Интервью с генеральным директором ОАО «Жабинковский сахарный завод» Виктором Григорьевичем Мироновым

Интервью с генеральным директором ОАО «Жабинковский сахарный завод» Виктором Григорьевичем Мироновым

Продукция Жабинковского сахарного завода готовится выйти на европейский рынок

Напрыканцы мінулага года пакупнікі звярнулі ўвагу на новую сінюю ўпакоўку кілаграмовых пакетаў з жабінкаўскім цукрам. У такім жа колеры “вытрымана” яна іншага асартыменту прадукцыі мясцовых цукравараў — буйнакрышталічны і ўзбагачаны мікраэлементамі цукар. Не памянялася пакуль упакоўка з жэліруючым, але і яна хутка будзе ў тым жа варыянце. Такім чынам, жабінкаўскі цукар будзе прадстаўлены на харчовым рынку пад брэндам “SWEET LINE” (“Салодкая лінія”).

Вытворцы, запатэнтоўваючы прадукцыю пад такім знакам, перш-наперш бачаць у ім сінонім якасці і інавацый, чакаюць пашырэння экспарту і новых партнёраў. Пра гэта і не толькі размова з генеральным дырэктарам ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Віктарам Рыгоравічам Міронавым.

— Сапраўды, цяпер на пакеце з цукрам ёсць уся інфармацыя аб асартыменце нашай прадукцыі. Сярод новых відаў — буйнакрышталічны цукар, а таксама ўзбагачаны селенам, ёдам, вітамінам Е і фоліевай кіслатой. Маркетынгавая служба пастаянна выяўляе, які найбольш запатрабаваны ў спажыўца, будзем думаць як і надалей разнастайваць асартымент.

Для чаго патрэбен узбагачаны цукар?

Збалансаванае харчаванне павінна забяспечваць чалавека бялком, тлушчам, вугляводамі, вітамінамі, мікраэлементамі і іншымі кампанентамі ў неабходным аб’ёме для нармальнага функцыянавання арганізму. Тэрыторыя Беларусі — асяроддзе з недастатковым утрыманнем ёду і селену.
Ёдадэфіцыт вядзе да змяненняў функцыі шчытападобнай залозы, што выклікае негатыўны ўплыў на ўсе ўнутраныя органы чалавека, зніжае яго агульны імунітэт.
Вітамін Е неабходны для нармальнага засваення тлушчаў у стрававальным тракце. Фоліевая кіслата адносіцца да групы вітаміна В, стымулюе кроваўтварэнне, папярэджвае развіццё атэрасклярозу, садзейнічае нармальнаму росту валасоў і здароваму стану скуры.
Цукар, узбагачаны мікраэлементамі, не змяняе свой колер, пах, смакавыя якасці, не мае супрацьпаказанняў да прымянення. Акрамя таго, мікраэлементы ўстойлівыя да тэмпературнай апрацоўкі і доўгіх тэрмінаў захоўвання.

— Віктар Рыгоравіч, як я разумею, Жабінкаўскі цукровы завод пачынае адыходзіць ад рэалізацыі прадукцыі ў гандлёвую сетку ў мяшках і будзе прапаноўваць нам цукар, упакаваны ў кілаграмовыя пакеты…

— Мяркую, што з цягам часу мяшкі па 50 кілаграмаў у магазінах наогул будуць адсутнічаць. У такой тары цукар хутчэй за ўсё станем адпраўляць на экспарт ці для партнёраў-перапрацоўшчыкаў. Альбо выкарыстаем для гэтых мэтаў цукравозы. У нас ёсць магчымасць весці адгрузку ў спецыяльных машынах. Гэта прадугледжана пры будаўніцтве вежаў-сіласаў. Але пакуль няма побач буйных спажыўцоў, якія маглі б браць цукар такімі партыямі.
А што датычыцца нас з вамі, як пакупнікоў, дык, згадзіцеся, прыемней зайсці ў магазін і ўзяць пакет з цукрам, калі патрэбна тры ці пяць кілаграмаў, а такія мы таксама будзем фасаваць. Эстэтычна, практычна, нарэшце, цывілізавана. Заўважу, што на Захадзе 50-кілаграмовы мяшок ніхто не купляе. Такой тары наогул няма ў магазіне.
Да таго ж пры наведванні мінулай восенню нашага прадпрыемства прэм’ер-міністрам краіны, была пастаўлена задача перад усімі беларускімі цукраварамі — павялічыць аб’ёмы фасаванай прадукцыі. Ёсць адпаведнае даручэнне Савета Міністраў. Дарэчы, мы самі лічым, што так павінна быць.

— Таму і распачалі будаўніцтва ўчастка фасоўкі цукру?..

— Гэта будзе фабрыка фасоўкі. Назва такая пайшла з лёгкай рукі гарадзейскіх калегаў. Яны ўжо зрабілі ў сябе на камбінаце падобны цэх і назвалі фабрыкай фасоўкі. Мне падабаецца.
У існуючым цяпер цэху стала цесна, нельга ўстанавіць ніводнай лініі. Словам, на ранейшых плошчах, як кажуць, няма дзе развярнуцца. На новым аб’екце будуць і складскія памяшканні. Побач — чыгуначныя пуці, адразу можна адгружаць цукар у вагоны. Запланавана будаўніцтва пляцоўкі для загрузкі аўтамабільнага транспарту.
ПМК-10 сёлета прыступіла да работ, мантажныя — будуць выконваць спецыялісты адной з мінскіх фірмаў. Але з-за адсутнасці металаканструкцый узвядзенне затрымліваецца. Гэта можа стаць прычынай, што ў 2011-ым увесці ў строй фабрыку не паспеем, хоць не будзем губляць надзеі.

— І якую фасоўку ўбачым мы тады?

— Існуючую 1 кг і 5-грамовую, а таксама 3 і 5-кілаграмовую. Закупляем лінію фасоўкі ў бікбэгі для спажыўцоў прамысловай перапрацоўкі. Гэта тара вагой у адну тону. Былі заяўкі і з-за мяжы на пастаўку цукру ў такіх аб’ёмных мяшках. Важна, што вырабляюць іх у Беларусі і тару гэтую можна некалькі разоў выкарыстоўваць.
Намецілі перад пачаткам сёлетняга сезона перапрацоўкі цукровых буракоў устанавіць машыны-аўтаматы бельгійскай вытворчасці для ўпакоўкі цукру ў мяхі. Засталося зрабіць апошні плацёж. Задзейнічаем пакуль толькі адну, другую пакінем у рэзерве на выпадак якіх-небудзь непаладак ці вялікіх аб’ёмаў фасоўкі. На гэтай аперацыі ручную працу звядзем да мінімуму. Калі сёння ў кожнай змене тут занята 8 чалавек, дык плануецца, што справіцца павінны 2-3 работнікі.

— Усе гэтыя захады развіцця прадпрыемства звязаныя з далейшым нарошчваннем магутнасцяў?

— Безумоўна. Рэканструкцыя, што праводзілася на заводзе, прадугледжвала перапрацоўку сямі тысяч тон буракоў у суткі. Гэты праект мы паспяхова выканалі. Фактычна выходзілі на 7,6 тыс. Да 2015 года ставіцца задача перапрацоўваць у суткі 10 тыс.тон караняплодаў.
А на перспектыву самую блізкую — галоўная мэта атрымаць сертыфікат якасці НАССР.
З 1 студзеня 2012 года на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь уводзіцца ў дзейнасць Тэхнічны Рэгламент Мытнага Саюза “Аб бяспецы харчовых прадуктаў”, які прадугледжвае абавязковае ўкараненне і сертыфікацыю на прадпрыемствах харчовай прамысловасці сістэм менеджменту бяспекі прадуктаў на аснове аналізу рызык  крытычных кантрольных кропак (сістэм НАССР). У сувязі з гэтым экспарт харчовай прадукцыі будзе магчымы толькі пры наяўнасці сертыфікату сістэмы менеджменту бяспекі. У сувязі з тым, што ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” з’яўляецца экспартаарыентаваным харчовым прадпрыемствам, узнікла неабходнасць атрымання сертыфікату на сістэму НАССР.
На прадпрыемстве вядзецца распрацоўка, укараненне і падрыхтоўка да сертыфікацыі сістэмы менеджменту бяспекі вытворчасці, захоўвання, транспарціроўкі і аптовага продажу цукру-пяску, цукру-буйнакрышталічнага, жэліруючага і ўзбагачанага.
Гэтая сістэма дазволіць выявіць усе патэнцыяльна небяспечныя фактары біялагічнай, хімічнай і фізічнай прыроды, якія могуць прысутнічаць у сыравіне, дапаможных матэрыялах, гатовай прадукцыі, на ўсіх стадыях тэхналагічнага працэсу, паходзіць з навакольнага асяроддзя і персаналу; ацаніць рызыкі, вызначыць крытычныя кантрольныя кропкі на ўсіх стадыях “жыццёвага цыклу” прадукцыі, пачынаючы з атрымання сыравіны да канчатковага спажывання, у тым ліку этапы перапрацоўкі, захоўвання, рэалізацыі, а таксама аператыўна і своечасова імі кіраваць з мэтай атрымання гарантый вырабленай бяспечнай прадукцыі, павышэння яе канкурэнтаздольнасці і экспартных магчымасцяў.
Нашы калегі з Гарадзеі, Слуцка і Скідзеля таксама актыўна працуюць, каб сёлета атрымаць такі сертыфікат.  Плануем, што ён дапаможа выйсці на еўрапейскі рынак. Невялікі вопыт у нас ёсць. Пастаўлялі цукар у Польшчу і Латвію. Але гэта былі нязначныя аб’ёмы. Словам, спадзяемся расшырыць геаграфію продажу. Цэны на еўрапейскім рынку вышэйшыя, аднак і да якасці патрабаванні большыя. Хоць сёння не робім розніцы, у якую краіну будзем пастаўляць прадукцыю. У нас аднолькавыя якасныя параметры як для знешняга рынку, так і для ўнутранага. Тым болей, што пабудаваны склады бястарнага захоўвання ёмістасцю 50 тыс. тон цукру, а ў такім разе дзяліць яго партыямі немагчыма.

— Віктар Рыгоравіч, некалікі слоў скажыце пра вежы-сіласы, яны ж экспуатаваліся першы сезон, як зарэкамендавалі сябе?

— Нармальна. Адну вежу ўжо зачысцілі, дзе захоўваўся сырцовы цукар. Другая запоўнена. Сёння мы не арэндуем больш складскія памяшканні, а гэта — эканомія матэрыяльных затрат. Яшчэ адзін плюс — значна павысілася якасць захоўваемага цукру.

— І ўсё ж давайце вернемся да выпуску прадукцыі. Ці даводзілася жабінкаўскім цукраварам выконваць асобныя заказы, дзе патрабавалася супер-якасць?

— Бадай, самыя жорсткія ўмовы для паставак цукру ў прадпрыемства “Кока-Кола”. Гарадзейскі і Слуцкі камбінаты невялікія партыі рабілі для іх. Мы таксама планамерна ідзем да гэтага…

— Цукар — такі прадукт, які патрэбен нам пастаянна. Ці вартыя намаганні, каб выходзіць на “Кока-Колу”? Гэта імідж ці прыбытак для завода?

— І тое, і другое. Наогул сёння словы “беларускі цукар” звязваюць з якаснай прадукцыяй. І мы, вытворцы, імкнемся трымаць марку, выходзіць на еўрапейскі ўзровень. Дапаможа, як я ўжо гаварыў вышэй, сістэма НАССР.

— А калектыў гатовы да гэтага?

— Зразумела. Ёсць у работнікаў разуменне таго, што патрабаванні да якасці павінны быць самымі высокімі. Прадстаўнікі адміністрацыі завода, прафкама сустракаюцца з калектывамі цэхаў, участкаў. Расказваем пра планы, з якой мэтай укараняем тую ці іншую задумку, што ад гэтага мяркуем атрымаць. Нярэдка ў ходзе такіх гутарак паступаюць і слушныя прапановы, заўвагі. Словам, знаходзім узаемаразуменне. Упэўнены, кожны, ад кіраўніка да спецыяліста і рабочага, павінен працаваць на імідж свайго прадпрыемства, ад гэтага залежаць і іх асабістыя даброты.

С.ВІШНЕЎСКАЯ.
На здымках: укладчыкі-упакоўшчыкі лініі фасоўкі цукру Вера Чаргінец і Васіль Бычак за работай; прадукцыя ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 3%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top