Лингвист, пианистка и просто красавица

Лингвист, пианистка и просто красавица

Вікторыя Апекунова вучыцца ў 10 класе СШ №1 г.Жабінка. Наперадзе ў дзяўчыны яшчэ, бадай, самыя важныя і адказныя гады вучобы ў школе. Яна марыць стаць журналісткай. Але, каб здзейсніць мару, дабіцца поспехаў у жыцці і стаць шчаслівым чалавекам, ёй шмат яшчэ трэба зрабіць. Што і робіць дзяўчынка захоплена, з цікавасцю. Самыя любімыя прадметы ў Вікі — беларуская мова і літаратура, руская мова.
У мінулым навучальным годзе на абласной алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры яна атрымала дыплом трэцяй ступені. Сёлета, Вікторыя заняла ў вобласці 4-ае месца і атрымала дыплом ІІІ ступені. На вясновых канікулах будзе ўдзельнічаць у рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. Усе свае напрацоўкі дзяўчынка збірае ў адной папцы: аформіць вучнёўскае партфоліо ёй падказала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ніна Пятроўна Зінчук. На думку Ніны Пятроўны, Віка — здольная дзяўчына і руплівіца сур’ёзная, а сабраны цяпер матэрыял ёй спатрэбіцца ў далейшым жыцці.
Вучаніца цытуе П.Панчанку, Р.Раждзественскага, Я.Купалу, захоплена Алесем Разанавым, вастраслоўем А.Чэхава. Яна душа кампаніі, лідэр у інтэлектуальных спаборніцтвах. Літаратурны водгук на раённай алімпіядзе па беларускай мове ўразіў журы глыбінёй думкі і эмацыянальнасцю, атрымаў першае месца. Віка любіць завучваць выказванні вялікіх людзей, піша вершы, яе жыццёвае крэда — “Калі ўсе згублены ключы, калі ні шанцу, а нічога — усё ж ідзі, любі, крычы, і пасягай на перамогу” (А.Разанаў).
Цяпер у яе адказны і напружаны час, рыхтуецца да рэспубліканскай алімпіяды. Не прапускае ніводных заняткаў, якія праводзяць з абласной камандай выкладчыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.
“На мінулай рэспубліканскай алімпіядзе, — успамінае Вікторыя, — улічвалася не толькі тэматычнасць, але і артыстызм, дыкцыя, уменне валодаць аўдыторыяй. Сёлета на абласной алімпіядзе, я пісала водгук на верш Р.Барадуліна “Мая бацькаўшчына”. На вусным конкурсе (выказванне “Народныя святы беларусаў”) расказвала пра Купалле, Дзяды, Калядкі. А эпіграфам для задання ўзяла словы “Перш папрацуй, а тады і патанцуй”. Набрала вучаніца самыя высокія балы. Лёгкім для яе было заданне — выбраць прыказкі і прымаўкі беларусаў, якія яна вельмі добра ведае, бо брала ўдзел у конкурсе навукова-даследчых работ. Яе творчая праца называлася “З крыніц народных (прыказкі і прымаўкі)” і заняла трэцяе месца. “Работа з вучнямі, якія прагнуць набыць як мага больш ведаў, не дазваляе расслабляцца, — заўважае настаўніца Ніна Пятроўна. — Вікторыя Апекунова надзелена схільнасцямі і здольнасцямі да авалодвання лінгвістычнымі дысцыплінамі. Актыўна ўдзельнічае ў культурна-масавых мерапрыемствах, цікавіцца музыкай, выконвае класічныя творы на піяніна, захапляецца прыгодніцкай літаратурай і фантастыкай, любіць тэатр. 9 гадоў наведвала дзіцячы ансамбль “Каруначкі”, 5 гадоў — гурток выяўленчага мастацтва. Сёлета займаецца ў драматычным гуртку, лялечным гуртку,  “Гоман”, якія дзейнічаюць у цэнтры пазашкольнай работы. Яна і тут актыўна ўдзельнічае ў розных творчых конкурсах. Зараз з Галінай Іванаўнай Івановай рыхтуецца да адборачнага туру абласнога конкурсу лялечнікаў.
Вось ужо два гады як дзяўчына актыўная ўдзельніца інтэлектуальных гульняў “Несцерка”. Яе любімыя заняткі — майстраваць, маляваць, танцаваць, вышываць, плесці з бісеру дапамогуць годна адчуваць сябе ў самастойным жыцці.
“Віка, безумоўна, стане зорачкай, яркай-яркай такой, якой яна марыць стаць”, — заўважае класны кіраўнік 10 “Б” Аліна Антонаўна Барысюк. — “Вельмі акуратная і ўседлівая. А яшчэ яна дзіўны чалавек, адкрыты, светлы, добры. Побач з ёй і іншым дзяўчаткам у класе хочацца стаць лепшымі. Аднакласнікі яе проста абагаўляюць”. “Дзе трэба — я сур’ёзная, а вось з сяброўкамі — вясёлая, гарэзлівая, — заўважае Віка. — Я люблю канферанс’е на святах. У гэтым годзе гуляла снягурку на навагодніх ранішніках у сацыяльным прытулку пасёлка Ленінскі, нашай школе, на пошце, у пазаведамаснай ахове, захавала ў сабе дзіцячую любоў да казак, бо выхоўвалі мяне на іх, і гэтае імкненне да чароўнасці, чарадзеяў застанецца назаўсёды. Мне хочацца дапамагчы ўсім дзецям і дарослым быць шчаслівымі і навучыць іх верыць у цуды”.
А настаўнікі школы вераць у Віку, спадзяюцца на яе дастойнае выступленне яе на рэспубліканскай алімпіядзе, спадзяюцца, што дзяўчына будзе пазнаваць сваю краіну, яе гісторыю і культуру, каб потым адлюстроўваць у сваіх творчых працах.
Л.ПЕНДЗІКОЎСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 3%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top