Філіялу КУП “Брэстаблдарбуд” Жабінкаўскае ДРБУ № 103 – 60 год

 

Дарогі – гісторыі часцінка

Святлана КІСЛАЯ. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Не сакрэт, што праца дарожнікаў ва ўсіх навідавоку. Ад іх прафесіяналізму ў многім залежыць якасць жыцця жыхароў Жабінкаўшчыны, а таксама камфорт удзельнікаў дарожнага руху. Вось ужо на працягу 60 гадоў работнікі філіяла будуюць новыя дарогі, узводзяць масты, развіваюць і падтрымліваюць у рабочым стане дарожна-вулічную сетку. Дарогі, створаныя цяжкай працай пакаленняў, верна служаць людзям, з’яўляюцца адным з падмуркаў эканомікі краіны, часткай яе культуры і гісторыі.

– Наша арганізацыя пачала адлік свайго існавання ў 1957 годзе, – вяртае ў мінулае начальнік ДРБУ № 103 Яўген Хамюк. – У 60-я гады мінулага стагоддзя мела на балансе 239 кіламетраў дарог – прафіляваных, грунтавых, гравійных. І толькі 14 кіламетраў мелі палепшанае пакрыццё.
За сваё існаванне арганізацыя двойчы мяняла назву, а з 2001-га і дагэтуль – гэта філіял КУП “Брэстаблдарбуд”. Мяняліся шыльды, аднак задачы заставаліся ўсё тымі ж: будоўля, утрыманне, эксплуатацыя, капітальны рамонт дарог. Цяпер на рахунку ДРБУ № 103 322,2 кіламетры дарог і 104 кіламетры вясковых вуліц. Пра ўтрыманне іх у годным стане клапоціцца ўвесь калектыў, які налічвае, дарэчы, 67 чалавек.

Чым асаблівы год юбілейны?

Чым ён запомніўся, чым адметны? Яўген Віктаравіч не хавае задавальнення: эканамічныя паказчыкі радуюць. Так, сума падрадных работ, выкананых уласнымі сіламі за 11 месяцаў, склаў 1339,6 тысячы рублёў, вырасла рэнтабельнасць продажу і выручка ад рэалізацыі прадукцыі.
Сёлета ўдалося абнавіць машынна-трактарны парк: набылі бульдозер, касу-маніпулятар, прычэп для МАЗ, а многія жыхары Жабінкаўшчыны ўжо адчулі вынікі працы дарожнікаў. Так, у аграгарадку Ленінскі напярэдадні раённых “Дажынак” “апранулася” ў новенькі асфальт галоўная вуліца, былі зроблены зручныя аўтамабільныя стаянкі ля шматкватэрных дамоў. Паміж вёскамі Здзітава і Новыя Дворы з’явілася нарэшце веласіпедная дарожка, праводзіўся рамонт дарог на ўчастках Булькова – За-дзерць, Бусні – Ленінскі, Жабінка – Рачкі – Тэльмы і ў раёне вёскі Рагозна. Сёлета пачалі рамонт аўтобусных прыпынкаў. Цяпер 12 з іх маюць акультураны, сучасны выгляд. У наступным годзе яны, плануецца, стануць яшчэ больш прывабнымі, калі афарбуюцца ў вясёлыя, яркія колеры. У будучым годзе прадоўжыцца рамонт дарогі Вычулкі – Ямна. Дарэчы, у планах на 2018-ы – асфальтаванне адрэзка дарогі цукровы завод – вёска Рачкі, а таксама будаўніцтва пешаходнай дарожкі ўздоўж цукровага завода з вёскі Сцяброва.
Вясковыя вуліцы і дарожныя артэрыі паміж населенымі пунктамі пакрысе набываюць цвёрдае пакрыццё. Калі на пачатку існавання арганізацыі ў раёне было ўсяго 14 кіламетраў асфальтаваных і бетанаваных дарог, то зараз гэтая лічба дасягнула 161 кіламетра.
Пэўна, сярод зменаў года адыходзячага трэба назваць прыход новага кіраўніка – Яўгена Хамюка. Праўда, у ДРБУ № 103 ён працуе ўжо дзявяты год. Выпускніком Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Аўтамабільныя дарогі” прыйшоў у арганізацыю летам 2009 года. “Баявое хрышчэнне” атрымаў як дарожны рабочы. Затым стаў майстрам, начальнікам планава-вытворчага сектара, а ў жніўні бягучага года ўзначаліў калектыў. Карыстаецца павагай і аўтарытэтам падначаленых, умее выслухаць кожнага і прыняць правільнае рашэнне. Гэта якраз той выпадак, калі молада (Яўгену Віктаравічу 30 гадоў) – не значыць “зелена”.

Арганізацыя імі ганарыцца

Дзве трэці калектыву Жабінкаўскага ДРБУ № 103 – рупліўцы-дарожнікі: і ў сцюжу, і ў спёку, і ў дождж сочаць за станам дарожнага пакрыцця, каб пешаходы і аўтамабілісты без перашкод маглі дабрацца з пункта “А” ў пункт “Б”. Надзейных і працавітых у калектыве нямала. Напрыклад, звыш чвэрці стагоддзя шчыра рупяцца ў ДРБУ № 103 вадзіцель пагрузчыка Аляксандр Голях, вадзіцелі аўтамабіля Віктар Макасюк і Мікалай Залеўскі, токар Пётр Зінчук і механік Віктар Галавейка, інспектар па кадрах Людміла Смалюк, начальнік сектара механізацыі і энергетыкі Аляксей Грыцук.
За самаадданую і шчырую працу трактарыст Аляксандр Мельнічэнка і кладаўшчык Валянціна Грыцук узнагароджаны Ганаровымі граматамі Жабінкаўскага райвыканкама, а інспектар па кадрах Людміла Смалюк – раённага Савета дэпутатаў. Гэтая мілая і прывабная жанчына прыйшла сюды ў 1984 годзе паводле размеркавання. Ёсць у калектыве і свае працоўныя дынастыі: Максімукі, Старыкевічы, Канючкі. Побач рупяцца муж і жонка (Аляксей і Валянціна Грыцукі), бацька і дачка (Мікалай Залеўскі і Аляксандра Сідарчук), браты (Мікалай і Анатоль Рынчукі, Іван і Віктар Галавейкі).
Працаваць у дарожным рамонтна-будаўнічым упраўленні застаюцца толькі самыя адказныя, надзейныя, шчырыя. Рабіць справу абы-як тут проста не ўмеюць, дый дарога гультайства не даруе. Тым больш лёгкай працу ў гэтай арганізацыі не назавеш.

Цёплыя словы – дарожнікам

– 60 год для калектыву – гэта росквіт сіл і вопыту, – лічыць начальнік ДРБУ № 103 Яўген Хамюк. – Мне хочацца выказаць словы ўдзячнасці за плённую працу, адданасць прафесіі і дасягнутыя высокія вынікі ўсім, хто штодзённа ўносіць значны ўклад у развіццё дарожнай сеткі Жабінкаўшчыны і суседніх раёнаў. З глыбокай прызнанасцю і ўдзячнасцю ў сувязі з юбілеем таксама звяртаюся да ветэранаў, што заклалі годныя вытворчыя традыцыі філіяла і прысвяцілі лепшыя гады жыцця любімай прафесіі. Жадаю ўсім работнікам нашага дружнага калектыву моцнага здароўя, дабрабыту, пакарэння новых прафесійных вышыняў. Няхай не толькі святы, але й будні дораць святло і радасць, а ў наш адрас гучаць толькі ўдзячныя словы!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.