Прафілактыка – дабрабыту зарука

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.
Да бяды – адзін крок. Каб яна не здарылася, яе трэба папярэдзіць. Як? У выконваючага абавязкі старшыні Жабінкаўскага сельвыканкама Алега Смаршчка сваё меркаванне на гэты конт: трэба часцей праводзіць прафілактычную работу з найбольш праблемнай катэгорыяй жабінкаўцаў. Падчас рэйдаў звяртаць увагу на няспраўнасць электраправодкі, ацяпляльных прыбораў, печаў, на дахі; аналізаваць узаемаадносіны паміж членамі сям’і і іншае. У склад чарговага рэйда на чале з Алегам Смаршчком увайшлі таксама інспектар па справах непаўнагадовых Жабінкаўскага РАУС Аляксандра Сівухіна, псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ганна Шэйда, інспектар аддзела грамадзянства, міграцыі Ігар Шпудзейка і карэспандэнт “Сельскай праўды”.

Накіроўваемся ў аграгарадок Якаўчыцы. Машына нарэшце спыняецца ля двухпавярховага дома. Двор, як і дом, падзелены на дзве сям’і. На адной палове, як кажуць, поўная ідылія: гаспадары стварылі казачных персанажаў з пластыкавых бутэлек, летам тэрыторыя патанае ў кветках. Чаго не скажаш пра суседскі двор паўз умоўную плот-мяжу – некалькі “пралётаў” яго папсавана-пабіта, некалькіх і ўвогуле даўно няма. Відаць, што была спроба прыбрацца, аднак ці цярпення гаспадарам не хапіла, ці часу, або жадання. Пры ўваходзе ў пад’езд пад навесам сіратліва са сцяны выглядае аголены провад – некалі тут вісела лямпачка, што асвятляла ўваход у прыцемках.
Паднімаемся ў кватэру. Гасцей з раёна сустракае русагаловая дзяўчынка. Яна “па сакрэту” гучна аб’яўляе, што ў яе ўжо ёсць сапраўдны брацік, і запрашае паглядзець на немаўля.
Аляксандра Сівухіна адзначыла, што ў пакоі, дзе знаходзіцца трохмесячны Руслан, даволі чыста; на трумо ляжаў цэлы стос дзіцячых вымытых рэчаў, і маленькі задаволена агукаў у калысцы пад мелодыю музычнай цацкі. У кватэры, дзе падрастаюць пяцёра дзяцей, на гэты раз было больш-менш прыбрана. Псавала карціну агульнага парадку толькі гара бруднага посуду на кухні. Алег Анатольевіч звярнуў увагу гаспадароў на поўны падпечак попелу: “Цяжка вычысціць? У вас жа дзеці ў кватэры, вы ж хоць пра іх падумайце!” Ён таксама занепакоіўся станам электраправодкі – яна даўно патрабуе замены. Улічваючы, што кватэра абаграваецца дзвюма печкамі, ды яшчэ і падрастаюць цікаўныя малышы, Алег Смаршчок запытаўся пра пажарныя апавяшчальнікі. Гаспадары запэўнілі, што ўсё ў парадку: літаральна на днях прыязджалі пажарныя, правяралі – усё дзейнічае. Гэтая сям’я (а дакладней, пад адным дахам жывуць ужо дзве сям’і) заўжды была пад пільным наглядам дзяржорганаў, бо неаднойчы дзеці траплялі ў сацыяльна небяспечнае становішча. Зараз псіхолага Ганну Шэйда цікавіць адзін з сыноў гаспадыні. Ён вучыцца ў Бярозе на будаўніка. Нядаўна падлетак паквапіўся на гарэлку ў чужой хаце. За крадзеж яго па галоўцы не пагладзяць – наперадзе чакае судовы прыгавор. Каб хлопец больш цікавіўся вучобай і дапамагаў бацькам, не давялося б вывучаць артыкулы Крымінальнага кодэкса… Пакуль суд ды справа, з юнаком неабходна ў чарговы раз правесці прафілактычную работу. Бацькам жа яшчэ раз нагадаць пра іх прамыя абавязкі па выхаванні дзяцей.
Накіроўваемся ў суседнюю вёску. Наступны аб’ект – двухпавярховы дом – стаіць прама ў полі. Ён акружаны з усіх бакоў хлявамі і незразумелымі драўлянымі пабудовамі. Двор даўно сумуе па моцных гаспадарлівых руках.
А вось і ён сам – худы, змарнелы, яўна “пасля ўчарашняга”. Няпрошаным гасцям, бачна, не рады: “Што, зноў вам цешча песеньку наспявала, што жонку пабіў? Хлусня ўсё! Каб яна не лезла, то ўсё было б добра!” Ды, відаць, не ўсё ў сям’і добра, бо толькі з пачатку года ажно 8 разоў супрацоўнікі міліцыі ездзілі па гэтым адрасе супакойваць гаспадара, які займаўся “выхаваннем” жонкі кулакамі. А колькі яна моўчкі цярпела і нікому не скардзілася?.. У двухпавярховым доме яўна быў намёк на будаўніцтва трывалага сямейнага гняздзечка: месцамі на столі і падлозе – прыгожая плітка, лінолеум, з густам падабраныя шпалеры гарманіруюць са шторамі на вокнах. Гаспадар вырашыў заняцца на Жабінкаўшчыне фермерствам – набыў кароў, каня, процьму свіней. З раніцы да апоўначы ўвіхаўся па гаспадарцы. Тлумачыць, што калі выйшаў на працу і гаспадарку даверыў работнікам, скаціна пачала дохнуць з-за кепскага догляду. З расстройства кінуў работу і часцей стаў зазіраць у шклянку, чым у хлеў. Стаў працякаць дах у хаце, сапсаваліся дзверы, на кухні разгульваюць куры і сабака, паўсюль бруд – а гаспадару і гора мала. А пра тое, што ў яго, жыхара Украіны, праблемы з дакументамі, пашпарт даўно патрабуе замены – нагадалі ўдзельнікі рэйда. Гаспадар паабяцаў выправіцца і не мець сутычак з законам.
Затым мы накіраваліся ў Якаўчыцкую сярэднюю школу. Інфармацыйныя стэнды, размешчаныя ў калідоры, адпавядалі ўсім патрабаванням. Алег Анатольевіч разам з Аляксандрай Іванаўнай правялі растлумачальную гутарку са школьнікамі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.