Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.
Адной дарогай (а лепей сказаць: адным пуцём) ідзе па жыцці ўжо не адно пакаленне патомных чыгуначнікаў-пуцейцаў Макеяў. У дзень, калі родная чыгунка святкуе свае 155-я ўгодкі, паразмаўлялі з адным з прадстаўнікоў працоўнай дынастыі – Аляксандрам Сяргеевічам. Нагодай для сустрэчы стала прыемная навіна: у юбілейны для Беларускай чыгункі год ягоная праца адзначана Ганаровай граматай Брэсцкага аддзялення.
Некалі старэйшыя вучылі маладога пуцейца: – У цябе галава на 180 градусаў варочаецца? На чыгунцы гэтага мала! 360 дзён яна павінна круціцца на ўсе 360! Ну і тыдзень, так і быць, можаш трохі адпачыць…
Гэтую жартоўную навуку ён зразумеў правільна: чыгунка – месца надзвычай адказнае, дзе ўсё падпарадкавана галоўнай мэце: захаваць бяспеку людзей, даставіць без аніякіх праблем пасажыраў і грузы, як у тым школьным задачніку “з кропкі А ў кропку Б”. І для таго, хто ўпраўляецца з дэфектаскапічнай цялежкай, гэта вышэй за правіла – закон!
У Жабінкаўскую дыстанцыю Аляксандр прыйшоў у 2004-м пасля войска, дзе атрымаў азы ваеннага разведчыка. Але ад працягу армейскай службы па кантракце адмовіўся, бо меў перад вачыма яркі бацькаў прыклад.
Сяргей Кірылавіч быў аператарам той самай цялежкі, што выяўляла дэфекты палатна. Да яго памочнікам і ўладкаваўся сын. Старэйшы з Макеяў стаў першым настаўнікам не толькі для Сашы, але і для яго меншага брата Паўла. І навука тая пачалася нашмат раней за той дзень, калі малодшыя ўслед за бацькам сталі дэфектаскапістамі. Мо ў тыя дні, калі Сяргей Макей вадзіў сыноў на чыгунку, каб паказаць цеплавозы, пачуць зазыўны гудок лакаматыва, палічыць вагоны, што змейкай, грукаючы на стыках, праносіліся перад вачыма… Апроч таго – расказаць пра свайго дзеда, а іх прадзеда Фёдара, які яшчэ да Першай сусветнай працаваў машыністам, вадзіў міжнародныя паязды ажно ў Аўстра-Венгрыю…
У Аляксандра здаўна ёсць захапленне – мінулае роднага краю, з часоў Вялікага Княства Літоўскага да Вялікай Айчыннай вайны. Цікавіцца ён і гісторыяй айчыннай чыгункі. Аб сваёй прафесіі гаворыць з веданнем справы:
– Ужо ад самых пачаткаў пуцейцы лічыліся элітай грамадства, уладкавацца на чыгунку было вялікім гонарам. Для соцень населеных пунктаў Беларусі нараджэнне чыгункі стала тым штуршком, які літаральна перавярнуў іх лёсы. Прыемна, што ў ліку такіх паселішчаў і наша Жабінка. Дзякуючы гонкім рэйкам, якія прайшлі праз наш край у ХІХ стагоддзі, не толькі маленькі хутар стаў значным горадам, але і ўвесь край абудзіўся да новага жыцця. Залежнасць Жабінкаўшчыны ад чыгункі і зараз надзвычайная.
Усе Макеі (вядома, кожны ў свой час) заканчвалі Брэсцкі чыгуначны тэхнікум, які зараз завецца каледжам. Сёння Аляксандр працуе электрамеханікам дыстанцыі, бацька і малодшы брат па-ранейшаму рупяцца на пасадах аператараў дэфектаскапічнай цялежкі.
Ёсць яшчэ агульнае захапленне ў сям’і – валейбол. Скарбонка ўзнагарод на траіх вельмі ўнушальная, аднак найбольшых поспехаў дасягнуў усё ж наймалодшы. Павел Макей выступае за зборную чыгуначнікаў Беларусі, у складзе якой годна адстойваў гонар краіны не толькі на спаборніцтвах, што ладзіліся на Радзіме, але і ў Славакіі, Бельгіі, Расіі, краінах Балтыі.
Напрыканцы спытаўся ў суразмоўцы пра мары на далейшае і пажаданні калегам. Прыемна было даведацца, што мужчына на першы радок ставіць дабрабыт сваёй зямлі, якую любіць непадробна і шчыра. Асаблівае захапленне ў яго выклікае родны горад, найперш будынак царквы ў імя Кірылы Тураўскага, што сваім архітэктурным абліччам упрыгожвае Жабінку.
Сярод вялікай колькасці добрых людзей, што патрапіліся на жыццёвым шляху, згадвае Аляксандр яшчэ аднаго свайго настаўніка ў прафесіі – Васіля Гопшу – і дадае скрушна:
– На жаль, яго ўжо няма сярод жывых, але памяць пра настаўніка зберагаю з удзячнасцю. Васіль Канстанцінавіч быў, як зараз кажуць, чалавекам старой савецкай загартоўкі. Адказны, працавіты, дакладны ў сваіх дзеяннях і памкненнях. Побач з такімі працаваць абы-як было проста немагчыма. За імі цягнуліся маладыя, ім было што перадаць наступнікам. Таму сённяшнюю ўзнагароду лічу ў нечым авансам на будучае, стымулам і надалей працаваць годна, каб нясорамна было перад такімі, як людзі, што нечым карысным надзялілі мяне, а потым пайшлі ў лепшы свет. Веру: яны і за небакраем не пакідаюць нас, пільна назіраюць за нашымі поспехамі і пралікамі. А тым, хто дасюль працуе ў роднай дыстанцыі, зычу поспехаў у жыцці і прафесіі, каб усё ішло па строгім графіку і ніколі не гучалі трывожныя словы “небяспека”, “аварыя”, “надзвычайная сітуацыя”…
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%