыцці ёлкі арганізатары абяцалі фэст Дзядоў Марозаў, Снягурачак і казачных герояў. Жабінкаўцы чакалі, што іх будзе значна больш. Улічваючы, што лю-дзей на свяце было не так і многа, трох Дзядуляў Марозаў хапіла, каб усе жадаючыя сфатаграфаваліся з імі ля ёлкі.
Пасля канцэрта ўсіх цярплівых чакаў неспадзяваны сюрпрыз – фаер-шоу. Дзве дзяўчыны і столькі ж юнакоў прадэманстравалі відовішчнае шоу з агнём. Завяршылася свята феерверкамі і пажаданнямі ад Дзядулі Мароза кожнаму багатырскага здароўя, міру ў сям’і, радасных 365 дзён і поўнага меха шчасця. Увогуле свята атрымалася вясёлым і незвычайным. Няхай такім жа будзе і наступны год!
На свяце пабывалі і фатаграфавалі Дар’я НІКАНЧУК і Святлана БЯЛЯК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%