Святлана КІСЛАЯ.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
У кагорце святочных мерапрыемстваў снежня адбылося святкаванне важнай даты – стогадовага юбілею органаў загса. З гэтай нагоды ў прыгожа прыбранай зале сабраліся людзі, якія афіцыйную працэдуру могуць і ўмеюць ператварыць у сапраўднае незабыўнае свята.
Сёння органы загса Жабінкаўшчыны – гэта раённы аддзел загса і 7 сельскіх выканаўчых камітэтаў, у якіх працуюць 20 супрацоўнікаў. Сумеснымі намаганнямі рупліўцаў гэтага невялікага калектыву рэалізуецца дзяржаўная палітыка ў сферы шлюбна-сямейнага заканадаўства.
Адкрыў святочную праграму старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. Ён цёпла, ад душы павіншаваў усіх супрацоўнікаў, якія рэгіструюць самыя важныя і шчымлівыя моманты жыцця жабінкаўцаў, замацоўваюць саюз двух любячых сэрцаў, юрыдычна завяраюць прыход у гэты свет кожнага новага чалавека. Дзмітрый Мікалаевіч падкрэсліў, што і сам дваццаць два гады таму прыйшоў у загс халастым, а выйшаў – сямейным чалавекам.
– Няма нічога важней для дзяржавы, чым моцная сям’я. Супрацоўнікі загса пішуць гісторыю кожнага чалавека, сям’і
і краіны ў цэлым. За кожным зробленым вашым запісам – нечы лёс. Вы, людзі вялікай душы, радуецеся нараджэнню новай сям’і, дзетак, унукаў, умееце суперажываць і знаходзіць патрэбныя словы падтрымкі тым, каго кранула бяда. Нізкі вам паклон і шчырае “дзякуй”!
Затым Дзмітрый Мікалаевіч узнагародзіў граматамі і падзячнымі лістамі Жабінкаўскага райвыканкама Людмілу Зарбаілаву, Ірыну Ефімовіч, Галіну Семянюк, Наталлю Шаўчук, Галіну Будзько, Ірыну Андрайчук. Цёплыя словы віншаванняў дапоўнілі гукі чароўнай музыкі: у руках Алены Аўсяец скрыпка гучала ўзнёсла і шчымліва.
Затым да мікрафона падышоў старшыня Жабінкаўскага райсавета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк.
– Прыміце шчырыя віншаванні з нагоды юбілею. Сваёй штодзённай працай вы мацуеце інстытут сям’і, дапамагаеце захоўваць сямейныя каштоўнасці, вырашаеце пытанні дэмаграфічнай сітуацыі развіцця раёна. Нізкі вам паклон за вашу працу, дабрыню, усмешку, з якой сустракаеце і праводзіце наведвальнікаў.
Ён таксама ўручыў граматы Савета дэпутатаў Надзеі Якімовіч і Любові Загорскай.
100 гадоў – важкая юбілейная дата. І кожны з узнагароджаных мог бы нямала расказаць пра сваю працу. Напрыклад, Людміла Зарбаілава на працягу 30 гадоў цёплымі словамі вітала стварэнне сем’яў не аднаго пакалення жабінкаўцаў, святочна рэгістравала нараджэнне многіх юных грамадзян, віншавала сотні юбіляраў з іх сямейнай урачыстасцю. Людміла Уладзіміраўна з радасцю падзялілася ўспамінамі. Яна з цеплынёй у голасе ўзгадала маладзенькіх дзяўчатак, якія прыходзілі ў аддзел, вучыліся весці кнігі актаў грамадзянскага стану, дапамагалі праводзіць рэгістрацыю шлюбу і самі неўзабаве выходзілі замуж і ішлі ў дэкрэтны адпачынак.
– У мой час слова “развод” гучала вельмі рэдка: дзяўчаты і хлопцы стараліся ствараць сем’і адзін раз і назаўсёды, – узгадвала Людміла Зарбаілава. – Таму мы стараліся, каб дзень вяселля маладым запомніўся на ўсё жыццё. Тады з’явілася традыцыя абменьвацца заручальнымі пярсцёнкамі (у гады дэфіцыту на іх набыццё выдаваліся талоны), музычнае суправаджэнне, гучалі шчырыя пажаданні. Прыемна было на душы, калі тыя, каго некалі распісвала, прыводзілі ў загс ужо сваіх дзяцей, што адшукалі ў жыцці сваю другую палавінку.
Шчымліва і цёпла гаварыла таксама начальнік аддзела загса Галіна Аксюцік:
– Загс – гэта асаблівая арганізацыя, тут выдаецца першы і апошні дакумент. Тут побач гора і радасць. За кожным запісам – чалавечае жыццё і лёс. Вельмі важна не проста правільна, поўна і дакладна здзейсніць запіс, але і кожны захаваць. Мы ў адказе не толькі перад сённяшнім днём, але і перад гісторыяй, бо выконваем функцыі архіўных устаноў.
Галіна Пятроўна ўзгадала этапы станаўлення загса. На тэрыторыі раёна гэтыя функцыі выконвалі 11 праваслаўных цэркваў. І трэба было не проста ўдасканаліць заканадаўства, але перш за ўсё ў няпростых палітычных, ідэалагічных і эканамічных умовах стварыць новыя грамадзянскія абрады і святы. Зараз маладыя людзі могуць прыгожа правесці абрад шлюбу, не баяцца пахрысціць дзіця.
Галіна Пятроўна падзякавала ўсім гасцям за іх няпростую, карпатлівую працу, прафесіяналізм, бясцэнны вопыт.
– Я вас памятаю, вы назаўсёды засталіся ў гісторыі, – падкрэсліла начальнік аддзела загса. – Мы кожны дзень карыстаемся тымі запісамі, якія вы пакінуілі ўручную. Мне нават не трэба глядзець на штампы – я вас усіх ведаю па почырку і ўзгадваю з павагай і цеплынёй.
Асаблівыя словы ўдзячнасці Галіна Пятроўна адрасавала Людміле Зарбаілавай, Ніне Крывецкай, Любові Капчук, якія пасля стварэння раёна ў 1966 годзе пачыналі працаваць у загсе. Шмат гадоў свайго жыцця прысвяцілі працы ў сельвыканкамах Надзея Якімовіч, Любоў Загорская, Валянціна Маісеенка, Галіна Будзько, Ніна Буян, Ірына Андрайчук, Галіна Семянюк.
Галіна Пятроўна пажадала, каб у нашай краіне нараджалася шмат дзетак – любімых і жаданых. Каб усе тыя штампы, якія ставяцца ў пашпарце, былі для людзей не простай фармальнасцю, а зарукай трываласці, стабільнасці і вялізнай адказнасці за тых, каго шчыра і па-сапраўднаму кахаем.
Дапоўнілі святочнае мерапрыемства музычныя падарункі ў выкананні вакалістаў ГДК Валерыя Няменьшага, Алесі Жукавай і Ліліі Дашкевіч, гітарысткі Кацярыны Татарынчык, а таксама цікавыя фотахронікі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%