Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Усё жыццё Дзмітрыя Старыкевіча – гэта суцэльны шлях. На працягу 45 гадоў ён будаваў і рамантаваў дарогі. Днём і ноччу па іх імчацца тысячы машын, дастаўляюць грузы і людзей з аднаго населенага пункта ў іншы, звязваюць нябачнымі ніцямі чалавечыя лёсы. Для сям’і Старыкевічаў лёсаноснай стала праца ў Жабінкаўскім ДРБУ № 103. У агульнай колькасці бацька, маці і сын Старыкевічы адпрацавалі тут больш за стагоддзе!
– Нават і не верыцца, што гэта некалі было, – узгадвае пачатак сваёй працоўнай біяграфіі Дзмітрый Іванавіч. – Я тры з паловай гады круціў баранку трактара ў колішнім калгасе “Усход”, потым амаль столькі ж служыў у войску. Калі выканаў свой абавязак, знаёмыя параілі звярнуцца ў ДРБУ № 103 – там якраз была вакансія трактарыста.
Хлопца адправілі ў лес нарыхтоўваць драўніну. Маладога тревельщик, які лоўка арганізоўваў работу брыгады, заўважылі, і ўжо праз два месяцы ён заняў пасаду майстра.
– Гэта быў складаны, але цікавы час, – узгадвае гады сваёй маладосці герой нататкі. – У нас не было нават гравійных дарог – былі толькі грунтавыя. Мы будавалі іх з працоўным запалам, настроем, разумелі: дарогі злучаць гарады і вёскі, мястэчкі і падворкі. Памятаю, у першыя гады працы (а гэта другая палова сямідзясятых гадоў) у распараджэнні нашай арганізацыі была толькі адна грузавая машына ГАЗ-51 – гэткая “баявая” адзінка, а таксама “Масквіч”, чатыры калёсныя трактары, па адным бульдозеры і экскаватары і дзве мехрыдлёўкі. Нібыта і мала тэхнікі – а як рупіліся! Вазілі пясок, рабілі насып, раўнялі і ганарыліся сваёй працай. Самая першая пабудаваная мною дарога – ад крухмальнага завода ў накірунку вёскі Сяхновічы. Затым – шлях ад Жабінкі да Кобрына. За год мы маглі пабудаваць 10-12 кіламетраў зручнага шляху. І дагэтуль, калі праязджаю па знаёмых мясцінах, сэрца шчымліва б’ецца ў грудзях ад успамінаў – шчаслівых і прыемных.
На вачах майго героя раён прырастаў новымі дарогамі. Летам будавалі іх, а зімой нарыхтоўвалі лес для перабудоўлі драўляных мастоў. На рахунку Дзмітрыя Іванавіча, дарэчы, чатыры масты (“Асабліва падабалася, калі забівалі сваі – трывала, надзейна. Верылася: мост прастаіць яшчэ не адно дзесяцігоддзе”), процьма жалезабетонных труб, на-дзейна схаваных пад шляхамі. (Дарэчы, працаўнікі ДРБУ № 103 самі паспяхова займаліся вырабам кольцаў для труб прама на тэрыторыі, а таксама ўзводзілі дамы. Шчаслівымі навасёламі станавіліся работнікі арганізацыі.)
Тады яшчэ пра будоўлю дарог з цвёрдым пакрыццём гаварыць не даводзілася. Увядзенне ў 80-я гады бетонных дарог лічылася прарывам у тэхналогіі, і з’яўленне іх у цэнтральных сядзібах успрымалася як неверагодны падарунак. “Эстафету” цвёрдых дарог “падхапіла” асфальтаванне.
– Мы будавалі дарогі сумленна, – узгадвае Дзмітрый Іванавіч. – Рабілі насып да аднаго метра, акуратна раўнялі, трамбавалі. Кожныя тры гады праводзілі бягучы рамонт дарог, праз дзевяць – капітальны. З душою ставіліся да сваёй работы. Не верыцца нават, што 45 гадоў прысвяціў ДРБУ № 103…
За гэты час мой герой навучыўся літаральна ўсяму, мог замяніць любога работніка: рупіўся механікам, кладаўшчыком, кіраваў пад’ёмным кранам, аўтобусам, бульдозерам. Пры гэтым ён вельмі тактоўна і з павагай адносіўся да кожнага, з кім давялося працаваць побач. Нямала часу прарабіў з Рыгорам Ракам, Вольгай Балюк, Аляксеем Кірылюком, Мікалаем Панасюком, Аляксандрам Голяхам, – навучыліся разумець адзін аднаго без слоў. Сённяшні кіраўнік ДРБУ № 103 Яўген Хамюк таксама прайшоў “школу” Дзмітрыя Старыкевіча і адгукаецца пра свайго, можна сказаць, настаўніка з цеплынёй у голасе.
Дзмітрый Іванавіч, дарэчы, мае стос падзячных лістоў і грамат рознага ўзроўню. Ветэран працы ўзнагароджаны галіновым значком “Ганаровы дарожнік Беларусі” ІІ ступені Дэпартамента Белаўтадар.
Дзевяць гадоў ён займаў кіруючую пасаду. Мог бы і больш, ды сэрца папрасіла спакою. Складаная аперацыя прымусіла неўгамоннага, увіш-нага прараба крыху сцішыцца і нарэшце адчуць асалоду ад заслужанага адпачынку.
Дзмітрый Іванавіч ганарыцца, што побач з ім дванаццаць гадоў у арганізацыі рупілася яго жонка Таццяна Фёдараўна. Разам з ёю нарадзілі і выхавалі трое дзетак, радуюцца поспехам семярых унукаў (двое старэйшых – ужо студэнты ВНУ).
Бацькава прафесія мае годны працяг: сын Аляксандр вось ужо два дзясяткі гадоў працуе ў ДРБУ № 103 вадзіцелем. Мяняе аўто, аднак застаецца верным сваёй арганізацыі. Прыклад, годны пераймання.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%