Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
У снежні 70-годдзе адзначыла жыхарка Жабінкі Любоў Капчук. Напярэдадні свайго юбілейнага дня нараджэння Любоў Аляксандраўна ўспомніла важныя і знакавыя моманты свайго жыццёвага і працоўнага шляху.
Незвычайнае знаёмства бацькоў
Аляксандр Каламіец быў ваеннаслужачым. Вялікую Айчынную прайшоў ад пачатку да канца. У скарбонцы ўзнагарод меў два Ордэны Чырвонай Зоркі, медалі “За адвагу” і “За абарону Кіева”, іншыя.
У 43-м ён напісаў свой першы нясмелы ліст Аляксандры Пачынаевай. Яе адрас прапанаваў Сашу знаёмы саслужывец, які вёў перапіску з Шурачкінай сяброўкай. Тады многія так ліставаліся, каб падтрымаць нашых абаронцаў, узняць іх баявы дух. Да гэтага Шурачка скончыла Белаомуцкае педвучылішча і працавала настаўніцай пачатковых класаў у горадзе Лухавіцы Маскоўскай вобласці. У яе таксама быў Сашаў адрас, але пісаць першай не асмельвалася. Паклаў пачатак ліставанню Аляксандр. Яно доўжылася больш за два гады. Маладыя людзі захоўвалі не толькі лісты адзін аднаго, але й фотаздымкі і за гэты час ужо лічылі сябе жаніхом і нявестай.
У 46-м Аляксандр Каламіец прыехаў на некалькі дзён да Шурачкі ў Лухавіцы, і яны распісаліся – стварылі новую сям’ю. Ён спяшаўся, бо чакала служба ў Германіі, куды напачатку паехаў сам. Праз некаторы час выклікаў да сябе і маладую жонку.
Горад дзяцінства – Патсдам
Далейшая служба Аляксандра Каламійца праходзіла ў горадзе Патсдаме. Тут у 1947 годзе ў ваенным шпіталі ў маладой сям’і нарадзілася першая дачушка. Дзяўчынцы далі прыгожае імя ў гонар самага светлага і чыстага пачуцця на зямлі – Любоў.
Праз два гады Аляксандра Каламійца адправілі на службу ва Украіну, у горад Чугуеў. Менавіта тут на свет з’явілася другая дачушка – Аленка.
Любачцы было пяць, калі сям’я вярнулася ў Германію. Тата працягваў служыць, мама займалася выхаваннем дзяўчынак. Тут Люба пайшла ў першы клас. Школа была рускамоўнай, знаходзілася на тэрыторыі ваеннага гарадка і прызначалася для дзяцей ваеннаслужачых. Мая гераіня ўспамінае, што на вучобу і пасля яе дадому дзяцей вадзілі строем па два чалавекі. Паўсюль было вельмі чыста і акуратна. Па выніках першага года навучання Любачка стала выдатніцай і яе фотаздымак упрыгожыў школьную Дошку гонару.
Пасля заняткаў хлопчыкі і дзяўчынкі збіраліся ў двары і гулялі ў розныя гульні. Любімымі былі “Лапта” і “Класікі”. З нямецкімі дзецьмі зносінаў не мелі. У Германіі Люба Каламіец паспела скончыць і другі клас, у трэці дзяўчынка пайшла ўжо ў Жабінцы.
Вальс закружыў у віхуры пачуццяў
У Жабінцы Каламійцы апынуліся невыпадкова: тут жыў адзін з братоў Аляксандра Іванавіча – Якаў. У яго і кватаравалі першыя два гады, пакуль не атрымалі сваё жыллё.
Пачатковую школу Люба скончыла круглай выдатніцай, старанна вучылася і потым. У атэстаце аб сярэдняй адукацыі пяцёрак было больш, чым чацвёрак.
У старэйшых класах пачалося сяброўства Любачкі Каламіец і Аляксея Капчука, якое потым перарасло ў моцнае пачуццё. На школьнай вечарыне Аляксей запрасіў Любу на вальс, які закружыў іх у віхуры кахання на доўгія гады.
Пасля школы хлопец паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут на стаматалагічны факультэт. Люба, атрымаўшы атэстат праз год, таксама павезла дакументы ў сталіцу, каб вучыцца ў тым жа горадзе, дзе і Аляксей. Абрала педагагічны інстытут імя Максіма Горкага, дашкольны факультэт – хацела быць выхавальнікам. Уступныя экзамены здала на дзве пяцёркі і дзве чацвёркі, але… Гэтых балаў не хапіла, каб стаць студэнткай – не прайшла па конкурсе. Камісія аддала перавагу дзяўчыне з сельскай мясцовасці, у якой па выніках іспытаў былі такія ж адзнакі. Люба вярнулася ў Жабінку і ўладкавалася ў райвыканкам машыністкай. За тры гады працы яна стала першакласным спецыялістам – даводзілася друкаваць шмат дакументаў, выклікалі нават у выхадныя, калі нешта не паспявалі.
Лёсавызначальны 1969-ы
Гэты год стаў знакавым у жыцці дзяўчыны. Яна перайшла на працу ў Жабінкаўскае райбюро ЗАГСа загадчыцай, паступіла ва Усесаюзны юрыдычны завочны інстытут у Маскву і памяняла прозвішча Каламіец на Капчук. Аляксей і Любоў згулялі вяселле ў дзень памяці прарока Іллі –
2 жніўня (жаніх быў на апошнім курсе інстытута). Праз год у сям’і нарадзіўся першынец – сын Андрэй – і Аляксей вярнуўся са сталіцы дыпламаваным спецыялістам.
Па працы – пашана
Амаль пяць гадоў Любоў Аляксандраўна была загадчыцай райбюро ЗАГСа. Урачыста рэгістравала шлюбы, нараджэнне маленькіх грамадзян. Далей працавала сакратаром Жабінкаўскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных, старшынёй якога тады была Ніна Іванаўна Кавальчук. Рыхтавала дакументы да сесій і выканкамаў, вяла тыя, што тычыліся работы з дэпутатамі гарадскога Савета, выбараў, прысутнічала на прыёмах грамадзян. У гэты час мая гераіня ў другі раз стала мамай – у сям’і нарадзілася дачушка Наташа.
З 1979-га і на працягу дваццаці гадоў Любоў Капчук працавала дзяржаўным натарыусам Жабінкаўскай дзяржаўнай натарыяльнай канторы. Яна займалася афармленнем завяшчанняў, дагавораў куплі-продажу кватэр і дамоў, даверанасцяў, іншых дакументаў, кансультавала грамадзян па пытаннях натарыяльнай дзейнасці. З пачаткам прыватызацыі працавала ў цеснай узаемасувязі з БТІ. У сувязі з вытворчай неабходнасцю замяшчала натарыусаў у Кобрынскім, Пружанскім, Камянецкім, Іванаўскім раёнах.
Апошнім месцам працы Любові Аляксандраўны стаў “ААБ Беларусбанк”, дзе яна рупілася вядучым юрысконсультам. Адтуль і на заслужаны адпачынак пайшла.
Адданасць справе, адказнасць, прафесіяналізм Любові Капчук неаднаразова адзначаліся граматамі і падзякамі ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама.
У каханні ды згодзе
Пражылі амаль 35 гадоў Любоў і Аляксей Капчукі. Дзяцей выгадавалі, вывучылі, унукаў дачакаліся. Усе разам яны збіраюцца ў бацькоўскім доме, каб адзначыць важкія сямейныя даты і святы, але апошнія пятнаццаць гадоў без Аляксея Сцяпанавіча. Горка перажывала страту мужа Любоў Аляксандраўна. Дапамаглі вярнуцца да жыцця, акрыяць, адчуць у сабе сілы дзеці, родныя і сябры, якія былі побач і дапамагалі ў цяжкія хвіліны. Ім мая гераіня ўдзячная дасюль.
Колеры шматграннага жыцця
Дзесяць гадоў Любоў Капчук спявае ў народным хоры ветэранаў “Тонус”. Больш за дзясятак – наведвае пасяджэнні клуба “Суразмоўнік”, якія ладзяцца ў цэнтральнай раённай бібліятэцы.
У яе кватэры шмат хатніх кветак, якія яна даглядае з асаблівай пяшчотай. За ўвагу і клопат яны адорваюць гаспадыню прыгожай квеценню.
А яшчэ Любоў Аляксандраўна сапраўдны майстар кулінарыі – яна ўмее і любіць гатаваць. Яе каронная страва – боршч. Жанчына ведае незлічоную колькасць рэцэптаў розных салатаў і нарыхтовак, якімі частуе сваіх блізкіх.
Ва ўсіх справах і пачынаннях для Любові Аляксандраўны першым памочнікам і дарадцам, а таксама блізкім чалавекам і сябрам па жыцці з’яўляецца Уладзімір Іосіфавіч Саўчук. Як вядома, многія намаганні жанчын былі б немагчымымі без мужчынскай дапамогі.
Свой юбілей мая гераіня адзначыла ў кругу самых блізкіх і дарагіх сэрцу людзей, якія жадалі ёй пражыць яшчэ многа радасных і шчаслівых гадоў побач з роднымі і сябрамі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%