Прывітанне з Папуа – Новай Гвінеі

Прывітанне з Папуа – Новай Гвінеі

Крысціна СЕМЯНЮК.
Фота аўтара.
Незвычайнае пісьмо прыйшло на адрас Жабінкаўскага райвыканкама. А дакладней, некалькі аркушаў, змацаваных разам, нават без канверта. З адраса адпраўніка даведваемся, што пасланне ў Жабінку прыбыло з далёкай цёплай краіны Папуа–Новая Гвінея.
На адным з аркушаў – пісьмо, напісанае ад рукі. Аказваецца, да жабінкаўцаў звяртаецца 55-гадовы каталіцкі святар Яраслаў Вішнеўскі, які нарадзіўся, вырас і атрымаў сан у Польшчы. Усё жыццё ён падарожнічаў па свеце, а чатыры гады таму пасяліўся ў Папуа–Новай Гвінеі і заняўся місіянерскай дзейнасцю.
Дарэчы, такія пасланні атрымалі адміністрацыі і СМІ многіх гарадоў Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і іншых краін. Кожнае пісьмо ўнікальнае, і ўпрыгожана вясёлымі аўтарскімі малюнкамі. “Чацвёрты год я ў Папуа па жаданні. Тут “ні святла, ні інтэрнэту”. У гэтых месцах такая карціна па ўсёй краіне. Голаду няма. У сельскай мясцовасці лес корміць. А вось навіны трапляюць да нас са спазненнем”, – піша Яраслаў Вішнеўскі.
У сваім пісьме святар просіць усіх, хто можа, прыслаць цацкі на Каляды для дзяцей з Bishop Epalle Catholic School. Гэта школа, якая знаходзіцца ў Ханіяры – сталіцы і галоўным порце Саламонавых Астравоў. Там мясцовых дзяцей вучаць не толькі грамаце, але і жыццю ў цывілізаваным свеце. Зараз у школе тысяча вучняў рознага ўзросту.
На суд СМІ і мясцовых жыхароў Яраслаў Вішнеўскі даслаў некалькі сваіх вершаў. Прытым, што цікава, на беларускай мове, хоць і з памылкамі. Жыхарам нашай краіны ён прысвяціў такія радкі:
Сябры мае – усе беларусы.
Казкі мае вам пасылаю.
Сяджу паміж папуасаў,
Гродна і Мінск не забываю.
Прыемна ў век інтэрнэту атрымліваць лісты, напісаныя ад рукі. І асабліва такія незвычайныя, душэўныя, з далёкіх цёплых краін.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*