Да 95-годдзя “Беларусбанка”

Да 95-годдзя “Беларусбанка”

 ЛЮДСКІ ДАВЕР – НАЙЛЕПШЫ КАПІТАЛ

Нездарма дэвіз “Беларусбанка”: “Заўсёды побач!”. Акцыянерны ашчадны банк, які гэтымі днямі адзначае свае 95-я ўгодкі, – бясспрэчны лідар на дзяржаўным фінансавым рынку. Сёння “Беларусбанк” уяўляе сабою разгалінаваную сетку, якая ахоплівае ўсю краіну. Не існуе рэгіёна без яго прадстаўніцтва. На Жабінкаўшчыне – гэта Цэнтр банкаўскіх паслуг № 109. У рэчышчы эканамічнай стратэгіі развіцця незалежнай Беларусі ягоны калектыў з году ў год працуе надзвычай зладжана і прыбыткова. Надзейны складнік поспеху – давер людзей, які прадстаўнікі банка лічаць найвялікшым капіталам.

Крыху – пра вытокі

ПАЧАТКІ БАНКАЎСКАЙ СПРАВЫ на Жабінкаўшчыне сягаюць яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы. Восенню 1907-га ў мястэчку ўзнікла першае ашчадна-пазыковае таварыства. Напрыканцы 1922 года ў Беларускай ССР усталявалася савецкая банкаўская сістэма, якая распаўсюдзілася на нашы землі толькі восенню трыццаць дзявятага, пасля ўз’яднання усходняй і заходняй частак Беларусі ў адзінай краіне.
З усталяваннем Савецкай улады і ўзнікненнем Жабінкаўскага раёна фінансавыя аперацыі праводзіла ашчадная каса, размешчаная паблізу сучаснай падатковай інспекцыі. Вялікае значэнне ў адраджэнні краю, разбуранага ў часы фашысцкай акупацыі, мела дзейнасць ашчаднай касы № 6445, адкрытай 20 кастрычніка 1944 года ў Жабінцы. Праз тры дзясяткі гадоў у раёне дзейнічалі ўжо 15 ашчадных кас. Хоць штат цэнтральнай складаўся ўсяго з дзевяці спецыялістаў, ім даводзілася выконваць надзвычай адказныя задачы. Пасля пераўтварэння ў 1987 годзе ашчадных кас у Ашчадны банк СССР у Жабінцы ўзнікла аддзяленне № 6445.
Нарэшце, у 1995-м ва ўмовах зліцця Дзяржаўнага ашчаднага банка з Беларусбанкам у нашым горадзе адкрыўся ягоны філіял № 109 – сённяшні Цэнтр банкаўскіх паслуг № 109 ААБ “Беларусбанк”, узначалены Валянцінам Кушнярэвічам.

“Зарапад” узнагарод

АСАБІСТА ДЛЯ Валянціна Міхайлавіча сёння двайны юбілей: агульны – 95-годдзе ААТ “ААБ Беларусбанк” і ўласны – мінула дзесяць гадоў, як ён узняўся на капітанскі мосцік банкаўскага карабля, што завецца ЦБП № 109 у Жабінцы. Параўнанне з караблём – невыпадковае: ранейшая біяграфія дырэктара шчыльна звязана з морам і ваенным флотам. І зараз яго вызначае ўменне дасканала фармуляваць задачы і дабівацца ад падначаленых іх безумоўнага выканання. За гэты час шэсць разоў праца самога кіраўніка адзначалася Ганаровымі граматамі за ўзорнае выкананне сваіх службовых абавязкаў, прафесіяналізм, высокі ўзровень арганізацыі дзейнасці кожнага з банкаўскіх аддзяленняў. Так, мэтанакіраванасць дырэктара спрыяе поспеху ўсёй установы.
Агульныя ўзнагароды калектыву ўражваюць. Толькі з пачатку стагоддзя Цэнтр банкаўскіх паслуг
№ 109 дзевяць разоў займаў прызавыя месцы на рэспубліканскім узроўні. Тройчы – па выніках 2009, 2010 і 2012 гадоў – жабінкаўцы мелі пераходны кубак, якім уганароўваюцца найлепшыя калектывы, што ўваходзяць у сістэму “Беларусбанка”. У 2013, 2015 і 2016 гадах супрацоўнікі ЦБП № 109 прызнаваліся пераможцамі ў абласных спаборніцтвах. Яшчэ тры разы займалі першае месца ў аглядзе-конкурсе “Лепшы па прафесіі”, які штогод ладзіць Беларуская федэрацыя прафсаюзаў банкаўскіх і фінансавых работнікаў. Гэтыя высокія ацэнкі – за годную працу, надзейнасць і выдатныя прафесійныя паказчыкі.

Калектыў аднадумцаў

ПАДПАРАДКАВАНЫЯ АГУЛЬНЫМ МЭТАМ, банкаўскія работнікі робяць усё неабходнае, каб пашыраць свае паслугі для жыхароў раёна. Калектыў аднадумцаў складаецца з 55 чалавек. Зараз сетка Цэнтра банкаўскіх паслуг аб’ядноўвае аперацыйную службу і дзевяць аддзяленняў для абслугоўвання гараджан ды вяскоўцаў – як фізічных, так і юрыдычных асоб. Што важна, узаемаадносіны банка з кліентамі цалкам адпавядаюць дэвізу “Заўсёды побач!” і грунтуюцца на прынцыпе: пры любых абставінах заставацца надзейным партнёрам.
Час бліжэй пазнаёміцца з тымі, хто штодня забяспечвае выкананне гэтага каштоўнага правіла.
Сапраўдная правая рука дырэктара – яго намеснік Наталля Букланава. Яна накіроўвае дзейнасць аддзела рознічнага бізнесу, сочыць за арганізацыяй касавай дзейнасці, гаспадарчага абслугоўвання, ажыццяўляе нагляд за матэрыяльна-тэхнічным і транспартным забеспячэннем. Наталля Мікалаеўна – прызнаны прафесіянал сваёй справы, неаднаразова ўзнагароджвалася за працу на рэспубліканскім і абласным узроўнях. Гэты год для Наталлі Букланавай таксама знакавы: 21 снежня спаўняецца чвэрць веку яе банкаўскай дзейнасці.
Арганізацыя прававой работы, абарона законных інтарэсаў банка, у тым ліку ў судовых, праваахоўных органах ды іншых арганізацыях – сфера абавязкаў юрыдычнай службы, прадстаўленай галоўным юрысконсультам Андрэем Пархоменкам.
Бадай, найбольш часта ў жыццёвых сітуацыях жыхарам Жабінкаўшчыны даводзіцца сутыкацца з дзейнасцю сектара продажаў рознічных банкаўскіх прадуктаў і паслуг. На чале яго знаходзіцца Сяргей Платонаў, які нядаўна адзначыў 20-годдзе працы ў “Беларусбанку”. Хоць кіраўнік мужчына, усё ж у сектара сапраўдны жаночы твар. Гэтыя прыгожыя, разумныя, заўсёды апранутыя ў форму з лагатыпам роднага банка супрацоўніцы ўмела займаюцца абслугоўваннем нас з вамі, шаноўныя жабінкаўцы. А значыцца, працуюць на адным з найбольш складаных і адказных участкаў, які вымагае кваліфікаваных ведаў і ўменняў не толькі ў банкаўскай справе, але й у псіхалогіі чалавечых адносін. Асаблівай удзячнасці заслугоўваюць кіраўнік аперацыйнай службы Людміла Ларчык, спецыялісты сектара, чые прозвішчы занесены на Дошку гонару: Любоў Дзем’янюк, Святлана Федзюковіч, Валянціна Раманюк, Святлана Літвінец, а таксама тыя, хто абслугоў-вае вяскоўцаў: Таццяна Парасевіч, Святлана Оліна, Таццяна Кавелька ды іншыя.
Вам неабходна падрабязней даведацца пра развіццё рознічнага бізнесу? Вас зацікавіла, як набыць крэдыт на спажывецкія патрэбы, на будаўніцтва ці пакупку жылля? Тады вас чакаюць у службе суправаджэння рознічнага бізнесу, дзе звароты грамадзян і юрыдычных асоб будуць уважліва разгледжаны Аленай Янчук, Інай Дрыч, Наталляй Кір’янавай, Інай Дубінай, Валянцінай Шылянковай.
Аддзел карпаратыўнага бізнесу (начальнік Сяргей Саковіч), у сваю чаргу, займаецца абслугоўваннем кліентаў – юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (у тым ліку карпаратыўнага кліента першага класа ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”). Гэтая надзвычай адказная справа па сілах менеджару аддзела Святлане Новік, галоўным спецыялістам Іне Кульгаўчук і Таццяне Пархоменка, Таццяне Сварцэвіч і Наталлі Лабадзінскай. (Дарэчы, сёлета праца Наталлі Мікалаеўны адзначана высокай узнагародай – Ганаровай граматай ААТ “ААБ Беларусбанк”).
Кантроль за тым, як у падраздзяленнях банка ажыццяўляецца абарот наяўных беларускіх рублёў, замежнай валюты, іншых каштоўнасцяў, – паўсядзённы клопат вядучага спецыяліста службы касавай работы Ганны Саковіч.
Акрамя таго, унутраную бяспеку забяспечвае адпаведная банкаўская служба, прадстаўленая галоўнымі спецыялістамі Аляксандрам Грыцуком і Сяргеем Карпуком. У кола іх абавязкаў уваходзіць тэхнічная абарона абсталявання і ўзаемадзеянне з праваахоўнікамі, судовымі, дзяржаўнымі органамі, калі патрабуецца спагнаць праблемную запазычанасць або прыцягнуць да адказнасці асобу, што воляй-няволяй прынесла шкоду інтарэсам банка, яго дзелавой рэпутацыі.
Сённяшняе жыццё нават на хвіліну цяжка ўявіць без “разумных машын”. Дзеля таго, каб без збояў працавалі камп’ютары ды розная аргтэхніка, каб заўсёды былі наладжаны сродкі электрасувязі ды банкаўскае абсталяванне, дзейнічае сектар аўтаматызацыі. Тут ужо бясспрэчна “мужчынская тэрыторыя”. Загадчык – Сяргей Лявонцьевіч Карпук, пад яго началам – яшчэ два Сяргеі – Літвінец і Кавальчук. Яны праводзяць суправаджэнне і адміністрыраванне праграмнага забеспячэння Цэнтра банкаўскіх паслуг і падначаленых падраздзяленняў.
Нарэшце, нармальнае функцыянаванне ЦБП № 109 немагчыма без адміністрацыйна-гаспадарчай службы, якая займаецца не толькі наглядам за станам будынкаў і памяшканняў, рамонтнымі работамі і перавозкамі, але й вядзеннем справаводства. Таму ў складзе гэтай службы галоўны спецыяліст Мікалай Самалюк, сакратар Кацярына Пянко, вадзіцель Георгій Піпко, прыбіральшчыцы Алена Кісель, Ганна Дзенісюк і рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў Аляксандр Сідзюк.

Пашана за адданую працу

ПАЧЭСНАЕ МЕСЦА ў Цэнтры банкаўскіх паслуг займае гожы стэнд з партрэтамі тых, чыя шматгадовая праца, багаты жыццёвы і прафесійны вопыт дасюль выклікаюць павагу ў сённяшніх працаўнікоў – прадаўжальнікаў традыцый, закла-дзеных былымі супрацоўнікамі банка.
Стала добрай традыцыяй віншаваць іх з нагоды значных дат і святочных дзён. Вядома ж, 95-годдзе роднага адкрытага акцыянернага таварыства не стане выключэннем.
Напярэдадні юбілею, пад зоркай якога завяршаецца год, з асаблівай павагай прамаўляюцца імёны 26 ветэранаў банкаўскай сферы, найперш былога дырэктара Яўгена Пятровіча Парасевіча ды тых, хто прысвяціў “Беларусбанку” 30 і болей гадоў. Шмат часу ветэранскую ячэйку ЦБП узначальвала Антаніна Антонаўна Парасевіч. Сёлета ёй на змену прыйшла Галіна Мікалаеўна Нор, якая рупіцца, каб не слабелі повязі пакаленняў.
Заслужаную пашану выклікаюць таксама Алена Іванаўна Кірылюк і Валянціна Рыгораўна Літвінюк, Вера Аляксандраўна Аксюцік, Тамара Аляксееўна Адзінец і Валянціна Уладзіміраўна Ярац. Самы вялікі працоўны стаж маюць Антон Антонавіч Жыгман, Раіса Іосіфаўна Валасюк, Галіна Іванаўна Адзінец, Людміла Васільеўна Дараневіч.
Для тых, хто быў раней у страі і выхаваў сабе годную змену, і для кожнага, хто сёння прысвячае сваю дзейнасць банкаўскай сферы, гэтымі днямі надыходзіць адметнае свята. Са свайго боку, далучаемся да шматлікіх віншаванняў у адрас працаўнікоў і ветэранаў “Беларусбанка”, што гучаць з нагоды выдатнага і важкага юбілею!
Старонку падрыхтавалі Анатоль БЕНЗЯРУК і Крысціна СЕМЯНЮК (фота).

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*