Фестиваль «Радавод» в Ивацевичах

Фестиваль «Радавод» в Ивацевичах

Усё тут “дыхала” самабытнасцю

У Івацэвічах прайшоў фестываль “Радавод”, на які з’ехаліся ўсе фальклорныя калектывы Берасцейшчыны. Гучала тут і польская, і ўкраінская, і руская мовы. А колькі местачковай! Івацэвічы не чулі ніколі столькі. У той гарачы дзень гарадок ускалыхнулі песні, танцы, найгрышы на розных народных інструментах.
Ад Жабінкі ўдзельнічаў калектыў “Дараносіца” з вёскі Хмелева. Прыемна, што нашы хлопцы і дзяўчаты атрымлівалі так многа апладысментаў ад гледачоў. Ды як тут устрымацца, калі музыкі разам з Мікалаем Зіноўевым так заліхвацка граюць на баянах, а Валянціна Вайцюк, як той салавей заліваўся посвістам на свістульцы. Ногі самі прасіліся ў скокі.
На плошчы, дзе ладзілася свята, раскінулася выстава народнай творчасці. Адразу скажу, што ініцыятарам удзелу ў фестывалі жабінкаўцаў з’яўляецца наш цэнтр пазашкольнай работы. На выставу мы прапанавалі вырабы з керамікі, саломкі, вышыўкі з бісеру, зробленыя ў майстэрні народных промыслаў нашага цэнтра. Паглядзець было сапраўды на што. Гараджане і госці свята, журы разглядалі цуды, зробленыя рукамі дзяцей і пыталіся: ці праўда, што ўсе гэтыя вырабы зрабілі маленькія майстры.
Уразіла і “бабуліна кухня”, якую на гэты раз прыгатавалі настаўнікі з першай гарадской школы. Заўважыла, што больш за ўсё каштаваліся стравы нашай кухні, нават грошы прапаноўвалі за нашыя ласункі: і халаднічок, і верашчака, і пячэнне, і варэнікі, і піражкі… Смачна!
І вось мы з узнагародай. У нас трэцяе месца і дыплом упраўлення адукацыі аблвыканкама. Узнагароду атрымала таксама і наша спявачка Вольга Іванюк. Ды і як з такім кіраўніком, як Таццяна Дзмітрыеўна Грыцук, можа быць інакш. Яе аптымізм, вясёлы настрой, любоў да дзяцей дапамаглі калектыву атрымаць перамогу. Калі хлопчыкі і дзяўчынкі распачалі гульні, дык Таццяна Дзмітрыеўна паказала такія цікавыя, што разам з нашымі дзецьмі сталі гуляць гледачы. Танцавалі народныя танцы, скакалі пад пугу, спявалі “Проса”. Словам, малайцы!
Гэта быў цяжкі этап. Рэспубліканскі конкурс не праводзіцца, а журы прыязджае сюды з Мінска, таму што берасцейцы піянеры ў правядзенні фальклорнага фестывалю. І заслуга ў гэтым належыць жыхарцы нашага горада Веры Рыгораўне Волкавай, метадысту Брэсцкага дзяржаўнага абласнога Цэнтра моладзевай творчасці, якая разумее, што той народ багаты, які шануе сваю мову, песні, танцы, самабытную творчасць. Таму і ўзнік на Брэстчыне фальклорны фестываль “Радавод”.

Г.ІВАНОВА, кіраўнік гуртка цэнтра пазашкольнай работы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top