Неяк пачула на вуліцы размову двух хлапчукоў.
– Я ліст Дзеду Марозу напісаў. “Лега”-цягнік папрасіў. А ты?
– А я што, маленькі? Ніякага Дзеда Мароза не існуе, лухта гэта ўсё, казачкі дарослых! Гэта тама з мамай пад ёлкі падарункі кладуць! Не веру я ні ў якіх Дзядоў Марозаў!
– Вось таму ён да цябе і не прыходзіць. Ён дорыць падарункі толькі тым дзецям, хто ў яго верыць!
Сказаў – як адрэзаў. А я задумалася: а дзе тая адпраўная кропка, калі прападае вера ў Дзеда Мароза? Аднак на Новы год ніхто ад падарункаў не адмаўляецца – наадварот, усе чакаюць бою курантаў з нецярпеннем, багата накрываюць стол, упрыгожваюць ялінку, вокны ілюмінацыяй, вераць у цуд. Я паспрабавала даведацца ў жабінкаўцаў, які падарунак на Новы год ім больш запомніўся і чаму.
Валерый МЕХ:
– Найлепшы навагодні падарунак падарыла мне жонка Настасся ў 2010 годзе – амаль пад бой курантаў нарадзіла дачушку Кацярынку. Цяпер 31 снежня ў нашай сям’і – двайное свята – сустракаем Новы год і святкуем дзень нараджэння дачкі. Гарэза просіць падарункі: ролікі, веласіпед. А сёлета напісала ліст Дзеду Марозу з просьбай падарыць вялікую ляльку і торт. У яго малая пакуль верыць, бо ведае: адмовы не будзе.
Вольга СУПРУН:
– У мамы з татам нас двое – я і брат. Памятаю, у дзяцінстве кожны раз на Новы год да нас дадому прыходзіў Дзед Мароз са Снягуркай. Віншавалі нас, малых, давалі падарункі за вершык і песні. Брат “аддуваўся” ігрой на музычным інструменце. Мама кожны раз аднекуль даставала навагоднія касцюмы – Чырвонага Капялюшыка, Валадаркі ночы, Ялінкі – і фатаграфавала нас. Мы пісалі лісты Дзеду Марозу і абавязкова атрымлівалі тое, што хацелі. Дагэтуль памятаю вялізную ляльку з блакітнымі вачыма ў кароткай сукенцы – зайздрасць маіх сябровак. З нецярпеннем чакалі навагоднюю ноч як свята і спаўненне жаданняў. Гэтую традыцыю ад бацькоў перанялі ў нашу сям’ю. Толькі Дзед Мароз для маіх сыноў “пакідае” падарункі за дзвярамі. Хочацца, каб ён у апошні дзень года завітаў да нас з мехам, напоўненым шчасцем!
Аляксандра СІВУХІНА:
– Я помню тую ноч да дробязяў: мне тады гадоў 8-9 было, і ўсёй сям’ёй сустракалі Новы год. Пад бой курантаў нехта пагрукаў у дзверы. Мы з сястрой падхапіліся і бягом глядзець, хто там. Нікога! Затое на ганку – мех з падарункамі. Тата з мамай загадкава пасміхаліся. Атмасферу таямнічасці і веры ў казку той ночы захоўваю ў сэрцы дагэтуль. Цяпер у нас з мужам сваіх двое дзетак: чатырохгадовая Лера і трохгадовы Мішутка. Дачушка напісала ліст Дзеду Марозу, каб ёй падарыў ляльку Барбі, а браціку – музычную калонку.
Радуюся, што муж таксама стараецца падтрымліваць чарадзейства і ўсемагутнасць Дзеда Мароза. У мінулым годзе ён, напрыклад, паклікаў дзяцей у двор, сам знік за хлявом. Адтуль засвістаў феерверк і з’явіўся перапэцканы Дзед Мароз з падарункамі для мяне і дзяцей, які “прыляцеў на ракеце”. Малыя анямелі ад неспадзяванкі. Ніколі не думала, што мой муж такі рамантык. Цікава, што ён прыдумаў для нас сёлета?
Ангеліна ПАНАСІК:
– Калі я была маленькая, прасіла ў мамы браціка. Яна аднеквалася, казала мне, што брацік дорага каштуе. Тады я напісала ліст Дзеду Марозу з просьбай падарыць мне браціка. Мама пакпіла з мяне, аднак ліст з малюнкам забрала і паабяцала схадзіць на пошту, каб удакладніць адрас і адправіць маю просьбу. І што вы думаеце? Ліст дайшоў! Ужо ў наступным годзе маё патаемнае жаданне ажыццявілася: мама нарадзіла блакітнавокага бялёсага Еліазара – акурат такога, як я намалявала ў лісце. Ён ужо тупае ножкамі, спявае песні і малюе ў маіх сшытках. Я яго моцна-моцна люблю! Так што хочаце – верце, хочаце – не, а Дзед Мароз існуе і жаданні здзяйсняе!
Яначка ГАЦКЕВІЧ:
– Я вельмі люблю Новы год, бо Дзядуля Мароз прыносіць падарункі. Летась я напісала яму ліст і атрымала менавіта тую ляльку, якую хацела. А сёлета пад ялінку ён пакладзе касцюм Русалачкі – ён жа чараўнік, усё можа! І я таксама падрыхтавала падарункі: намалявала прыгожыя карціны для яго, Снягуркі і снегавічкоў, пакіну на падаконніку. Упэўнена, яны парадуюцца!
Мама казала, што сапраўдны Дзед Мароз жыве ў далёкім Усцюгу, а ягоны брат-блізнец – у Белавежскай пушчы. Тата паабяцаў звазіць мяне да яго ў госці.
Апытвала Святлана БЯЛЯК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%