Дзядуля Мароз нарадзіўся 1 студзеня

Анатоль БЕНЗЯРУК.

За тыдзень да Новага года запамінальны падарунак ад абкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, які ўзначальвае Галіна Крынец, атрымалі дзеці з усіх раёнаў Брэстчыны.
Іх чакала цудоўнае відовішча ў абласным тэатры лялек “Новы год у Дзедмарозаўцы”. Малеча, а разам з ёю і дарослыя, апынуліся ў вясёлай казцы, дзе, як спрадвеку павялося, перамагло дабро і адбылася святочная феерыя. Вядома ж, гаспадаром відовішча стаў Дзед Мароз.
Калі нарадзіўся казачны герой з доўгай барадой, цёплым позіркам і мехам падарункаў, спрачаліся на працягу Года навукі самыя масцітыя вучоныя. Найбольш недасведчаныя нават вылучалі цалкам антынавуковую тэорыю, што Дзеда Мароза ўвогуле не існуе. Яе катэгарычна не падтрымліваюць маленькія жыхары Зямлі, якія вераць у навагодняга госця і заўсёды чакаюць яго ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня, калі пад бой курантаў мяняецца лік не толькі дзён, але й гадоў.
Насуперак тым, хто надта хутка вырас, афіцыйна заяўляем: берасцейскі Дзед Мароз нарадзіўся 1 студзеня. Гэтая дата нават стаіць у ягоным пашпарце. На прадстаўленні ў тэатры лялек ён хаваўся за шыкоўнай барадой і густым слоем грыму. Аднак мы ўсё ж яго пазналі. Сапраўднае імя і прозвішча найстарэйшага, вельмі паважанага Дзеда Мароза з горада над Бугам – Іван Герасевіч.
Дзед Іван – наш зямляк, нараджэнец вёскі Стрыганец. А прыйшоў у свет ён, сапраўды, у першы дзень года. Адбылося гэта тры чвэрці веку назад, “сярод страшнай вайны, паміж моцнай бяды”. Сёння Іван Пракопавіч – вядучы акцёр лялечнай трупы, які больш за паўвека правёў за шырмай, стварыў мноства запамінальных вобразаў у тэатры і кіно, названы “Берасцейскай зоркай”, уганараваны медалём Францыска Скарыны і званнем “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь”.

Віншуем знакамітага земляка з Новым годам і цудоўным юбілеем. А журналісцкую замалёўку пра яго няпросты жыццёвы і творчы шлях чытайце ў першым нумары “Сельскай праўды” за 2018 год. Ён выйдзе 6 студзеня, напярэдадні праваслаўнага Раства.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.